ДАРОГА ДАБРА
Педагогі дзіцячага сада-ясляў № 5 перакананыя, што выхаванне такіх якасцей асобы, як спачуванне, павага, міласэрнасць неабходна прывіваць малышам з самага ранняга ўзросту, таму і прапанавалі бацькам выхаванцаў старэйшай групы падтрымаць сваіх сыночкаў і дачушак у імкненні падрыхтаваць віншаванне са святам 8 Сакавіка незнаёмым бабулям, якія пражываюць у Доме ветэранаў.
Мерапрыемства “Дарога дабра” рыхтавалі ўсе разам. Дзеці з бацькамі напісалі лісты і віншавальныя паштоўкі, напяклі смачнага печыва. З выхавальніцай Людмілай Мацюшонак старанна падрыхтавалі падарункі.
Дзеці хваляваліся не менш, чым дарослыя. Сустрэча атрымалася цёплай і вельмі шчырай. З дзіцячай непасрэднасцю малышы віншавалі бабуль са святам вясны. Ветлівыя словы, вершыкі і песні ў выкананні юных артыстаў да слёз кранулі сэрцы пажылых людзей, а падарункі і пачастункі даставілі мора радасці. Падобныя мера-прыемствы вельмі важныя ў жыцці дзяцей, паколькі служаць добрым прыкладам, вучаць любіць і шанаваць, быць шчырымі, чулымі.
Ажыццявіць падарожжа дзетак у Дом ветэранаў дапамог аддзел адукацыі, спорту і турызму, які прадаставіў аўтобус.
Святлана ТАРЭЛКА,
намеснік загадчыка д/с № 5 г. Клічава па асноўнай дзейнасці.