Навагодні калейдаскоп
Вясёлы і маляўнічы парад Дзедаў Марозаў прайшоў у Клічаве ў мінулы чацвер. Тэатралізаванае шэсце, якое традыцыйна ладзяць напярэдадні свята, дало старт шматлікім навагоднім і калядным мерапрыемствам: дзіцячым ранішнікам, дабрачынным акцыям, стылізаваным кірмашам, забаўляльным канцэртам, моладзёвым тэматычным дыскатэкам…
У гэты дзень па галоўнай вуліцы горада – ад гарадскога рынку да цэнтральнай плошчы, дзе красуецца пры-браная святочная ёлка – прайшлі каля дзясятка чырвонаносых Дзедаў Марозаў з прыгожымі, усмешлівымі Снягуркамі. Кожная казачная пара – са сваёй світай: вясёлымі, дабрадушнымі снега-вікамі, гарэзлівымі пеўнікамі (сімвал наступнага года), вяртлявымі малпачкамі… Галоўныя чараўнікі неслі за плячыма вялікія мяхі – відаць, ужо падрыхтавалі падарункі для малых. Незвычайныя ўзоры на касцюмах, новыя формы і каляровыя рашэнні – хто на што здатны. Усе пастараліся апрануцца ярка і арыгінальна, каб вылучыцца з натоўпу. Прыляцела на наша свята і шкадлівая Бабка Ёжка са сваімі памочнікамі. Казачным злачынцам, вядома ж, прыйшлося назіраць за цудоўным дзействам з боку, бо іх не пусцілі ў агульны строй. Сапраўднае чараўніцтва! Толькі раз у годзе можна ўбачыць такое дзіва!
Разам з героямі казак па цэнтральнай вуліцы рухалася безліч жыхароў горада. Адны крочылі па тратуары, іншыя – у агульнай кампаніі. Шчаслівыя, бадзёрыя, румяныя ад марозу, яны дружна ішлі за навагоднім паравозікам, які вёз на плошчу добры настрой і, напэўна, тыя падарункі, што не адужалі несці чароўныя дзядулі. Зразумела, большасць дарослых да святочнай ёлкі цягнулі дзеці, якія шчыра вераць у цуды. Хлопчыкі і дзяўчынкі літаральна пішчалі ад задавальнення.
На плошчы, дзе ў гэты дзень гандляваў кірмаш, касцюміраваную калону чакала яшчэ шмат гараджан. Тут традыцыйна прайшоў невялікі святочны канцэрт, падчас якога Дзеды Марозы і іншыя казачныя персанажы весялілі народ рознымі забавамі. Кульмінацыяй свята стала запальванне агеньчыкаў на галоўнай ёлцы раёна. Цяпер Клічаўшчына цалкам гатова сустрэць Новы год!
Ганна БЯЗРУЧАНКА.
Фота аўтара.