Клічаўлянка стала пераможцай рэспубліканскага юніёрскага ляснога конкурсу ў намінацыі “Экалогія лясных культур”
“Квітней, мой лес!”
Такую паэтычную назву мае рэспубліканскі юніёрскі лясны конкурс, які штогод з 20 красавіка па 20 чэрвеня праводзіць Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі. Ён стаў добрай традыцыяй у справе фарміравання сярод моладзі беражлівых адносін да лесу і яго жыхароў.
У конкурсе прымаюць удзел члены школьных лясніцтваў, а таксама студэнты – будучыя спецыялісты лясной гаспадаркі. Конкурс праходзіць у два этапы ў намінацыях “Устойлівае лесаўпраўленне”, “Экалогія лясных раслін” і “Экалогія лясной жывёлы”.
На абласным узроўні першы этап конкурсу праводзіўся з 20 красавіка па 20 мая. Для ўдзелу ў ім неабходны пакет дакументаў і рэферат у Магілёў-скае дзяржаўнае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне прадставіла і сямікласніца Крысціна Сазанавец, вучаніца СШ №2 горада Клічава, на базе якой ужо трэці год дзейнічае школьнае лясніцтва. Тэмай сваёй работы аўтар выбрала “Экалагічны маніторынг участка Клічаўскага лясніцтва (кварталы № 19, 20, 32)”.
Па выніках абласнога этапу ў клічаўлян ёсць падставы парадавацца за поспехі юнай зямлячкі. Паводле рашэння журы Крысціна стала пераможцай у намінацыі “Экалогія лясных культур”. Яна заняла першае месца, узнагароджана дыпломам І ступені.
Цяпер Крысціна, як канкурсант, які заняў прызавое месца на першым абласным этапе, рыхтуецца да ўдзелу ў другім этапе конкурсу. Яго арганізуе ўжо Мінлясгас. Зараз ёй неабходна правесці прэзентацыю свайго рэферата перад членамі рэспубліканскага журы з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій і адказаць на іх шматлікія пытанні, набраць запаветныя максімальныя 10 балаў! Вось такая няпростая задача стаіць перад клічаўскай школьніцай. Віншуем Крысціну і яе кіраўніка, настаўніцу біялогіі Наталлю Аляксееўну Кнігу з перамогай! Жадаем і надалей быць першымі сярод роўных!
Хацелася б яшчэ некалькі спыніцца на змесце рэферата, бо ён датычыцца жыцця і адпачынку кожнага клічаўляніна. У гэтай рабоце аўтар правёў даследаванні ўчастка Клічаўскага лясніцтва (у яго ўваходзіць і тэрыторыя наўкол Кургана Бессмяротнасці, лесапункта), замацаванага за СШ № 2 Клічава, і яго цікавіла, наколькі спрыяльнае экалагічнае становішча на гэтай тэрыторыі і ці мэта-згодна яе выкарыстоўваць для стварэння тут зоны адпачынку. Быў праве-дзены маніторынг сацыяльна-эканамічнага і прыроднага блокаў, падрыхтаваны праект стварэння зоны адпачынку ў лясным масіве. Сабраны надзвычай багаты рознахарактарны матэрыял. Рэдакцыю ж больш за ўсё за-цікавілі прапановы наконт стварэння ў гэтым мікрараёне зоны адпачынку, тым больш што пачатак ужо зроблены. Бо некалькі гадоў тут дзейнічае запатрабаваная спартсменамі раёна і клічаўлянамі лыжная траса, устаноўлена электралінія для яе асвятлення ў вячэрні час. Аўтар рэферата і яго кіраўнік прапаноўваюць: ачысціць тэрыторыю ад смецця, ачысціць і паглыбіць пруд, які тут ёсць, устанавіць каля яго лавачкі, па-будаваць пункт пракату канькоў і лыж побач са стартавай пляцоўкай лыжнай трасы, на якой заасфальтаваць участак пад лыжаролерную трасу; насыпаць побач з вадаёмам горку для катання на санках у зімовы час і многае іншае.
На наш погляд, прапановы слушныя і варта ўвасобіць іх у жыццё. Дарэчы, паводле апытання вучняў школы, добрая іх частка толькі “за”, яны гатовы папрацаваць на такіх аб’ектах. Думаецца, што клічаўляне, работнікі прадпрыемстваў, моладзь, аматары спорту на добраахвотнай аснове падтрымалі б гэту выдатную ідэю. Усім мірам можна вырашыць важную праблему ў арганізацыі адпачынку гараджан.