У раёне

Акцыя «Дрэва героя» прайшла на Клічаўшчыне

Клічаўляне актыўна падтрымалі экалагічную акцыю «Дрэва героя». Як расказаў намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандр КРЫВАНОС, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, грамадскіх аб’яднанняў РГА «Белая Русь», ГА «БРСМ», ГА «Беларускі фонд міру» Клічаўскага раёна, навучэнцы Дзмітраўскай сярэдняй школы, СШ №1 горада Клічава, Клічаўскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, работнікі аддзелаў па адукацыі і ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, прадстаўнікі адасобленай групы раённага ваеннага камісарыята далучыліся да акцыі «Дрэва героя», прымеркаванай да Года гістарычнай памяці, ініцыяванай Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. У рамках акцыі ўдзельнікі ў памяць аб загінуўшых воінах і ахвярах фашызму падсадзілі дрэвы на алеях мемарыяльных комплексаў «Вязень-Сялец» і «Усакіна», ушанавалі мінутай маўчання памяць герояў і ўсклалі кветкі да абеліскаў.

Каб бачыць усё цудоўнае, што ёсць у Беларусі

З верасня гэтага года навучэнцы школ і каледжаў могуць скарыстацца адзіным бясплатным днём для наведвання музеяў Беларусі. Гэта прадугле­джана пагадненнем аб супрацоўніцтве ў вобласці музейнай справы паміж міністэрствамі культуры і адукацыі, і якое з мэтай выхавання падрастаючага пакалення дазваляе выкарыстоўваць музейны патэнцыял краіны. 

Зараз бясплатна школьнікі і навучэнцы каледжаў могуць наведваць гістарычныя, краязнаўчыя музеі, а таксама прысвечаныя гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У рамках праекта ўстаноўлены адзіны дзень бясплатнага наведвання музеяў у апошнюю сераду месяца.

Першымі ў Клічаўскім раёне гэтым правам скарысталіся 29 навучэнцаў Пярэкальскай і Нясяцкай сярэдніх школ, якія наведалі днямі Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Раманава.

У школьнікаў – канікулы!

Першая чвэрць навучальнага года скончылася, навучэнцам выставілі адзнакі і адпусцілі адпачываць ад вучобы. Але кожная навучальная ўстанова раёна працуе і зараз. Падчас асенніх канікул, якія працягваюцца сёлета з 30 кастрычніка да 7 лістапада ўключна, ва ўсіх школах Клічаўшчыны працуюць аздараўленчыя лагеры для вучняў малодшых класаў. Усяго ў іх адпачнуць і паправяць здароўе 315 хлопчыкаў і дзяўчынак. Для іх наладжана як добрае харчаванне, так і прапануюцца разнастайныя цікавыя мерапрыемствы.