«Кліч над Вольсай» аб’яднаднаў малыя гарады
У мінулую суботу на цэнтральнай плошчы Клічава было шматлюдна і весела. Рэгіянальны фестываль традыцыйных культур малых гарадоў «Кліч над Вольсай», які праводзіцца ў нашым горадзе другі раз, сабраў сяброў з малых гарадоў Беларусі, а таксама творчыя калектывы Клічаўскага раёна.
Сярод шаноўных гасцей, якія прыехалі на свята, была і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана ШУТАВА.
У час урачыстага адкрыцця фестывалю, намеснік старшыні Клічаўскага райвыканкама Галіна ДАНІЛКІНА павіншавала ўсіх са святам і падкрэсліла, что фестываль «Кліч над Вольсай» – гэта свята музыкі, творчасці, талентаў, яркіх красак і добрага настрою.
Сапраўды, творчыя калектывы зрабілі гэты дзень непаўторным. Яркія, самабытныя творчыя ансамблі дэманстравалі сваё майстэрства ў народных песнях, танцах, і, нават, дэфіле.
У першым этапе фестывалю «Гарэзлівы млын» кожны калектыў выканаў некалькі народных песен. Дарэчы, большасць з іх гледачы чулі ўпершыню. Былі ў рэпертуары і жартоўныя песні, і самотныя. І кожная з іх запала ў сэрца, бо выкананы яны з душой, з вялікай любоўю да Радзімы і павагай да сваіх каранёў. Госці свята, калі ведалі словы, з задавальненнем падпявалі артыстам. І кожнае выступленне падтрымлівалі гарачымі апладысментамі.
Незабыўнае ўражанне пакінуў і этап пад назвай «Кросны», дзе ўдзельнікі фестывалю дэманстравалі народныя касцюмы і абаранялі іх. Здаецца, чым можа адрознівацца беларускі народны касцюм розных мясцін? Між тым, нават адзенне нашых суседзей з Глускага раёна значна адрозніваецца ад традыцыйных вышываных сцяжкоў Клічаўшчыны. Дарэчы, у гэтым этапе ўдзельнікі фестывалю не толькі паказалі свае нацыянальныя касцюмы, але і расказалі аб тым, што азначае кожны элемент. У беларускай нацыянальнай культуры няма сімвалаў без сэнсу. Адна маленькая рысачка на вышыўцы здольна кардынальна змяніць яе сэнс. А каб «расшыфраваць» пасланне, выведзенае іголкай майстрыхі на адзенні, трэба добра ведаць сваю культуру. Гэтым таксама дзяліліся прадстаўнікі творчых калектываў.
А «Клічаўскі карагод», апошні этап фестываля, увогуле аб’яднаў гледачоў і артыстаў на агульнай пляцоўцы ля сцэны. Фальклорныя ансамблі прадстаўлялі народныя танцы і вучылі ўсіх жадаючых. Гэта было вельмі весела і прыгожа. Пасля майстар-класаў удельнікі фестывалю разам з гледачамі сапраўды аб’ядналіся ў вялікі карагод, у які далучыліся і майстры народнай творчасці.
Дарэчы, іх вырабы прыцягнулі да сябе шмат увагі. На гандлёвых пляцоўках майстроў з Глуска, Бубруйска і Клічава можна было набыць як маленькія рэчы з нацыянальным каларытам, так і вялікія, патрэбныя ў гаспадарцы. Дзятву вабілі імбірныя пернікі, тэкстыльныя лялькі і заколкі з пацерак, «баявыя» пісталеты і шаблі з фанеры. Дарослыя ж больш цікавіліся вышыванымі рушнікамі і пляцёнымі кошыкамі, абярэгамі для роднай хаты і вырабамі з дрэва. Тут, нават, можна было купіць каромысел з драўлянымі вёдрамі і бочачкі для захоўвання розных напояў. Трэба заўважыць, што менавіта каромысел з вёдрамі стаў адным з папулярных атрыбутаў для фотаздымкаў гасцей свята.
Не абышлося тут і без прысмакаў, шчыра прадстаўленых раёнамі.
Напрыканцы свята ўсе ўдзельнікі фестывалю былі ўзнагароджаны дыпломамі
і памятнымі сувенірамі. Начальнік сектара культуры Клічаўскага райвыканкама Уладзімір ВААКС падзякаваў усіх удзельнікаў і выказаў надзею на тое, што фестываль «Кліч над Вольсай» у хуткім часе стане пляцоўкай для папулярызацыі беларускай культуры – унікальнай, шматвекавой, прыгожай і чыстай культуры нашай Белай Русі.
Тэкст і фота: Вольга ЛАПКО.