МЕСЦА СУСТРЭЧЫ – ШКОЛА
У першую суботу лютага ажывае і прыкметна маладзее наш ціхі і ўтульны Клічаў. Вечарам чыстым, казачна-праменным святлом ззяюць вокны абедзвюх гарадскіх школ, незвычайна шумна становіцца ў іх: вясёлы смех і радасныя вітанні, абдымкі і пацалункі, музыка напаўняюць атмасферу трапяткім хваляваннем. Менавіта ў гэты дзень былыя вучні, нібы птушкі ў родныя гнёзды, злятаюцца на сваё асабістае свята – вечар сустрэчы выпускнікоў.
Вось і сёлета ў СШ №1 імя Героя Савецкага Саюза Паўла Крываноса на сустрэчу з сябрамі прыйшлі тыя, хто скончыў навучальную ўстанову ўсяго год таму, пяць гадоў, пятнаццаць і нават 45.
–Так, мы не губляем сувязі са сваімі выпускнікамі, беражліва захоўваем традыцыі школы. Мы радуемся за вас, ганарымся вамі, мы заўсёды чакаем вас у госці, — вітаў усіх выпускнікоў, што са-браліся ў зале, Васіль Васільевіч Сазанавец, дырэктар школы.
– Кожная такая сустрэча – знакавая падзея. За апошнія дзесяцігоддзі сотні выпускнікоў атрымалі пуцёўку ў жыццё. Многія з іх часта прыходзяць у госці ў школу. Але першая субота лютага – асаблівы і кранаючы самыя патаемныя струны душы дзень. Дзень, калі трэба спыніцца, успомніць і выслухаць людзей, у якіх укладзена частка ўласнай душы, – падзялілася настаўніца біялогіі Святлана Сцяпанаўна Барадуліч.
Адзін за другім паднімаюцца на сцэну выпускі. Усе з усмешкамі і падарункамі для школы, кветкамі для любімых настаўнікаў, з успамінамі і жартамі. Па ўсім відаць, што ў гэту чароўную лютаўскую ноч не будзе канца гісторыям пра ўрокі, класныя гадзіны, дні здароўя, творчыя мерапрыемствы і многае іншае, што запала ў сэрца.
– Як жа прыемна часам акунуцца ў сваё бесклапотнае дзяцінства і ўзнёслае юнацтва, у пару першага кахання, у той час, калі ўвесь свет здаваўся такім велізарным, такім нязведаным і неспазнаным. Як жа хораша ўспомніць пра залатую школьную пару, дзе закладзены асновы сапраўднага сяброўства! – шчыра гаварылі выпускнікі розных гадоў і з хваляваннем лавілі кожнае слова, слухалі песню, глядзелі танец, якія ахвотна і вельмі ўмела дэманстравала юнае пакаленне цяперашніх школьнікаў.
Апошнімі на сцэну паднімаліся самыя сталыя колішнія вучні. Усяго нейкіх 45 гадоў таму яны былі такія ж юныя, прыгожыя, непаўторныя. Сёння гэта паважныя, падкрэслена стрыманыя, малажавыя і актыўныя спадары і спадарыні.
– Выпускнікі 1970 года ў школе частыя госці. На працягу апошніх шасці гадоў яны ўзялі пад свой патранат таленавітых юнакоў і дзяўчат, якія ўпартай працай дабіваюцца поспехаў у вучобе, і амаль 20 вучняў за гэты час былі ўзнагароджаны залатымі і сярэбранымі зліткамі. Не стала выключэннем і сёлетняя сустрэча. У дар школе перададзены шматфункцыянальнае ўстройства, ноўтбук, відэакамера, тэлефон-факс, гадзіннік, – адзначае Васіль Васільевіч і дадае: — Мы вельмі ўдзячныя ім, а таксама ўсім нашым вучням за ўвагу да школы і падарункі, якімі яны адорваюць нас штогод.
Можна па-добраму пазайздросціць выпуску 1970 года. Яны – яркі прыклад сапраўднага школьнага сяброўства, узаемавыручкі, павагі і трапяткіх адносінаў.
Нягледзячы ні на што, адклаўшы ўсе справы і характэрныя ўзросту недамаганні, прыехалі на цягніках і машынах з Магілёва, Мінска, Бабруйска, прыляцелі на самалётах з Калінінграда, Севераморска, Санкт-Пецярбурга. Пра іх можна напісаць цэлую аповесць, а то і раман, пра тое, як праз усё жыццё пранеслі і захавалі цёплыя ўзаемаадносіны, як сталі афіцэрамі Савецкай Арміі тры школьныя сябры – Слава Баршчэўскі, Міша Арцімовіч і Віця Сырамалот , і якіх выдатных спецыялістаў у іх асобах атрымаў КДБ і Паўночнаморскі флот; як упарта працавалі на ніве адукацыі і сталі выдатнікамі асветы Кацярына Харлап, Ларыса Койпіш і Ірына Свірыдовіч; колькі выдатных аперацый выканаў хірург ад Бога Валерый Бусел; пра тое, як знайшлі сябе ў вірлівай плыні жыцця і сталі шчаслівымі мамамі і бабулямі Валянціна Салановіч, Зоя Сілівончык, Валянціна Шамаль, Тамара Казела; як па-ступова паднімаўся па кар’ернай лесвіцы і стаў намеснікам дырэктара аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў вобласці Станіслаў Кавалёў; як дотыкам сваіх гаючых рук лечыць людзей Галіна Кушнер. Яшчэ шмат чаго цікавага можна расказаць пра іншых іх аднакласнікаў, якія ўсе як адзін сталі годнымі людзьмі і ўзялі ў спадарожнікі лепшыя чалавечыя якасці: любоў да працы, мэтанакіраванасць, дабрыню.
Юбіляры сёлета ўзнагародзілі залатымі зліткамі Арцёма Рыжковіча, Аліну Альхоўскую, Крысціну Шэх, а іх бацькам уручылі падзякі за годнае выхаванне дзяцей і букеты кветак. Не абыйшлі ўвагай і любімую настаўніцу Тамару Афанасьеўну Храмянок, сярэбранай манетай узнагародзілі Крысціну Ціхаміраву і яе бабулю Раісу Уладзіміраўну.
– Прыгажосць чалавечай душы заўсёды вымяраецца ўчынкамі, адносінамі да іншых людзей, вернасцю дадзенаму слову. У гэтай зале пераважная большасць такіх, ёсць яны і сярод нас. Вячаслаў Антонавіч Баршчэўскі – адзін з тых, хто на справе адраджае да жыцця паўзабытае слова “мецэнат”. Дык няхай ніколі не “оскудеет рука дающего”, заўсёды застаецца такой жа шчодрай яго светлая душа, – заўважыла Кацярына Сцяпанаўна, нязменны арганізатар і інтэлектуальны натхніцель свайго выпуску (за што ёй аднакласнікі вельмі ўдзячныя), і выказала надзею, што і іншыя выпускнікі школы таксама праявяць зацікаўленасць і падхопяць іх ініцыятыву, каб аднойчы, гадоў праз 45, перадаць эстафету іншым.
Аліна СУДНІК.
Фота аўтара.