У СВК “Калгас”Нясята” ідзе нарыхтоўка сіласу
Усяго хвілін 15 язды на машыне да цэнтральнай сядзібы СВК “Калгас “Нясята”. А ўсё тут па іншаму: шыр палёў, па-восеньскі празрыстае, пранізанае сонцам паветра, ім і дыхаецца вальней. Куды ні кінь вокам, кіпіць праца: восень – работ восем! Убіраюцца насеннікі пайзы, сеецца азіміна, даглядаюцца пасевы азімага рапсу, ідзе корманарыхтоўка.
– Назапашванне кармоў – важнейшая надзённая задача, – расказвае старшыня гаспадаркі Віктар Аляксеевіч Фальковіч. – На раніцу 14 верасня мелі 1453 тоны сена, 3370 тон сенажу, 6350 тон сіласу, а гэта па 23,6 ц.к.а травяністых кармоў на ўмоўную галаву жывёлы (патрэбна на зімоўку 25 ц.к.а). Цяпер асноўны ўпор – на ўборку кукурузы на сілас і зялёны корм. На гэтыя мэты сёлета прызначаецца яе 355 гектараў з 400. Працуем планава. На корманарыхтоўцы занята прадукцыйная тэхніка: камбайны КВК-800 “Палессе”, іх яшчэ называюць беларускімі “Ягуарамі” (ёсць такі імпартны кормаўборачны камбайн), і новы кормаўборачны комплекс К-Г-6 “Палессе”, які набылі сёлета па лізінгу. Упраўляюць ёй прафесіяналы, правераныя хлебаробскай справай, Мікалай Мікалаевіч Дубінін і Павел Леанідавіч Коўрык. На адвозцы зялёнай масы задзей-нічана 4 калгасныя МАЗы, на якіх вопытныя вадзіцелі Аляксандр Уладзіміравіч Дубінін, Юрый Анатольевіч Хейдзер, Васіль Васільевіч Нямыцька, Уладзімір Уладзіміравіч Дубінін.
У падмогу ім на вывазцы “зялёнкі” – пачаргова і нашы механізатары. З 8 верасня камандзіраваны да нас на сваім МАЗе і вадзіцель з ААТ “ПМК-89 Водбуд” Віталь Аркадзьевіч Шамаль. Такая шэфская дапамога ў гарачы час дарэчы.
А ўтрамбоўваюць сілас у ямах, траншэях, буртах на “Амкадорах” Аляксандр Міхайлавіч Лук’яновіч і Віктар Яўгенавіч Аляхновіч. Дзякуючы намаганням гэтай з’яднанай мужчынскай каманды пад поўную патрэбу ўжо закладзены 2000 тон сіласу з кукурузы і часткова пайзы на МТФ Буднеў і каля 5,2 тысячы тон кукурузнага сіласу на МТФ Дулебня.
Учора корманарыхтоўчы атрад гаспадаркі “перадыслацыраваўся”. Цяпер пачалася закладка 4000 тон кукурузнага сіласу на ферме па адкорму буйной рагатай жывёлы “Комплекс”.
Можна не сумнявацца: гэта работа будзе выканана ў тэрмін і якасна. Нясятцы ўмеюць працаваць, зарабляць, мысліць, жыць, адпачываць па-сучаснаму.
Ніна ІЗОХ.