Прызнаюся, за дзве гадзіны, якія доўжыўся конкурс маладосці, прыгажосці «Міс каледж-2010«, атрымала такі зараз бадзёрасці, аптымізму, што хопіць на некалькі дзён. Гэта былі гадзіны адпачынку, задавальнення, кудысьці далёка адышлі штодзённыя турботы, праблемы.
Адна за другой на сцэну выходзяць галоўныя гераіні дзейства: Вера Мядзведзева, Кацярына Бармацько, Вольга Шэх, Алена Стрыгун, Алена Каўшырка. Нездарма словы «маладосць» і «вясна» у нашым разуменні непадзельныя – усе дзяўчаты, як адна, — прыгажуні, па праву дастойныя ганаровага звання самай прыгожай, разумнай, абаяльнай.
У першым заданні конкурсу, якое называлася «Візітка«, дзяўчаты расказвалі аб сваіх інтарэсах, здольнасцях, марах, дэманстравалі фотаздымкі. Як стала вядома, амаль усе ўдзельніцы конкурсу – клічаўлянкі, акрамя бабруйчанкі Веры Мядзведзевай. Рашэнне прыняць удзел у конкурсе некаторым з іх далося нялёгка: не кожная дзяўчына адважыцца выйсці на сцэну. Для некаторых з іх гэта было першае выступленне. Аб тым, што канкурсанткі паспяхова справіліся з заданнем, сведчылі высокія адзнакі журы.
У другім, інтэлектуальным выпрабаванні, лідзіравала Алена Стрыгун, навучэнка 125-й групы. Яна хутчэй за ўсіх давала адказы на жартоўныя пытанні, загадкі, якія задавала вядучая і арганізатар святочнага мерапрыемства Ала леанідаўна Храпко. Добрыя веды паказала ў гэтым выпрабаванні і пашпартыст каледжа Вольга Шэх, якая выступала пад нумарам «3».
Увогуле барацьба паміж канкурсанткамі была вострай і напружанай. Дзяўчаты дэманстравалі свае вакальныя і акторскія здольнасці, выступілі і ў ролі дызайнераў, прадставілі гледачам касцюмы будучага з самых розных матэрыялаў.
Кожная жанчына, як вядома, захавальніца сямейнага дабрабыту, гаспадыня і маці. У конкурсе «Гаспадынька» дзяўчаты прапанавалі пакаштаваць прыгатаваныя імі кулінарныя стравы, якія журы ацаніла на «выдатна».
Па выніках конкурсу найбольшую колькасць балаў набрала канкурсантка пад нумарам «4» Алена Стрыгун і заваявала ганаровае званне і карону «Міс каледж-2010». «Міс сымпатыя гледачоў» прысуджана Вользе Шэх, «Міс вясна» стала Кацярына Брамацько, «Міс абаянальнасць» – Вера Мядзведзева, званне «Міс каханне» прысуджана Алене Каўшырка.
Парадавалі сваім выступленнем і самадзейныя артысты каледжа. Песні ў выкананні Аляксандра Сакалоўскага, Вольгі Завадскай і Аляксея не пакінулі раўнадушнымі нікога, падарылі добры настрой.
Удзельніцы конкурсу ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункам і. А яшчэ яны сталі больш упэўненыя ў сабе, адкрылі новыя таленты і магчымасці.
Алена Ганчарова
Излoжение хорошее. Дoбавил в закладки, пoзже думаю дoчитаю