Чужая памылка/Апавяданне

Летні дзень дагараў. Спёка спала, а вада ў рэчцы – што малако, проста немагчыма з яе выйсці, асалода ды і толькі. Яны песціліся на сыпучым, белым, яшчэ цёплым пяску, намытым вадой на пакаты бераг, і весела шчабяталі, смяяліся без прычыны, а то пускаліся бегаць па лузе, як малыя дзеці. Не так даўно прайшоў спорны дождж, і тут, па нізіне, скрозь стаялі неглыбокія лужынкі. Дзяўчатам было весела імчаць навыперадкі па празрыстай вадзе; прыскі – ва ўсе бакі, здаецца, пад аблокі, і душа спявае ад гэтай простай радасці. Нарэшце здаволіліся, патаміліся. Ірынка, высокая, стройная, упраўляючыся з капной доўгіх чорных, што смоль, валасоў, залюбавалася на чырвоны дыск сонца, што садзіўся над лесам. Гукнула да сяброўкі:
– Люблю, Каця, я гэтыя мясціны. Яшчэ з маці-нябожчыцай сюды прыязджалі ў водпуск. Тут, у Беларусі, цудоўнае лета. Любілі мы па суніцы хадзіць, а баравічкі якія на бары растуць! Ножкі тоўстыя, белыя, шляпкі цёмна-карычневыя. Прыгажосць!.. Пойдзем дамоў, цётачка, відаць, ужо нас зачакалася, хвалюецца. Заўсёды, калі да яе прыязджаю ды іду сюды, усё наказвае: будзь асцярожная, далёка не заплывай, з незнаёмымі хлопцамі не вадзіся. А мы тут з табой даўно ўжо.
Сяброўка яе падтрымала: так, пара ды і есці дужа хочацца. Дома іх ужо чакала вячэра. Галіна Пятроўна, так звалі Ірыну цётку, мітусілася каля стала, засцілала вышытым абрусам. Рабіла так заўсёды, калі пляменніца прыязджала ў госці, выстаўляла у цэнтр пакоя круглы дубовы стол і ўпрыгожвала яго гэтым абрусам, які яшчэ маці вышывала.
–Частуйцеся, дзяўчаткі, прагаладаліся, нябось. Яно заўсёды так, калі накупаешся. Тут усё сваё, дамашняе, ды з агарода. А дзяўчат і ўпрошваць не трэба было, за дзве шчакі ўпляталі
маладую бульбачку з укропам, тварог са смятанай, сухую каўбаску ды іншую смакату.
Пасля сядзелі ў садзе ў альтанцы, пілі духмяны, з травамі, чай ды гутарылі, гутарылі аб усім: даўно ж не бачыліся. Раней Ірына з маці на Поўначы жылі, а як не стала яе, прыехала ў Беларусь. Тут жа і матчына сястра, і бацька, няхай у яго і другая сям’я, а ўсё
ж родны чалавек. Дзяўчына паспела якраз паступіць ва ўніверсітэт у абласны цэнтр, праз які месяц і заняткі.
За размовай яны не заўважылі, як на двары пачало змяркацца.
– Ой, цётачка, мы ж яшчэ ў клуб на танцы збегаем, – зашчабятала Іра.
– А мо не трэба. Там і знаёмых тваіх няма. Вось пагасцюеце колькі дзён, больш разнаёміцеся з мясцовымі, тады і пойдзеце. Я ж хвалявацца буду, чакаць вас, а мне заўтра рана ўставаць. Збіраюся па чарніцы, мо лепш і вы са мной?
Але як ні ўтрымлівала – не дамовіліся. Дзяўчаты хуценька пераапрануліся, валасы прыбралі, вочы, губы падвялі і за дзверы.
«Прыгажуні! Загарэлыя, дагледжаныя, зграбныя, абедзве – што фотамадэлі. Хіба ж іх утрымаеш? Маладосць!» – думала жанчына, прыбіраючы посуд.
А вечар выдаўся цёплы, ціхі, зорны. З боку сельскага клуба гучала музыка, смех, туды-сюды ліха снавалі машыны.
– Вось разбэста, – разважала кабета. – Цяпер у якую іншамарку не зірні – адны блазнюкі за рулём. Усю ноч ганяюць. Аб чым толькі бацькі думаюць? Навошта дазваляюць?
… Ёй не спалася, нешта турбавала. Толькі звяла вочы – нейкі моцны стук у суседнім пакоі. Аж душа закалацілася. Упоцемках пабегла, уключыла святло на кухні, а тут чорная птушка, можа стрыж, б’ецца ў шыбу. Уляцеў, відаць, у адкрытае акно, а вылецець не можа. Ледзь выпусціла. А сама запанікавала: не да дабра гэта, дрэнная прыкмета… Думкі міжволі
роіліся, сэрца шчаміла, і яна бязмэтна хадзіла па хаце: дзе ж госцейкі мае, ужо дамоў ім пара. Не вытрымала, схадзіла да клуба, а ён ужо зачынены, моладзь разышлася. Ірыну з Кацяй таксама не сустрэла. Вярнулася дадому і стала чакаць…
На досвітку, калі ўжо ўсё гарэла ўнутры ад нядобрых прадчуванняў, на двор зайшла фельчарка:
– Пятроўна, бачу – не спіш. Выбачай. Я да цябе не з добрымі навінамі. Ты не пужайся, жывыя твае дзяўчаткі, толькі ў бальніцы.
У аварыю патрапілі. Да Ірыны яе не пусцілі. Была ў рэанімацыі, у цяжкім стане. Дактары казалі: «Зрабілі ўсё магчымае, трэба спадзявацца». Яна і спадзявалася. Маліла Усявышняга, каб злітаваўся, уратаваў яе Ірынку. А сяброўцы яе пашчасціла, як кажуць, лёгкім спалохам адрабілася. Праз пару дзён дома была. А для іх час нібы супыніўся.
Ворагу не пажадаеш таго, што перанеслі. Але ж прыйшоў дзень, калі змагла ўбачыць пляменніцу.
Яе перавялі ўжо ў аддзяленне, дазволілі на некалькі хвілінак пабачыцца. Зайшла ў палату і ледзь пазнала сваю дзяўчынку. Ні крывіначкі ў твары, белая, што палатно, змарнелая, слабая, ледзь вуснамі варушыць. Ляжыць пад кропельніцай, на штаціве некалькі бутэлек. Побач з ложкам, на падлозе, спецыяльны мяшэчак (рэзервуар), у які выдзяляецца па дрэнажнай трубачцы вадкасць з ран. Аперацыі ж былі цяжкія, так трэба цяпер. Пятроўна сама ад гора ледзь прытомнасць не страціла. Плач у горле комам стаў. «Трэба трымацца, трэба трымацца, – угаворвала сябе. – Трэба дзіця падтрымліваць».
– Ты, дзетачка, не хвалюйся, усё абыдзецца, – успакойвала. Расчэсвала, прыбірала яе косы, гладзіла па галаве. – Усё добра будзе. На папраўку ж ідзеш.І як толькі тая пачынала енчыць, скардзіцца, перапыняла: «Цярпі! Заўтра, казалі, дазволяць табе ўжо крышачку садзіцца. Тады і ўстанеш, сваімі ножкамі пойдзеш. А зараз вось крышачку булёну, ён табе неабходны».
Для Пятроўны цяпер кожны дзень пачынаўся аднолькава. На золку ўпраўлялася па гаспадарцы, гатавала ўсё той жа свежы курыны булён і накіроўвалася ў бальніцу. Ірына на гэту ежу нават глядзець не магла, ванітавала яе, а цётка ўсё ўгаворвала: «Ну адну лыжачку, дзіцятка, інакш не паправіцца».
Нарэшце прыйшоў дзень, калі нават да лаўкі на бальнічным двары яна са сваёй дзяўчынкай датупалі. Швы ж у яе праз увесь жывот, зверху да нізу, але маладосць, здароўе бралі верх. Яшчэ слабая, Ірына з асаблівай асалодай удыхала свежае паветра, карміла семачкамі галубоў, якія прызвычаіліся, відаць, тут частавацца з рук хворых.
– Ірынка, мо раскажаш, дык што тады здарылася?
– Не хачу ўспамінаць, цётачка. Мы тых хлопцаў нават не ведалі, яны проста прыехалі да клуба на машыне. Відныя, добра апранутыя, вясёлыя. Кажуць нам: «Хочаце, пакатаемся? Вернімся хутка».
Мы пагадзіліся. Паехалі, музыка іграла, мы жартавалі, з нечага смяяліся. Я нават не зразумела, што здарылася. Бачу – ляжу на зямлі, вакол бітае шкло, каля самых вачэй – высокая трава, крануцца не магу. Дайшло: аварыя, машына перакулілася… Нас з Кацяй міліцыя ўжо дапытвала, давай, не будзем больш аб гэтым…
– Ну, нічога, нічога, мая красачка, галоўнае, усе жывыя. А там, каму трэба, разбяруцца, што да чаго.
…Вось і восень шуміць лістападам. Ірына, слава Богу, ужо на занятках. Маладосць бярэ верх над траўмамі і патрасеннем. Хоць той летні злачасны вечар не бясследны: паспрабуй жыць цяпер, калі і пераломы былі, і органы некаторыя страчаны. Пятроўна не-не, ды ўспомніць і тых хлопцаў-ліхачоў. Іх лёс таксама туманны, а яны ж чыесьці дзеці.
Ды што ж рабіць? Хто вінаваты? – задае сабе пытанні жанчына. Ці будуць усё ж людзі вучыцца на чужых памылках? Колькі крыжоў, кветак, помнікаў уздоўж дарог, а аварый з-за ўласнага глупства не менее. Дзякуй Богу, у іх выпадку не такі дрэнны канец. Для яе Ірынкі цяпер усміхаецца сонца і верыцца, што шчасце да яе абавязкова прыйдзе.
Вось і Сямёнаўна, санітарачка, якая выходжвала дзяўчыну як родную, на развітанне пажадала: «Будзь здаровая, Ірынка. Да нас у бальніцу трапляй толькі ў адным выпадку: у раддом за сынамі і дочкамі. Будзеш замуж ісці, запрашай на вяселле».

Ніна ІЗОХ.

Последние новости

Акции

С песней к Победе!

3 мая 2024
Безопасность

Купайтесь безопасно

3 мая 2024
Официально

Александр Лукашенко одобрил проект соглашения о единой системе таможенного транзита ЕАЭС и третьих сторон

3 мая 2024
НОВОСТЬ ДНЯ

Гордость родной земли

3 мая 2024
Актуально

Прямые телефонные линии пройдут 4 мая

3 мая 2024
Новости области

Анатолий Исаченко – депутатам: необходимо выстраивать четкую коммуникацию на всех уровнях

2 мая 2024
РОВД информирует

Владеть оружием можно, но не всем

2 мая 2024
НОВОСТЬ ДНЯ

Где свежая трава, там здоровое стадо

2 мая 2024
НОВОСТЬ ДНЯ

Гордость района

1 мая 2024
Официально

«Работать надо по-военному, день и ночь». Александр Лукашенко поручил до 9 мая завершить посевные работы

1 мая 2024

Рекомендуем

Кличевщина

Результаты достойные, но работать есть над чем

23 апреля 2024
ВНС-2024

Мнение делегата ВНС

23 апреля 2024
Профсоюзы

ДОСКА ПОЧЁТА по состоянию на 22 апреля

23 апреля 2024
Правопорядок

Отвечает участковый инспектор милиции

24 апреля 2024
РОВД информирует

Владеть оружием можно, но не всем

2 мая 2024
Спорт

Все на футбол!!!

26 апреля 2024
80-ЛЕТИЕ ОСВОБОЖДЕНИЯ БЕЛАРУСИ

На Кличевщине идут выплаты к 9 Мая

26 апреля 2024
К сведению граждан

Об оповещении военнообязанных

22 апреля 2024