Хлебаробскія будні
Апошняя ліпеньская дэкада – самы разгар жніва. На палях усюды кіпіць работа: снуюць туды-сюды камбайны і магутныя МАЗы, узнімаючы за сабой слупы пылу. Дарагая кожная хвіліна сонечнага надвор’я. Ужо сабраны ўраджай рапсу, цяпер збажыной папоўняць элеватары.
Найхутчэй, без страт стараюцца сабраць вырашчаны ўраджай хлебаробы КСВК «Калгас імя Леніна». Штодня на калгасных палетках працуюць 5 экіпажаў камбайнераў, заўсёды нагатове вадзіцелі грузавікоў. Па словах галоўнага агранома гаспадаркі Івана Міхайлавіча Гайдурава, ужо ўбрана палова ўсіх пасеваў.
У гэтыя дні «ленінцы» ўбіраюць трыцікале. Ураджай ня-дрэнны, у сярэднім 42 ц/га. Парадавалі таксама рапс і соя. Сёлета ў гаспадарцы сабралі 715 тон рапсу, які займаў 300 гектараў плошчы, а ўраджайнасць соі нават рэкордная – 16 ц/га.
Сярод правафланговых жніва ў калгасе – камбайнеры Андрэй Пархуцкі з памочнікам Уладзімірам Белакурскім, Леанід Кушавараў з памочнікам Антонам Івановым, вадзіцелі МАЗаў Уладзімір Харлап і Мікалай Струк.
Алена ГАНЧАРОВА.
На здымку (злева направа): камбайнер Л. М. Кушавараў
і галоўны аграном гаспадаркі І. М. Гайдураў.