Спарыш і яго сям’я

Спарыш і яго сям’я

У этнаграфічнай зале краязнаўчага музея асобнай кампаніяй размясціўся керамічны посуд. Пабліскваюць карычневымі бакамі высокія гладышы, важна паглядаюць тоўсценькія гаршкі, цёмныя ад пячнога дыму. Часам здаецца, што яны адчуваюць сябе нейкай элітай у кампаніі старадаўніх рэчаў.

А гэта сапраўды так і ёсь. Гліняны посуд на тэрыторыі Беларусі, як і на землях суседніх усходнеславянскіх народаў пачалі вырабляць яшчэ ў эпоху неаліт (IV-III тысячагоддзі да н. э.) Так з’явіліся першыя вылепленыя ўручную пасудзіны для прыгатавання ежы – гаршкі. 3 цягам часу старажытныя майстры навучыліся рабіць міскі, кубкі, гладышы, збаны, глякі з ручкамі-вушкамі і інш. Практычна ўсе яны аздоблены штампаваным ці прадрапаным арнаментам з простых матываў – ямак, кропак, наколаў, рысачак. На працягу многіх стагоддзяў керамічныя вырабы былі галоўнай кухоннай пасудзінай нашых продкаў. Імі карысталіся ў царскіх і княжых паварнях, на кухнях гараджан, у хатах сялян.

За тысячагоддзі якіх толькі ганчарных вырабаў для прыгатавання і захоўвання ежы не прыдумала чалавецтва! Тут вялікі гляк і гладыш, маленькія гаршочак-абеднік і гаршок-кашнік, гусятніца і кісельніца, крынкі і цэлае сямейства розных гліняных місак, бойкі, адстойнікі, кубкі і шмат чаго яшчэ…

Сама назва «гаршчок» паходзіць ад старажытнаславянскага «грънъ» («горн» – плавільная печ). Сапраўдны надзейны посуд павінен прайсці важны працэс абпальвання агнём. Керамічны посуд вырабляўся з адмысловай ганчарнай гліны, тоўстай, пластычнай, сіняватага, зялёнага ці цёмна-жоўтага колеру, у якую дадавалі кварцавы пясок. Пасля абпалу ў горне вырабы набывалі чырвона-карычневую, бэжавую ці чорную афарбоўку, у залежнасці ад першапачатковага колеру і ўмоў абпалу.

Здзіўляе тое, як старажытныя майстры ідэальна знайшлі форму гаршка. Яна не змянялася ва ўвесь час яго існавання і была добра прыстасавана для падрыхтоўкі ежы ў печы. У ёй гаршкі знаходзіліся на адным узроўні з падпаленымі дровамі і абаграваліся не знізу, як на адкрытым агні, а ўзбоч. Вельмі смачнымі выходзілі розныя стравы з печы, ежа захоўвала максімальную колькасць карысных рэчываў і вітамінаў.

У вялікім сямействе керамічнага посуду шмат дзівосных прыстасаванняў, але самым незвычайным выглядае гаршчок-спарыш. На самой справе гэта не адзін гаршчок, а некалькі, злучаных у адну пасудзіну. Звычайна, гэта два гаршкі з крышкамі і агульнай дугападобнай ручкай. Спарыш служыў гаспадыні, калі яна ці дзеці прыносілі ежу на поле ў час сенакосу ці жніва. Наш музейны спарыш складаецца з двух гаршкоў. А былі ж унікальныя вырабы з трох і нават чатырох пасудзін, пасярэ­дзіне ўмелы майстар мог прыляпіць яшчэ і маленькую сальнічку! Складана ўявіць, як гаспадыня несла гэты даволі вялікі гаршчок, а потым на полі з яго «з’яўлялася» некалькі смачных цёплых дамашніх страў, прыгатаваных у печы!

Спарыш адносіцца да так званых «палявых гаршкоў». А называлі іх у розных мясцовасцях па-рознаму. На Магілёўшчыне, ва ўсходніх і цэнтральных раёнах Віцебшчыны параллельна былі распаўсюджаны назвы «парнікі», «парнічкі», «паркі» і «двайнічкі». У заходніх раёнах Беларусі пераважаў вядомы нам тэрмін «спарышы», а на поўначы Брэсцкай вобласці сустракаліся назвы «блізняты» і «дваякі». Па колькасці пасудзін вызначаліся
звычайна і больш складаныя канструкцыі – «траякі», «чваракі».

Але ў гаршка-спарыша ёсць яшчэ адна, таямнічая старонка біяграфіі. Бо Спарыш – гэта яшчэ i народнае гадавое свята, і персанаж старажытнай беларускай міфалогіі, надзелены здольнасцю забяспечваць багацце, дабрабыт i шчасце наогул. Памятаеце выраз «праца спорылася», гэта значыць, ішла вельмі паспяхова і ўдала.

Спарышамі таксама называлі здвое­ныя каласкі зерня, здвоеныя арэхі. Па такіх арэхах здаўна дзяўчаты варажылі аб замужжы. Калі першым падчас збору арэхаў трапляўся спарыш, у якім абодва арэхі былі з паўнаважнымі ядрамі, гэта абацала дзяўчыне добрую і працавітую сям’ю. Нездарма ў народнай песні спявалася:
Прыспары мне, Спарыш,

І ў доме, і ў полі,
І ў гумне, і ў двары,
І ў клеці, і ў печы…

Вось які ён, гаршчок! Шкада толькі, што наша музейная калекцыя керамікі вельмі сціплая. Хацелася б папоўніць гэта сямейства рознымі цікавымі рэчамі. Таму звяртаемся да чытачоў газеты: калі ў вас недзе на гарышчы старой хаты, ці на дачы маецца гліняны выраб мінулай пары – наша сямейка керамікі прыме яго з задавальненнем у сваю кампанію.

Лідзія Ачыновіч,
навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея.

Последние новости

Молодёжь

Под звуки полонеза и вальса

26 апреля 2024
Актуально

Выступление Президента Беларуси во второй день заседания VII Всебелорусского народного собрания

26 апреля 2024
Спорт

Все на футбол!!!

26 апреля 2024
Прямые телефонные линии

Прямые телефонные линии на 27 апреля

26 апреля 2024
80-ЛЕТИЕ ОСВОБОЖДЕНИЯ БЕЛАРУСИ

На Кличевщине идут выплаты к 9 Мая

26 апреля 2024
НОВОСТЬ ДНЯ

Под чернобыльским крылом

26 апреля 2024
Общество

Дороги, колодцы и человеческое участие

25 апреля 2024
НОВОСТЬ ДНЯ

Делегаты ВНС утвердили Концепцию нацбезопасности и Военную доктрину

25 апреля 2024
НОВОСТЬ ДНЯ

Лёгкая атлетика ищет таланты

25 апреля 2024
Актуально

С 1 мая 2024 года увеличивается размер БПМ

25 апреля 2024

Рекомендуем

Кличевщина

Результаты достойные, но работать есть над чем

23 апреля 2024
ВНС-2024

Мнение делегата ВНС

23 апреля 2024
100-летие Кличевского района

Сто лет – сто деревьев

16 апреля 2024
Безопасность

За безопасность вместе

16 апреля 2024
Профсоюзы

ДОСКА ПОЧЁТА по состоянию на 22 апреля

23 апреля 2024
Правопорядок

Отвечает участковый инспектор милиции

24 апреля 2024
Призыв-2024

Будущие солдаты получили повестки

16 апреля 2024
В трудовых коллективах

На любимой работе труд только в радость!

19 апреля 2024