Хто полю годзіць, у таго жыта родзіць

Пасяўную аграрыі УКСП «Саўгас «Ольса» пачалі першымі ў раёне.

А падрыхтоўка да яе вялася з восені мінулага года. Прыводзілі ў парадак тэхніку, набывалі насенне і мінеральныя ўгнаенні, таму ранняя вясна не стала для іх нечаканай. Пасеў ранніх збожжавых правялі ў запланаваныя тэрміны. Уся вільгаць на палях закрытая. Радуе, што азімыя выдатна перанеслі халодны перыяд года. Перасяваць палі не давядзецца.
У тым, што вясеннія палявыя работы ў гаспадарцы арганізаваны на высокім узроўні, пераканалася асабіста. Большасць акуратна апрацаваных палёў засеялі раннімі яравымі культурамі, а на тых, дзе папрацавалі з восені, аксамітная зеляніна радуе вочы. Яравы клін гаспадаркі займае 570 гектараў, у тым ліку авёс –
150 гектараў, ячмень – 340, зернебабовыя – 80 гектараў. У гэтыя дні хлебаробы рыхтуюць палі пад сяўбу кукурузы, якой запланавана пасеяць 400 гектараў на зерне і 800 – на зялёны корм.
Наш маршрут пралягае на поле паміж Бёрда і Кавязой. За аколіцай, каля самага лесу, працуюць на трактарах з раскідвальнікамі арганічных угнаенняў Дзяніс МАРКАЎ, Аляксей ЗАІКІН, Аляксандр ДОЎБНЯ, на пагрузчыку – Аляксандр ЛУК’ЯНОВІЧ.
– Кожны год надвор’е падносіць сюрпрызы, — кажуць механізатары.
– Так рана, як сёлета, здаецца, ні разу ў поле не выходзілі. Зямля глыбока не прамярзала, снегу амаль не было. Тэхніка не правальваецца, глеба не надта вільготная. Працуем дружна, звыш 1000 тон арганікі за дзень уносім.
– Да вясенніх палявых работ людзі ставяцца надзвычай адказна, – канстатуе Ігар СКАРАХОДАЎ, дырэктар саўгаса. – Механізатары і вадзіцелі працуюць з поўнай аддачай. Яны забяспечваюцца гарачым харчаваннем. Павышае матывацыю дасканала распрацаваная і даведзеная да работнікаў сістэма аплаты працы і прэміравання. Вялікая ўвага ўдзяляецца ахове здароўя і тэхніцы бяспекі. Без высака класных земляробаў, падрыхтаваных спецыялістаў і спраўнай тэхнікі атрымліваць высокі ўраджай немагчыма.
Тэкст і фота: Аліна СУДНІК