Школа поспеху клічаўскіх тэнісістаў
Восень гэтага года для юных тэнісістаў Клічаўшчыны ўжо можна назваць зоркавай, бо гэтулькі важкіх рэзультатаў за лічаныя месяцы!
Спачатку – абсалютная перамога ў абласных спаборніцтвах дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства, затым 2-е агульнакаманднае месца дзяўчынак-тэнісістак у рэспубліканскіх спаборніцтвах, рэзультатыўны ўдзел у камандна-асабістых рэспубліканскіх спаборніцтвах, першынстве ДЮСШ №1 горада Магілёва. “Самы галоўны вынік, – лічыць трэнер Юрый Чыжонак, – заваяваны трывалыя пазіцыі ў дзіцячым настольным тэнісе вобласці і Беларусі. Як сведчанне – запрашэнні ад вядомых трэнераў, арганізатараў спаборніцтваў розных узроўняў да ўдзелу ў новых спаборніцтвах. Для рабят гэта магчымасць адточваць сваё майстэрства. І браць новыя спартыўныя вышыні”.
Узыходжанне нашых юных тэнісістаў працягваецца, і на пачатку лістапада ў нас зноў з’явіўся повад ганарыцца імі і ўсклікнуць: ”Малайцы! Так трымаць!”
З 31 кастрычніка па 2 лістапада ў Гомелі праходзіла штогадовае адкрытае рэспубліканскае першынство СДЮШАР БФСТ “Дынама” па настольным тэнісе сярод юнакоў і дзяўчат. Сёлета за асабістае першынство ў ім спаборнічалі мацнейшыя спартсмены з ДЮСШ гарадоў Брэста, Гродна, Мінска, Наваполацка (Віцебская вобласць), Бабруйска, Гомеля …і Клічава! Спаборніцтвы ішлі па дзвюх узроставых катэгорыях удзельнікаў: 1998-2001, 2003 гадоў нараджэння і маладзей.
У турніры прынялі ўдзел выхаванцы Клічаўскай ДЮСШ Аляксандра Чыжонак (2000 год нара-джэння), Канстанцін Чыжонак (2004) і Аліна Радзюкевіч (2003).
Спаборніцтвы праходзілі па кругавой сістэме (кожны павінен пра-весці гульню з кожным). Спартс-менам спатрэбілася не толькі майстэрства, вытрымка, сабранасць, але і, вядома ж, удача. Рэзультаты трох дзён спаборніцтваў нашых юных тэнісістаў выглядаюць наступным чынам. У пад-групе Аляксандры Чыжонак вы-ступалі 24 спартсменкі. На жаль, у першы дзень яна не змагла выйсці ў рашаючы фінал спаборніцтваў. Але на другі і трэці дзень ішлі гульні другога фіналу за асабістыя месцы ад 13 да 24, і Аляксандра заняла тут 1-е месца.
Ва ўзроставай групе Канстанціна Чыжонка спаборнічала 40 спартсменаў. Па рэзультатах гульняў першага дня ён заняў 1-е месца ў сваёй узроставай падгрупе (сярод 16 сапернікаў). Па выніках турніру Канстанцін заваяваў 3-е прызавое месца. Узнагароджаны дыпломам і вялікай мяккай цацкай.
Для Аліны Радзюкевіч (на здымку) турнір адразу складваўся паспяхова. У яе группе спаборнічалі 28 спартсменак, якія былі падзелены на 5 узроставых падгруп. Адну з іх Аліна ўзнача-ліла і выступала пад №1. Паводле ўмоў турніру, толькі пераможца ў сваёй падгрупе мог удзельнічаць у розыгрышы прызавых месцаў. І Аліна змагла! Яна заняла такое жаданае 1-е месца. У фінале ёй прадстаяла барацьба з мацнейшай мінскай тэнісісткай Ульянай Альхоўскай. І гэтую барацьбу Аліна завяршыла перамогай! Пасля саперніцай спартсменкі стала прадстаўніца горада Гомеля Дар,я Васіленка, прызёр міжнароднага турніру ў Германіі, якую Аліна ўпэўнена абы-грала з лікам 3:1. Тым самым выканала 1-шы дарослы спартыўны разрад па тэнісе (дзеля гэтага на працягу года ёй неабходна было абыграць 8 спартсменаў 2 разраду і 8 – юнацкіх разрадаў). У выніку гэтых сустрэч Аліна Радзюкевіч заваявала ў сваёй узроставай групе абсалютную перамогу ў турніры і ўзнялася на вышэйшую ступеньку гонару!
Днямі я сустрэлася з нашай маленькай зоркай тэнісу. Першыя ўражанні: харызматычная, смелая, за словам у карман не лезе, адразу адчуваецца ў гэтым падлетку характар, шырокі кругагляд. Цікаўлюся:
– Аліна, табе нядаўна толькі дзесяць гадоў споўнілася. Чым ты захапляешся, як вучышся, аб чым марыш?
– Люблю танцы, вучуся на харэаграфічным аддзяленні ў дзіцячай школе мастацтваў. Любімы прадмет у школе – матэматыка, і па ўсіх астатніх прадметах адзнакі– 9 і 10. Тэніс – адно з сур’ёзных захапленняў. Кожны дзень распісаны, дамоў вяртаюся бліжэй да сямі гадзін вечара. Але мне усё падабаецца, хоць, бывае, часам стамляюся.
– Ці ўпэўнена адчуваеш сябе на вялікіх спаборніцтвах, калі аўтарытэтныя суддзі, сур’ёзныя сапернікі, шмат гледачоў? Не боязна?
– Ваўкоў баяцца – у лес не хадзіць! – весела выгуквае дзяўчынка ўжо з суседняга пакою кватэры, бо спяшаецца збірацца, каб не спазніцца на заняткі па харэаграфіі.
Кім стане ў будучым, Аліна яшчэ не вызначылася. А для бацькоў-настаўнікаў Радзюкевічаў (Аліна меньшае, трэцяе дзіця) галоўнае, каб расла іх дачушка здаровай, шчаслівай і была годным чалавекам. Трэнер жа адзначае ў сваёй выхаванкі яркі спартыўны характар, бо як бы ні складвалася сітуацыя каля тэніснага стала, яна заўсёды шукае выйсце і знаходзіць правільнае рашэнне. Вельмі важныя рысы характару для любога спартсмена, як і воля да перамогі. Поспехаў табе, Аліна!
Ніна Ізох.
Фота аўтара.