Датэрміновае галасаванне ў Клічаве

У Клічаве , як і па ўсёй Беларусі, трэці дзень ідзе датэрміновае галасаванне па выбарах Прэзідэнта. Сёння на выбарчым участку № 1 з самага ранку клічаўляне робяць свой выбар. Камісія працуе ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам і забяспечвае выкананне санітарна-гігіенічных патрабаванняў. Многія выбаршчыкі маюць уласныя ручкі, некаторыя апранаюць маскі і гумавыя пальчаткі. Назіральнікі  таксама занялі адведзеныя ім месцы і сочаць за ходам галасавання.

Як толькі прабіла 10 гадзін, першым на ўчастку з’явіўся малады чалавек гадоў 30, літаральна праз некалькі хвілін сямейная пара сталага веку, потым зайшла маладая маці з двумя малышамі, з ёй дзве жанчыны…Чаргі каля сталоў камісіі няма, але людзі ідуць. Не прайшло і дзвюх гадзін, а ўжо больш за  два дзясяткі чалавек выканалі свой грамадзянскі абавязак.

Пацікавілася, чаму менавіта сёння людзі вырашылі прагаласаваць.

– Я трэці раз прымаю ўдзел у выбарах, галасую сёння па дзвюх прычынах: па -першае,   паколькі пандэмію ніхто не адмяняў, то лічу лепш зрабіць гэта без вялікай колькасці людзей на ўчастку, па-другое, у нядзелю збіраюся на запланаванае зараней мерапрыемства, — расказала Ірына.

– Мы заўсёды галасуем датэрмінова, – сцвярджаюць  суседкі Аляксандра Пятроўна і Марыя Міхайлаўна. — З выбарам вызначыліся, таму няма прычын чакаць 9 жніўня.

– Мы з унукам накіроўваемся ў Еўраопт, а заадно вырашыла прагаласаваць за будучага прэзідэнта, – з прыязнай усмешкай на вуснах абвясціла малажавая бабуля чароўнага малыша гадоў пяці.

Я трэці дзень назіраю за выбарамі. Павінна адзначыць, што ажыятажу не назіраецца, аднак актыўнасць выбаршчыкаў сёння значна вышэй, чым у першыя два дні. Сёння з 10 да 14 гадзін прагаласавала крыху больш за паўсотні выбаршчыкаў, учора — 101 чалавек, а ў першы дзень — 61. Усяго ў спісы выбаршчыкаў унесена крыху больш за 1630 чалавек, таму працэнт актыўнасці можна падлічыць самастойна.

Аліна Суднік.