ЖЫХАР ВЁСКІ ВІРКАЎ ПЕРАДАЎ У ЦЭНТРАЛЬНУЮ БІБЛІЯТЭКУ ГАЗЕТЫ І ЛІСТОЎКІ ВАЕННЫХ ЧАСОЎ
Мы ўсе добра ведаем, які ўклад унёс беларускі народ у Вялікую Перамогу над фашызмам. Кожны пераможны крок над ворагам мясціўся на друкаваных старонках падпольных партызанскіх газет, лістовак і часопісаў.
Але хто з нас можа пахваліцца тым, што сваімі вачыма бачыў гэтыя старонкі мужнасці? Мабыць, такіх людзей няшмат. Праз 70 год пасля Вялікай Перамогі савецкага народа над ворагам у жыхароў Клічава ёсць унікальная магчымасць пазнаёміцца з такімі выданнямі, наведаўшы цэнтральную бібліятэку.
Тут знаходзяцца капціі ўцалелых выданняў сатырычных лістовак “Раздавім фашысцкую гадзіну”, выданне газеты “За свабодную Беларусь”, якія друкаваліся ў найцяжэйшых умовах вайны. Гэтыя старонкі неслі баявы запал у масы, інфармавалі насельніцтва аб падзеях на фронце, аб разгортванні ўсенароднай партызанскай барацьбы на беларускай зямлі.
Сатырычныя лістоўкі цудам захаваліся ў аднаго з жыхароў вёскі Віркаў, які і перадаў іх мясцоваму бібліятэкару. Вось такім чынам гэта каштоўнасць апынулася ў цэнтральнай бібліятэцы. Зараз камплект лістовак, у якім амаль што ўсе нумары за перыяд 1941-1945 гадоў, пераплецены і чакае сваіх чытачоў.
Акрамя таго, у бібліятэцы ёсць кніга “І паўстаў народ”, якая ўяўляе сабой факсімільнае выданне падпольных і партызанскіх газет, часопісаў і лістовак перыяду Вялікай Айчыннай вайны. У складзе гэтага выдання — нумары газеты “Голас партызана”, надрукаваныя ў розныя гады вайны.
Запрашаем усіх прыхільнікаў гісторыі пазнаёміцца з гэтымі ўнікальнымі выданнямі ў чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі. Гартаючы надрукаваныя старонкі, вы зможаце адчуць сябе часткай гісторыі таго гераічнага часу.
Ірына СТАНКЕВІЧ,
загадчыца аддела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі.