Дзякуючы спонсарскай дапамозе
У мінулую суботу святочны настрой панаваў у вёсцы Ядраная Слабада, што ў Доўгаўскім сельскім Савеце. І падзея была адпаведная: мясцовы сельскі клуб-бібліятэка спраўляў наваселле.
Дагэтуль ён месціўся ў памяшканні былой школы, а вось зараз «займеў» уласны, асобны будынак. Гэта стала магчымым, дзякуючы спонсарскай дапамозе галавы фермерскай гаспадаркі «Аграсядзіба «Загацце» Сяргея Анатольевіча Зайцава. Ім была выдзелена пэўная сума грошай на рамонт безгаспадарчага, закінутага памяшкання, якое зараз будзе служыць вяскоўцам культурным цэнтрам.
На ўрачыстым адкрыцці ўстановы культуры прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама У. Д. Шыбека, начальнік аддзела культуры райвыканкама У. Г. Ваакс, старшыня Доўгаўскага сельвыканкама У. В. Буракоўскі, галава фермерскай гаспадаркі С. А. Зайцаў.
Ну і якое ж свята без песні! Іх у гэты святочны дзень вяскоўцам ад усёй душы дарылі майстры мастацкай самадзейнасці Доўгаўскага сельскага Дома культуры, творчы калектыў «Гасціны двор» (мастацкі кіраўнік – Ж. Ачыновіч) раённага Дома культуры, салістка Вольга Судзіна. І калі над вёскай гучаць песні, гасцінным аганьком будуць свяціцца вокны клуба, значыць, яна будзе жыць!
Людміла ПРАКАПОВІЧ.