ТВАЕ КРАСАЧКІ, МАЦІ-БЕЛАРУСЬ!
Дзеці – будучыня кожнай краіны, кожнай сям’і. Гэта красачкі нашага жыцця. А колькі такіх яркіх кветачак у вянку талентаў Клічаўшчыны – не злічыць! Галоўнае – заўважыць здольнасці дзіцяці, развіць іх, і тады ўспыхне новая “зорачка” пад покрывам Муз.
ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў горада Клічава” – старэйшая музычная навучальная ўстанова раёна. Адсюль пуцёўку ў жыццё атрымалі ўжо сотні людзей, якія звязалі прафесійна свой лёс з культурай і мастацтвам. Добрыя традыцыі працягваюць сённяшнія юныя таленты. Радуе, што заўсёды ёсць новыя падставы для гонару іх поспехамі.
Так, напачатку чэрвеня Дар’я Акуліч, вучаніца 5 класа школы мастацтваў па класе ўдарных інструментаў, стала лаўрэатам ІІ ступені 2-га рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячага мастацтва “ЛьВёнак” (Лідскі вянок -2015). Яна выступала ў сярэдняй узроставай групе ўдзельнікаў у намінацыі “Сольнае выканальніцтва” (ударныя інструменты). Выконвала конкурсныя творы на двух музычных інструмен- тах – ксілафоне і малым барабане. Паводле рашэння журы пад старшынствам А.Н. Карацеева, прафесара кафедры духавой музыкі Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтва, яна ўзнагароджана дыпломам адпаведнай ступені “за якасны ўзровень канцэртнай праграмы і развіццё нацыянальных традыцый музычнага мастацтва Беларусі”. Дыпломамі за высокае педагагічнае майстэрства і высокае канцэртмайстарскае майстэрства, а таксама за развіццё нацыянальных традыцый музычнага мастацтва Беларусі ўзнагароджаны адпаведна яе настаўнік Руслан Хрыставы і канцэртмайстар Юлія Вароніч, якія падрыхтавалі лаўрэата конкурсу.
Патрэбна адзначыць, што для Дар’і гэта не першая значная перамога. Яшчэ ў 9-гадовым узросце яна стала ўладальніцай Гран-пры аднаго з рэгіянальных музычных конкурсаў юных выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах. Праз год яна заняла 1-е месца ў абласным музычным конкурсе.
У красавіку гэтага года Дар’я Акуліч удзельнічала ў XVІ адкрытым абласным конкурсе маладых выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах памяці заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь Івана Янкоўскага “Залатая труба”, які адбыўся ў г. Стаўбцы Мінскай вобласці. Дабіцца поспеху на гэтым прэстыжным конкурсе было надзвычай цяжка, бо за перамогу тут спаборнічалі 160 юных музыкантаў з Беларусі і Расіі. Журы ўзначальваў прафесар Маскоўскага інстытута ваенных дырыжораў О. В. Лебядзінскі, а ў складзе яго былі вядучыя дзеячы культуры і мастацтва Беларусі, Расіі, Бельгіі, Польшчы. Дар’я выступіла выдатна – заваявала званне лаўрэата ІІ ступені ў намінацыі “Ударныя інструменты”!
Істотна: дасягнуць такога высокага выканальніцкага ўзроўню дазваляюць Дар’і не толькі яе здольнасці, любоў да музыкі, надзвычайная працаздольнасць, добрыя настаўнікі, але і наяўнасць у школе якасных прафесійных ударных музычных інструментаў. Заняткі дзяцей, а таксама іх выступленні на конкурсах ідуць на ксілафоне амерыканскай фірмы “Musser”, коштам каля 60 мільёнаў рублёў, малым барабане “Sonar”, таксама не танным. Для музыкантаў добрыя інструменты – аснова поспеху.
Нямала ў школе і “зорачак” вакалу. Сярод іх і сёстры Баранавы, Вікторыя і Хрысціна, абедзве ўлюбёныя ў песню.
Гледачам здаецца, што і раслі яны на сцэне. Толькі зараз гэта ўжо не мілыя малышы, а юныя спявачкі, якія важка заяўляюць аб сабе на фестывалях і конкурсах розных узроўняў. Важны факт: аб творчым, эстэтычным развіцці дзяўчынак у першую чаргу клапоціцца іх маці, Таццяна Васільеўна, загадчыца дзіцячай бібліятэкі, якая прывіла ім з маленства любоў да чытання, ведаў, мастацтва. Нездарма Хрысціна з’яўляецца выдатніцай вучобы, сёлета заняла 1-е месца ў раёне на алімпіядзе па рускай мове і 2-е – па беларускай мове. Дарэчы, жыве цяпер сям’я ў Клічаве, але сёстры працягваюць вучобу ў Дзмітраўскай СШ. З першага класа наведваюць яны і Дзмітраўскі філіял ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Клічава”. Абедзве займаюцца на аддзяленні “Народная творчасць” у Наталлі Коктыш, з’яўляюцца ўдзельніцамі ўзорнага фальклорнага гурта “Купалачка”. Але робяць пад яе кіраўніцтвам і сольную карьеру.
Так, у сёлетнім красавіку 9-гадовая Вікторыя стала лаўрэатам ІX Міжнароднага фестывалю юных талентаў “Зямля пад белымі крыламі” (г. Мозыр), удзельнічала ў яго ўрачыстым адкрыцці, заключным гала-канцэрце. У конкурсным выступленні яе былі беларуская і руская народныя песні. Узнагароджана Вікторыя спецыяльным дыпломам “За любоў да народнай песні”, а таксама каштоўным падарункам – музычным цэнтрам – мікрасістэмай LG.
Крыху пазней з бела-рускай народнай песняй “Прыляцелі куры” Вікторыя стала лаўрэатам І ступені ў адной з намінацый конкурсу “Клічаўская зорачка” і ўдзельнічала ў гала-канцэрце на свяце, прысвечаным Міжнароднаму дню абароны дзяцей.
Вясною гэтага года Вікторыя як салістка-вакалістка, як і сяброўкі па “Купалачцы”, прайшла кастынг рэспубліканскага
інклюзіўнага фестывалю-конкурсу “Пад Крыламі Арыона”, а ў сярэдзіне чэрвеня ўдзельнічала ў яго рэспубліканскім адборачным туры. Вынікі падводзяцца.
12-гадовая Хрысціна — выпускніца школы мастацтваў. Разам з “Купалачкай” удзельнічала ў канцэртах, многіх абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах і фестывалях, пабывала з творчымі паездкамі і ў Балгарыі, і Латвіі. Яна – адзіная прадстаўніца Клічаўшчыны, якая прайшла конкурсны адбор і ўдзельнічала ў нядаўнім юбілейным XV Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” ў Клімавічах, які сабраў каля 1000 дзяцей – удзельнікаў з 12 краін свету. На суд журы фестывалю наша юная спявачка прадставіла песню “Правяду русалку” (акапэльна) з купальскага цыкла і беларускую народную песню ў апрацоўцы “Ляцеў чыжык” і стала дыпламанткай конкурсу.
Хрысціне выпаў гонар быць і адзінай прадстаўніцай Беларусі ў парадзе прадстаўнікоў дэлегацый краін-удзельніц. Дарэчы, апранута дзяўчынка была ў нацыянальны строй – канцэртны касцюм “Купалачкі”! Удзельнічала яна і ва ўрачыстасцях адкрыцця свята, рабоце тэматычнай пляцоўкі, прысвечанай 70-годдзю Перамогі, цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да помнікаў. Прызнаецца, што ўдзел у сёлетнім фестывалі быў для яе пачэсным і пакінуў у душы незабыўныя ўражанні.
Аповед аб юных талентах Клічаўскай зямлі можна было працягваць. Аб іх пастаянна расказваем на старонках раённай газеты. Але зараз хачу сказаць і аб іншым. Недзе я прачытала, што аб велічы краіны мяркуюць па адносінах дзяржавы да старых і дзяцей. Улічваючы той клопат, які праяўляе дзяржава ў адносінах да гэтых катэгорый грамадзян, можна з упэўненасцю сцвяр-джаць, што ў нашай краіны вялікая будучыня.
Ніна ІЗОХ.