САКАВІТАЯ ТРАЎКА – МАЛАКА ПРЫБАЎКА
Сярэдзіна чэрвеня. Наша рэдакцыйная машына бярэ кірунак на ферму “Малінавае” філіяла “Клічаўскі” ААТ “КЛІЧАЎРАПТЗ”. Тут утрымліваецца 572 галавы буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 105 – дойны статак. Ужо з’явілася на свет 124 цяляці.
Ноччу прайшоў дождж і вымыў наваколле. На азіміне наліваецца калоссе. Роўнымі радкамі ўзнімаюцца кукурузныя палі. Гладка выкашаныя сенажаці, напоеныя доўгачаканай вільгаццю, у хуткім часе зазелянеюць свежай атавай.
Працоўны дзень у даяркі Святланы Іванаўны ЯБЛОНСКАЙ пачынаецца на досвітку. У 5 гадзін 30 хвілін яна ўжо на ферме. Перш наперш правярае, як пераначавалі, як адчуваюць сябе маленькія цяляткі. Хуценька напоіць іх малачком, насыпле ў кармушкі прысмакаў. Як адзначае галоўны ветурач гаспадаркі, захаванасць прыплоду ў яе групе 100 працэнтаў. Потым пагладзіць і падба-дзёрыць цельных каровак, і нарэшце прыступае да дойнага статка. З 68 “падапечных” дояцца 60. Асаблівая ўвага тым, што толькі ацяліліся. “Каб карова была высокапрадукцыйнай, вельмі важна своечасова раздаіць яе, абавязкова трэба рабіць масаж вымя, і канешне ж, жывёла любіць ласку, – дзе-ліцца сакрэтамі вопытная даярка. — Перш чым падключыць апарат, абавязкова правяраю яго, і калі ёсць нейкія агрэхі на дапамогу клічу слесара Віктара Аляксандравіча Кнігу. Ён таленавіты ў сваёй справе чалавек ”.
Акрамя стандартнага нумару на вуху кожная кароўка мае мянушку. Лялька, Малютка, Гном, Пяструшка… Аднавокую карову па мянушцы Гарэтніца стараецца прылашчыць і пачасаць за вухам, пачаставаць прадбачліва прыпасенай скарынкай ці жменяй сакавітай травы. А тая адгукаецца на ласку і добрыя адносіны, аддзячвае гаспадыню добрым удоем. Рэкардсменка ў статку Лыска дае ўвечары аж па 18 літраў сырадою, ды яшчэ 13 у ранні. Суша, нягледзячы на са-лідны па кароўскіх мерках узрост, а ёй ужо больш за15 гадоў, не адстае ад Лыскі і выдае за два ўдоі 25 літраў малака.
Пасля дойкі каровы адпраўляюцца на пашу, а аператары машыннага даення мыюць даільныя апараты і малакаправод, прыбіраюць памяшканні і хлявы, каб увечары зноў пачаць усё з пачатку. І так з дня ў дзень, з году ў год…
Аліна СУДНІК.
На здымку адна
з лепшых даярак гаспадаркі Святлана ЯБЛОНСКАЯ.
Фота аўтара.