Моладзь выбірае вёску

Моладзь заўсёды была ў нашай краіне надзеяй на будучыню і рэальнай апорай дзяржавы ў найбольш цяжкіх і гераічных яе справах. Старэйшае пакаленне — яскравае таму пацвярджэнне. Нам пашчасціла жыць у стагоддзі касмічных хуткасцей і камп’ютарных тэхналогій. Не ведаю як вы, шаноўныя чытачы, а я пад паняццем «моладзь XXI стагоддзя» ўяўляю людзей разумных, поўных энергіі, спартыўных, усебакова развітых духоўна і фізічна. А што гэта сапраўды так нядаўна пераканалася пад час камандзіроўкі ў аграгарадок Бацэвічы.
Карына Іванаўна — так паважліва звяртаюцца ўсе да маладога спецыяліста, бухгалтара ААТ «Бацэвічы-Агра». Абаяльная і вельмі сціплая дзяўчына крыху саромеецца такога афіцыёза ад больш сталых калег, але бясконца ўдзячная ім за паважлівыя адносіны, за дапамогу і падтрымку.
Увесь час з яе мілавіднага тварыка не сходзіць усмешка. З кароткай гутаркі даведалася пра яе погляды і захапленні. Студэнтка-завочніца (паступіла ў Горацкую сельгасакадэмію на факультэт бухгалтарскага ўліку), таму сумаваць ёй асабліва некалі. Да таго ж, яна прыхільніца здаровага харчавання, аддае перавагу не тлустаму адваранаму мясу, прыгатаванай на пары гародніне і рыбе, тварагу і кісламалочным прадуктам.
Ёй, карэннай бабруйчанцы, спачатку складана было прывыкаць да вясковага жыцця. Аднак, паколькі яна чалавек пазітыўны і камунікабельны, то і адаптацыя прайшла хутка. Жыллёвыя ўмовы добрыя. Пасля работы займаецца бегам і два разы на ты-дзень цяжкай атлетыкай у школьнай трэнажорнай зале. Нават і ўявіць цяжка, як гэта хрупкае дзяўчо ў рыўку паднімае амаль 80 кілаграмаў, штуршку – 65, а ў прысядзе 95! Мае тытул кандыдата ў майстры спорту па цяжкай атлетыцы. Яшчэ калі вучылася ў Бабруйскім аграрна-эканамічным каледжы займалася гэтым відам спорту ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, у лепшага трэнера Беларусі Мікалая Рыбікоўскага.
Юная бухгалтарка — натура творчая, таму, калі выпадае вольны час, бярэ ў рукі аловак і малюе. Партрэты і кветкі, складаныя ўзоры тату і многа іншых самых разнастайных сюжэтаў стварае яна ў перыяд натхнення. Намаляваныя простым алоўкам дзівосы ўпрыгожваюць пакоі сябровак, родных. Карына ахвотна дорыць ім свае малюнкі.
Адным словам, Карына Іванаўна Міхедава – яркая прадстаўніца сучаснай моладзі: пазітыўная, мэтанакіраваная, адукаваная, энергічная, спартыўная, творчая.
Матэрыялы Аліны СУДНІК. 
Фота аўтара.