Спаборнічалі юныя стралкі
Школьнікі раёна спаборнічалі ў стральбе з пнеўматычнага пісталета і вінтоўкі.
Сёлета спаборніцтвы былі прысвечаны 70-годдзю Перамогі. Па іх выніках чэмпіёнамі сталі клічаўляне, выхаванцы трэнера С. Т. Эртмана (СШ №2), якія набралі найбольшую колькасць ачкоў — 194 , на другім месцы — зборная каманда Максімавіцкай і Каўбчанскай сярэдніх школ ( трэнеры А. І. Саладуха і А. А. Трушко ), замыкаюць тройку лідараў вучні Нясяцкай СШ (трэнер А. І. Калячонак). У асабістым першынстве сярод дзяўчат у стральбе з пісталета лепшыя рэзультаты ў вучаніц СШ №2 горада. Самай трапнай сярод іх была Лізавета Міхнёнак, на другім месцы — Ала Калініна, трэцяе месца заняла Анастасія Лагушка. Сярод юнакоў лідзіраваў Сяргей Бобрык з Каўбчанскай СШ, другое і трэцяе месцы па-дзялілі вучні СШ №2 горада Яўген Габрусь і Раман Ерафееў.
У стральбе з вінтоўкі сярод юнакоў перамог Аляксандр Кошаль з Максімавіцкай СШ, на другім месцы — вучань Доўгаўскай СШ Сяргей Міхалап, трэцяе месца заняў Яўген Пінчук з Мак-сімавіцкай СШ. Сярод дзяўчат самай трапнай была Анастасія Панцялеева (Дзмітраўскі ВПК), другое і трэцяе месцы падзялілі нясяцкія школьніцы Дзіяна Лычкоўская і Кацярына Рыжковіч.
Не знайшлося аматараў па-ўдзельнічаць у спаборніцтвах сярод вучняў СШ №1 горада, Бацэвіцкай і Востраўскай сярэдніх школ.
Пераможцы раённых спаборніцтваў адстойвалі гонар нашага раёна ў абласной спартакіядзе, дзе заваявалі трэцяе агульнакаманднае месца.
Вадзім КУПЦОЎ,
метадыст РУМК аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.