УКП “Жылкамгас”: “Жыві як гаспадар…”
Лета ўвабралася ў другую палову, на двары ліпеньская спякота. А ва УКП “Жылкамгас” – разгар работ па падрыхтоўцы да будучага ацяпляльнага сезона. Па словах галоўнага інжынера Анатоля Віктаравіча Грынько, прымаюцца неабходныя захады, каб стварыць патрэбны запас паліва для кацельнай гаспадаркі прадпрыемства, бо 94% яе кацельных пераведзены на мясцовыя віды паліва. Ужо зараз прадпрыемства нарыхтавала 8711 шчыльных метраў кубічных дроў (101%) і 6225 шчыльных метраў кубічных шчапы, або 48% да неабходнага. Завершаны і прафілактычны рамонт усяго кацельнага абсталявання.
Вялікі фронт работ на капрамонце жылога фонду, мадэрнізацыі цеплавых сетак, рамонце водаправодных сетак і г.д. Напрыклад, увесь чэрвень, ды і зараз,
добрая частка гарадской вуліцы Савецкай нагадвае будаўнічую пляцоўку. Работнікі ўчастка цеплатэхнікі пад кіраўніцтвам майстра Сяргея Іванавіча Мацюшонка праводзілі мадэр-нізацыю цепласетак, якія сваё ўжо адслужылі. Пракладзеныя сучасныя ПІ-трубы ад дамоў №№ 9 –19 – агульнай працягласцю 528 метраў у аднатрубным выкананнні. Падведзены яны да жылых дамоў №№ 9, 17, 19, 6 “А” па гэтай вуліцы, што дазволіць звесці да мінімуму страты цяпла ад гарадской кацельнай да яго спажыўцоў. А значыць, у кватэрах павінна дабавіцца камфорту і ўтульнасці. Пакуль жа двухпавярховыя дамы №11 (тут УКП “Жылкамгас” – заказчык і генеральны падрадчык) і №19 – будаўнічыя аб’екты, на іх вядуцца капрамонты з заменай шатровых дахаў.
Днямі пачата мадэрнізацыя цеплавой сеткі ад завулка Пугачова да цеплавой камеры №17 па вуліцы Крываноса ў Клічаве. Гэта даволі праблемны ўчастак, з вялікім тэрмінам эксплуатацыі, неаднаразовымі парывамі, таму тут будзе пракладзена новая ПІ-труба агульнай працягласцю 910 метраў у аднатрубным выкананні, што значна палепшыць сітуацыю.
Даволі значны аб’ём работ выкананы па бягучым рамонце жылога фонду. Так, за цёплы перыяд выкананы касметычныя рамонты фасадаў дамоў па вуліцы Ленінскай №№ 77, 79, 79 “а”, Савецкай, №№ 3, 5, 5”а”, Крываноса № 11. У доме № 23 па вуліцы Крываноса зроблены бягучы рамонт даха (600 квадратных метраў).
УКП “Жылкамгас” з’яўляецца заказчыкам і генеральным падрадчыкам на буйных будаўнічых аб’ектах – капрамонце двух 18-кватэрных жылых дамоў (№№123 і 125 па вуліцы Ленінскай) з газіфікацыяй. Зараз яго работнікі заняты тут на капрамонце дахаў. Сіламі прадпрыемства будуць таксама ўстаноўлены ў кватэрах індывідуальныя двухконтурныя катлы (для гарачага водазабеспячэння і ацяплення), заменены ўнутраныя інжынерныя сеткі.
Субпадрадчыкі – прадпрыемствы з Гомеля і Магілёва – выконваюць адпаведна наружныя і вонкавыя сеткі газазабеспячэння і электразабеспячэння дамоў. Пройдзе час, і адны з самых старых шматпавярховак горада пачнуць новае жыццё.
У хуткім часе прадпрыемства плануе істотна палепшыць якасць забеспячэння пітной вадой жыхароў вуліцы імя Кучынскага аграгарадка Стары Востраў. Водаправодную старую сетку тут часткова заменяць на новую на 250-метровым участку.
У планах прадпрыемства – правядзенне рэканструкцыі газавай кацельнай у аграгарадку Доўгае, дзе будуць устаноўлены 2 катлы на мясцовых відах паліва.
Кожны новы дзень прыносіць работнікам жыллёва-камунальнай службы новыя клопаты. Іх безліч, бо яны ў адказе за цяпло і камфорт у нашым жыллі, за якасць пітной вады, надзейнае функцыянаванне каналізацыйнай гаспадаркі, добраўпарадкаванне, асвятленне вуліц горада, двароў, пад’ездаў, нарыхтоўку другаснай сыравіны і многае іншае. Плён іх працы быў бы больш істотны і заўважаны, калі б кожны гараджанін і вясковец узяў за правіла прынцып камунальнай службы: “Жыві як гаспадар”.
Хоць кажуць, што незаменных людзей няма, але часам без некаторых прафесіяналаў сваёй справы цяжка абысціся. Машыніст экскаватара УКП ”Жылкамгас” Аляксандр Аляксандравіч Толсцік як раз з кагорты запатрабаваных і паважаных людзей прадпрыемства. Працаўладкаваўся сюды сем гадоў таму, трактарыст 1 класу. Па характары ён чалавек ураўнаважаны, безадмоўны, не любіць быць на віду, затое любую работу робіць грунтоўна, заўсёды якасна, з вялікай адказнасцю і добрасумленнасцю. Таму неаднаразова маральна і матэрыяльна заахвочваўся кіраўніцтвам прадпрыемства і абласнога ўпраўлення. Працоўныя будні Аляксандра Толсціка насычаныя: то працуе на замене цеплавых сетак, сетак каналізацыі, на ўхіленні парываў водаправоду, то падвозіць грунт на аб’ектах добраўпарадкавання, то задзейнічаны на будоўлі і г.д. І што немалаважна – сваёй працай задаволены, тэхніку любіць і беражэ. А пазітыўны настрой – у надзейных спадарожніках. Ёсць для каго яму жыць, працаваць, рабіць наш горад больш прывабным. А дома мужа і бацьку заўсёды чакаюць, спадзяюцца на яго надзейнае плячо. Дачка ўжо студэнтка мясцовага каледжа, сынок яшчэ маленькі, ходзіць у дзіцячы садок, жонка працуе швачкай у “Бытпаслугах”. Вольнага часу ў Аляксандра Аляксандравіча не так і шмат. А хобі, як прызнаецца, – радыётэхніка, рамонт аўтамагнітол.
Сяргей Анатольевіч Юхнавец у вялікі калектыў прадпрыемства УКП “Жылкамгас” прыйшоў два гады таму і стаў яго неад’емнай часткай. Бо спецыяліст вопытны, мае 6 разрад машыніста аўтакрана. У свой час скончыў Магілёўскі саўгас-тэхнікум, а значыць, практыка замацавана і тэарэтычна. Тэхніку ведае дасканала, упраўляе магутнай машынай віртуозна. Яго штодзённая дзейнасць звязана з небяспекай, бо ўсе работы праводзіць на вышыні, таму так важна няўхільна выконваць тэх-ніку бяспекі працы. Ад гэтага ў немалой ступені залежыць бяспека тых, хто працуе побач. Таму веды, прафесіяналізм, самадысцыпліна павінны быць на належным узроўні. Сяргей Анатольевіч ім адпавядае.
Ніна ІЗОХ. Фота аўтара.