У раёне

Рыбу лаўлю – і на стале маю!

Сажалка «Буднеўская» ААТ «Нясята-АГРА» – адно з самых прыцягальных месцаў адпачынку ў раёне. Чаму? Тут вада «кіпіць» ад плёскату рыбы! Ужо колькі год у вадаёме «прапісаны» карп еўрапейскі, таўсталобік, белы амур, лінь ды безліч усялякай рачной рыбы. Уся таварная, зайздросная! Вось і цягне сюды штодня рыбакоў з розных рэгіёнаў Беларусі.
Як паведамілі ў сельгаспрадпрыемстве, з пачатку года (па стане на 10 кастрычніка) на аматарскую лоўлю рыбы прададзены 1781 білет. Кошт аднаго – 15 рублёў, а ўстаноўленая вага ўлову – 5 кілаграмаў. Для сваіх работнікаў ёсць льгота – білет каштуе ўсяго 5 рублёў. Па такой жа цане купляюць яго і дзеці ва ўзросце да 15 гадоў.
Рыбаводства ў ААТ «Нясята-АГРА» – дадатковы, але перспектыўны вектар развіцця. Як паведаміў дырэктар сельгаспрадпрыемства Віктар ХАЛАЙДОЎ, плануецца чарговае дазарыбліванне вадаёма. З гэтай мэтай будзе закуплена каля 2 тон карпа двухгадовага.
А позняй восенню і зімой рыбакоў-аматараў гаспадарка запросіць на лоўлю шчупака.

Захаваем лес. Чыстым.

У ДЛГУ «Клічаўскі лясгас» падвялі вынікі дабраахвотнай акцыі «Чысты лес», якая прайшла 17 кастрычніка. За суткі работнікі прадпрыемства і валанцёры прыбралі нямала кубаметраў смецця ў лясах раёна і расчысцілі значныя плошчы ад захламлення.
Актыўна падтрымалі акцыю і юныя сябры лесу. Пярэкальскія школьнікі па традыцыі працавалі на тэрыторыі Віркаўскага лясніцтва. У частцы квартала 15, дзе малады дубовы гай, яны сабралі цвёрдыя бытавыя адходы, староннія прадметы і вывезлі на сметнік.
Пашчыравалі і вучні абедзьвюх гарадскіх школ на навядзенні парадку ў лясным масіве, прылягаючым да гарадскога міні-палігона. Яны прыбіралі лес уздоўж аўтадарогі ад бытавога смецця.

Тэкст: Ніна ІЗОХ