Святлана Васільеўна Чыжонак, намеснік загадчыка Клічаўскай раённай аптэкі: “Я вельмі люблю сваю прафесію, а на працу заўсёды іду з задавальненнем”
– Я вельмі люблю сваю прафесію, а на працу заўсёды іду з задавальненнем, – сцвярджае Святлана Васільеўна Чыжонак, намеснік загадчыка раённай аптэкі. І не паверыць у шчырасць гэтых слоў проста няма падстаў.
Святлана Васільеўна – правізар, у прафесію прыйшла па прызванні душы. А прыклад быў з дзяцінства: яе цётка Роза Пятроўна Шамаль гэтай справе прысвяціла ўсё жыццё. Так атрымалася, што і самыя блізкія сяброўкі абралі сваёй прафесіяй медыцыну. Святлана жартуе, што і па знаку задыяка, як Дзеве, ёй лепш за ўсё падыходзіць гэта сфера дзейнасці. Таму выбар яе атрымаўся натуральным і добра абдуманым. Як правізар, яна добра ведае ўсе лекавыя сродкі, што прапануе сёння фармацэўтычны рынак. Адзін з асноўных службовых абавязкаў – заказ для аптэчнай сеткі раёна ўсіх лекавых сродкаў, прадметаў догляду за хворымі, касметычных сродкаў, лекавай і расліннай сыравіны і іншых тавараў аптэчнага асартыменту. Толькі ў раённай аптэцы ў наяўнасці больш за 2000 ! найменняў лекавых сродкаў. Святлана Васільеўна сістэматычна інфармуе ўрачоў раённай бальніцы аб новых медыцынскіх прэпаратах, што паступаюць у аптэку.
Святлану Васільеўну Чыжонак ведае ў твар добрая частка дарослага насельніцтва Клічава, бо, як і іншыя правізары, фармацэўты аптэкі, яна даволі часта працуе з кліентамі, а за адну змену тут даводзіцца абслугоўваць да 300 чалавек. Яна адпусціць патрэбныя лекавыя сродкі, растлумачыць, як правільна іх прымаць, раскажа аб фармакалагічных асаблівасцях таго або іншага прэпарата. У Святланы Васільеўны можна атрымаць карысную інфармацыю і кансультацыю адносна лекавых траў і іх сілы. Яшчэ ў час вучобы ў Віцебскім мед-інстытуце яна цікавілася фармакагнозіяй (навукай аб лекавых раслінах), удзельнічала ў навуковай дзейнасці ў гэтай галіне. Атрыманыя ў інстытуце веды, вопыт работы, пастаянная работа над павышэннем кваліфікацыі дапамагаюць ёй складаць змястоўныя і цікавыя лекцыі, з якімі спецыяліст выступае ў працоўных калектывах.
А яшчэ гэта мілавідная і прыгожая жанчына добрая жонка, маці 12-гадовай Аляксандры і 8-гадовага Косці. У сям’і Чыжонкаў вялікая ўвага ўдзяляецца здароваму ладу жыцця. Адно з самых сур’ёзных захапленняў – настольны тэніс. Саша ўжо і на першынствах рэспублікі выступала. А ўсе разам яны імкнуцца да гармоніі жыцця.