ТВАЕ МАЛАДЫЯ ТАЛЕНТЫ, БЕЛАРУСЬ!
У раённым Доме рамёстваў, што ні работнік – то талент, творца. У кожнага фантан ідэй і палёт фантазіі, а плён працы – рукатворныя зямныя цуды. Работы майстроў разышліся ўжо больш як па дзесяці краінах далёкага замежжа, не кажучы аб Беларусі, Расіі, Украіне.
Днямі ў калектыва з’явіліся новыя падставы для гордасці. Пасведчанні аб узнагароджванні трэцяй прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў і студэнтаў атрымалі метадысты-майстры РДР Таццяна Жоглік і Юлія Кавальчук (на здымку). Абедзве – выпускніцы УА “Бабруйскі дзяржаўны каледж імя Ларына”, вучыліся там адначасова, толькі на розных курсах. Таццяна працуе ў Доме рамёстваў з сёлетняга жніўня, яна — мастак роспісу па дрэве, інкрустатар, Юлія ж па спецыяльнасці – мастак-афарміцель, вырабляльнік мастацкіх вырабаў з керамікі, а працуе тут ужо другі год.
Узнагароды знайшлі сваіх герояў, прызначаліся ім як пераможцам (3-я месцы) Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства 2014 года. Да Пасведчання прыкладваліся аднаразовыя стыпендыі спецыяльнага фонду Прэзідэнта, Дыпломы ІІІ ступені па вы-ніках удзелу ў конкурсе “І майстэрства, і натхненне…” заключнага этапа VІІІ Рэспубліканскага конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Беларускі вянок”.
Тэма конкурснай работы была аднолькавая – “Беларуская лялька”, розніца – у тэхніцы выканання. Таццяна Жоглік стала пераможцай у накірунку конкурсу “Работа з саломкай”, Юлія Кавальчук – “Работа з глінай”.
Пагадзіцеся, у 19-20-гадовым узросце такія ўзнагароды – факт шматзначны, выдатны старт на шляху прафесійнага майстэрства!
Ніна ІЗОХ. Фота аўтара.