Фельчар на сяле як сямейны доктар

Наталлю Аляксандраўну БЕЛАЗОР, фельчара (загадчыцу) Буднеўскага фельчарска-акушэрскага пункта з поўным правам можна назваць сямейным доктарам для мясцовага насельніцтва.
Ураджэнка Бабруйшчыны, маладзенькай дзяўчынай пасля заканчэння медвучылішча па дзяржаўным размеркаванні яна прыехала сюды на першае месца працы. Ды так і засталася на клічаўскай зямлі, “пусціла тут карані”. Выраслі ўжо двое ўласных дзяцей, ёсць унучачка, а яна па-ранейшаму, вось ужо 30 гадоў, у клопатах аб здароўі тутэйшых людзей. Вядзе не толькі амбулаторны прыём пацыентаў непасрэдна на ФАПе, але і іх падворны абход, абслугоўванне па выкліку на даму.
Час імчыць. Спачатку яна лячыла людзей, якія зараз ужо ў паважаным узросце, затым – і іх дзяцей, цяпер – і іх унукаў, праўнукаў. Таму ведае не толькі дыягназы амаль кожнага, але і абставіны жыцця. Адно, Аляксандраўна – так паважана называюць яе тут – даўно свой чалавек у навакольных вёсках. Некалі ў зоне абслугоўвання, а гэта вёскі Таценка1 і Таценка 2, Даклонь, Буднеў, было 600 чалавек, а зараз – утрая менш. Але гэта не значыць, што працаваць стала лягчэй. Нават, магчыма, і наадварот, бо цяпер палова мясцовых жыхароў у састарэлым узросце – ад 70-ці да 90 гадоў. І хоць у асноўным яны жывуць з сем’ямі сваіх дзяцей, а фельчар для іх, што сонца ў акне. Да таго ж ёсць тут і адзінокія, адзінокапражываючыя састарэлыя, інваліды. А старому чалавеку меддапамога неабходна ці не кожны дзень. Патрэбна не толькі ціск кантраляваць, лячэнне назначыць, але і пракалоць хворым на даму курсамі ін’екцыі вітамінаў, розных лекавых сродкаў па назначэнні ўрача паліклінікі.
Дарэчы, Наталля Аляксандраўна мае права як фельчар-акушэр самастойна назначаць пацыентам лячэнне. Згодна з дагаворам, заключаным з раённай аптэкай, яна прадае насельніцтву і лекі, на якія не патрэбны рэцэпт урача. Выконвае яна і заказы жыхароў на дастаўку лекаў, напрыклад, дарагіх, рэдкіх.
Немалаважная і прафілактычная работа з рознымі катэгорыямі насельніцтва. Ёсць у зоне абслу-гоўвання і непаўналетнія, і людзі працоўнага ўзросту. Фельчар тлумачыць, што здароўе на добрую палову залежыць ад самога чалавека, яго вобразу жыцця, сістэмы харчавання, рэжыму працы і адпачынку і г.д. Кожнаму з мясцовых жыхароў яна імкнецца аказаць кваліфікаваную меддапамогу.
А мо самыя лепшыя лекі – добрае слова? Наталля Аляксандраўна — чалавек сардэчны, падтрымае слушнай парадай і як спецыяліст, і як чалавек. Адсюль і павага, і аўтарытэт, якім карыстаецца не толькі ў мясцовага насельніцтва, а і ў калег па працы, кіраўніцтва ўстановы аховы здароўя “Клічаўская цэнтральная раённая бальніца”.
Каля 15 гадоў пражыла Наталля Аляксандраўна разам з тутэйшымі людзьмі. А апошнія гады яна — жыхарка аграгарадка Арэхаўка, дзе мужу кіраўніцтва УКСП “Саўгас “Дабраволец” выдзеліла службовае жыллё – дом прыся-дзібнага тыпу. Ужо падняўся на ўчастку іх малады сад, а ў летку пышна цвітуць зайздросныя ружы розных відаў – куставыя, чайныя, пляцістыя – асаблівае хобі гаспадыні. Яе любоў, цяпло сэрца – сям’і і родным. А кожнай раніцы яна за рулём уласнага аўтамабіля імчыць у свой буднеўскі ФАП, каб зноў прыйсці на дапамогу людзям, якія даўно сталі землякамі, за жыццё і здароўе якіх яна ў адказнасці.

Ніна ІЗОХ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий