ГРАМАДCКАЙ БЯСПЕЦЫ І ДЫСЦЫПЛІНЕ — ПІЛЬНАЯ ЎВАГА
У адпаведнасці з Указам № 420 уступілі ў сілу змяненні і дапаўненні ў Дырэктыву Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 г. № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны».
Аб новай рэдакцыі дакумента мы гутарым са Святланай Рабцавай, галоўным спецыялістам па ахове працы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
—Святлана Васільеўна, раскажыце, калі ласка, якія істотныя змяненні ўнесены ў новую рэдакцыю Дырэктывы?
— Адметнай асаблівасцю з’яўляецца мэтавая ўстаноўка на фарміраванне адзіных падыходаў і сістэмную працу па забеспячэнні грамадскай бяспекі і дысцыпліны, прыняцці дадатковых мер па зніжэнні гібелі і траўміравання грамадзян па розных прычынах. Значна пашыраны пералік крытэрыяў ацэнкі выканання Дырэктывы № 1. Да іх адносяцца: забеспячэнне здаровых і бяспечных умоў працы, прамысловай, пажарнай, ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту, фарміраванне правапаслухмяных паводзін, здаровага ладу жыцця, навыкаў па забеспячэнні асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян.
— Унясенне змяненняў і дапаўненняў у дакумент, напэўна, прадыктавана сітуацыяй, што склалася ў арганізацыі аховы працы на вытворчых аб’ектах?
— Адназначна. У час маніторынгаў і праверак устаноўлены шматлікія парушэнні ў забеспячэнні бяспечных умоў працы, у тым ліку сур’ёзныя парушэнні пажарнай бяспекі, правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспарту, што стварае рэальную пагрозу жыццю і здароўю людзей, наносіць вялікі эканамічны ўрон. Па афіцыйных дадзеных, 92% пажараў, якія здарыліся ў першым паўгоддзі на грамадскіх і вытворчых аб’ектах, адбылося з-за парушэння вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны. Аб магчымым унясенні змяненняў у Дырэктыву Прэ-зідэнт Беларусі гаварыў на нарадзе яшчэ ў пачатку жніўня, акцэнтуючы ўвагу на тым, што новы дакумент павінен быць прыземленым і канкрэтным. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што ў гэтых пытаннях не павінна быць фармалізму.
—У нашым раёне таксама створана мабільная група, якая маніторыць стан спраў па акрэсленай тэме. Падзяліцеся вынікамі гэтай работы.
— Усяго з пачатку года разам з дзяржаўным інспектарам абследавана 136 аб’ектаў рознай формы ўласнасці. Выяўлена 1506 парушэнняў, з іх 789 былі аператыўна ліквідаваны. На ўсе выяўленыя парушэнні наймальнікам былі прапісаны рэкамендацыі для хуткага ўхілення парушэнняў правілаў і нормаў аховы працы.
У арганізацыях аграпрамысловага комплексу і будаўнічай галіне зафіксаваны выпадкі незабеспячэння працаўнікоў сродкамі індывідуальнай абароны. Праведзены інструктажы і заняткі па пытаннях аховы працы. Па выніках планавых праверак Магілёўскім абласным упраўленнем Дэпартамента дзяржінспекцыі працы за парушэнне заканадаўства аб ахове працы да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 9.17 ч. 1 КоАП прыцягнуты 2 службовыя асобы з ліку правераных прадпрыемстваў на агульную суму 4,5 млн рублёў.
—Святлана Васільеўна, Вы даўно працуеце на гэтай пасадзе, таму Вам даволі проста назваць асобныя механізмы, прадугледжаныя змяненнямі і дапаўненнямі, для забеспячэння бяспечных умоў працы і жыцця.
—Павінна звярнуць увагу кіраўнікоў арга-нізацый і устаноў усіх формаў уласнасці на патрабаванні да транспартнай дысцыпліны. Неабходна няўхільна праводзіць ва ўстаноўленым парадку перадрэйсавыя і іншыя медыцынскія абследаванні вадзіцелей, а таксама забяспечваць адпаведнасць тэхнічнага стану транспартных сродкаў патрабаванням бяспекі дарожнага руху. Ні пры якіх абставінах не выпускаць за межы мехдвароў няспраўны транспарт.
У якасці мер па ўмацаванні грамадскай бяспекі пры правядзенні культурна-масавых, спартыўных мерапрыемстваў устаноўлена персанальная адказнасць арганізатараў і кіраўнікоў арганізацый, на балансе якіх знаходзяцца аб’екты. За забеспячэнне парадку на разнастайных мерапрыемствах і грамадскую бяспеку персанальная адказнасць ускладзена на кіраўнікоў органаў унутраных спраў. Дырэктывай прадугледжана штогадовае абследаванне аб’ектаў сацыяльна-культурнага і сацыяльна-бытавога прызначэння, невыкарыстоўваемых капітальных пабудоў. Уласнікі аварыйных памяшканняў будуць абавязаны прымаць меры па забеспячэнні іх бяспечнай эксплуатацыі або зносе ці абмежаванні доступу ў іх старонніх асоб.
—У краіне прымаюцца меры па зніжэнні алкагалізацыі насельніцтва. Што новага аб гэтым сказана ў Дырэктыве?
— Адна з мер – прыцягненне работнікаў арганізацый да дысцыплінарнай адказнасці аж да звальнення за з’яўленне на працы ў стане алкагольнага ап’янення, а таксама распіццё спіртных напояў, ужыванне наркатычных сродкаў у працоўны час або на працоўных месцах. Дарэчы, з пачатку года ў раёне прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці 148 работнікаў, за парушэнні працоўнай дысцыпліны — 96 (акрамя звальнення). Звольнена за прагулы 40 чалавек, яшчэ 8 – за знаходжанне на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Згодна з Указам да 1 студзеня 2016 года неабходна прыняць меры па ўзмацненні жорсткасці патрабаванняў да вытворцаў алкагольнай прадукцыі ў частцы павышэння яе якасці, а таксама выпрацоўцы механізму і адзіных падыходаў па арганізацыі працы, накіраванай на паэтапнае скарачэнне спажывання насельніцтвам алкагольнай прадукцыі.
— Што сказана ў Дырэктыве аб асабістай адказнасці работнікаў за ўласную бяспеку?
— Прэзідэнт даручыў Савету Міністраў сумесна з зацікаўленымі дзяржорганамі і арганізацыямі да 1 студзеня 2016 года прыняць меры па павышэнні адказнасці работнікаў за асабістую бяспеку і ўласнае здароўе, а таксама бяспеку ўсіх, з кім у працэсе працоўнай дзейнасці даводзіцца быць побач. З мэтай зніжэння колькасці надзвычайных сітуацый і памераў сацыяльнай, эканамічнай і экалагічнай шкоды пры іх узнікненні пры падрыхтоўцы праекта Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады плануецца прадугледзець у ёй асноўныя напрамкі па забеспячэнні бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва. Кожны павінен сам клапаціцца аб уласным здароўі і бяспецы і ўсведамляць меру гэтай адказнасці.
– Дзякуй, Святлана Васільеўна, за гутарку.
Аліна СУДНІК.