Клічаўскаму музею – 50!
ВАНДРОЎКА ПА ГІСТАРЫІ, або НЕЗВЫЧАЙНЫЯ ЭКСПАНАТЫ
1. Першы здатчык і стваральнік музейнага фонду – ветэран Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. Рыгор Апанасавіч
Шрамякоў, былы камандзір узвода 278-га партызанскага спецатрада Клічаўскага партызанскага злучэння. Перадаў музею комплекс асабістых прадметаў першай паловы ХХ ст.: фотапартрэт, плашч, узнагароды і пасведчанні да іх, ордэнскую кніжку, наручны гадзіннік, планшэтку, даведкі.
2. Першы прадмет, пастаўлены на дзяржаўны ўлік музейнага фонду, – даведка № 5 ад 1 лістапада 1937 г., выдадзеная дырэкцыяй саўгаса імя Красіна Клічаўскага раёна Рыгору Апанасавічу Шрамякову ў тым, што ён працаваў у саўгасе загадчыкам участка Альхоўка з 1 красавіка 1934 г. па 1 студзеня 1937 г. да ліквідацыі саўгаса.
3. Самы старажытны музейны прадмет – каменная сякера-клін II-га тысячагоддзя да н.э. неалітычнага перыяду бронзавай эпохі. Знойдзена на тэрыторыі сучаснай Клічаўшчыны. Такой сякерай, лічаць вучоныя-археолагі, можна было за 15 хвілін зрубіць дрэва дыяметрам у ствале 25 см, выдаўбіць човен за 12 дзён.
4. Адзіны на сучасны момант у Беларусі прадмет сярэднявечча – дрыгавіцкі медальён з выявай аморфнай птушкі, у клюве якой вінаградная гронка, стылізаванае дрэва жыцця над галавой. Выконваў ролю абярэга ад уздзеяння цёмных сілаў. Знойдзены археолагамі на тэрыторыі Бацэвіцкага сельскага Савета ў канцы ХХ ст. Экспануецца ў музейнай зале “Археалогія”.
5. Самы маленькі музейны прадмет – медны гузік дыяметрам 5 мм,які насілі нашы продкі дрыгавічы ў 10-12 стст. сярэднявечча.
6. Самы буйны і “грозны” прадмет – савецкая артылерыйская процітанкавая гармата 45-мм калібру перыяду Вялікай
Айчыннай вайны 1941-1945 гг. Прымала ўдзел у баі пад Леніно Магілёўскай вобласці 12-13 кастрычніка 1943 г. паміж савецка-польскай арміяй і часцямі Вермахта. Перададзена музеем баявой славы пасёлка Леніно. Экспануецца на тэрыторыі музея пад адкрытым небам.
7. Самы таямнічы, невядомы для многіх наведвальнікаў музея прадмет – мухалоўка. Выраб шклозавода г.п. Ялізава Асіповіцкага раёна. Бытавала ў Клічаве, у сям’і Марыі Максімаўны Храпко. Экспануецца ў гандлёвай лаўцы Х. Грэнгауза музейнай залы “Чалавек і рака”.
8. Адна з самых цікавых знаходак на тэрыторыі раёна – вінны скарб з 19-ці сасудаў канца ХІХ-пачатку ХХ стст. Выяўлены ў в. Стары Востраў у канцы 1970-х гг. Музею перададзена 5 сасудаў скарба: два аптэчныя флаконы і графін са шкла, дзве бутэлькі з шэрай і карычневай керамікі. Выстаўлены ў лаўцы Х. Грэнгауза музейнай залы “Чалавек і рака”.
9. Унікальныя ўратаваныя мастацкія каштоўнасці прадстаўлены ў музейнай зале “Святыя лікі вечнасці”. Сярод іх –
іконы канца ХІХ-пачатку ХХ стст., якія маюць вялікую сілу жыватворнага ўздзеяння, якое ачышчае душу таго, хто да іх звяртаецца. Сярод каштоўных культавых экспанатаў – Новы Запавет і Псалтыр 1902г. Гэтыя прадметы былі канфіскаваны супрацоўнікамі Брэсцкай і Мозырскай мытняў пры спробе незаконнага вывазу за рубеж, а пасля перададзены ў наш краязнаўчы музей.
10. Самы вытанчаны прадмет – французская бульётка (чайнік для нагрэву вады для чаю). Складаецца з дзвюх частак – бульёткі і гарэлкі. Выраб ХІХ ст. з белага металу. Упрыгожвае інтэр’ер музейнай залы “Зімовы сад”. Набыта музеем у антыкварным салоне г. Мінска.
11. Адзін з самых незвычайных прадметаў – бляха “Утвержденный присяжный лесникъ имънія Бацевичи”. Металічны апазнавальны знак служачага Расійскай імперыі. Мае форму шчыта, герб “Любіч” рода Незабытоўскіх. Знойдзены жыхаром вёскі Заполле Клічаўскага раёна Леанардам Юзафавічам Сушыцкім. Экспануецца ў вітрыне музейнай залы “Зімовы сад”.
12. Самыя адметныя прадметы-сімвалы савецкай эпохі – прапагандысцкі вымпел “1917-1967”, камсамольскія і піянерскія чырвоныя сцягі раённых арганізацый, горн і барабан, нагрудныя знакі і значкі, чырвоны гальштук, кнігі “Учиться коммунизму”, “Игры пионеров”, піянерскі часопіс “Гудок”, часопіс “Долой неграмотность”, карты зямельных надзелаў калектыўных гаспадарак раёна, грашовыя знакі і манеты.
13. Музейны прадмет-юбі-ляр – вагі рычажныя 1827 г., якімі карысталіся рабочыя прыстані Ольскай у мястэчку Клічаў Ігуменскага павета Даўжанскай воласці Мінскай губерні.
Таццяна КАСЦЮКЕВІЧ, галоўны захавальнік
фондаў краязнаўчага музея.