У раёне

Тыдзень бацькоўскай любові

Традыцыйна ў Беларусі 

14 кастрычніка адзначаецца Дзень маці, 21 кастрычніка сёлета ўпершыню будзем святкаваць Дзень бацькі. Прамежак паміж гэтымі датамі назвалі Тыднем бацькоўскай любові.

Плануецца, што 14 кастрычніка ў раённым Доме культуры адбудуцца ўрачыстасці і канцэртная праграма, прысвечаныя Дню маці. Правядуць мерапрыемствы і сельскія клубныя ўстановы, у тым 

ліку – паўсямесна акцыю «Павіншуем маму разам».

Падчас тыдня бацькоўскай любові ва ўсіх школах, дзіцячых садках і іншых установах аддзела па адукацыі райвыканкама пройдуць шматлікія мерапрыемствы. Сярод іх – міні-сачыненне «Якое шчасце, што вы ёсць мамачка і тата!», фотавыстаўка «Ты адзін такі, любы тата мой!», гадзіна зносін «Дзякуй, мілая мама!», у клубах па інта­рэсах, гуртках дзеці сваімі рукамі зробяць для бацькоў паштоўкі і сувеніры.

Шэраг мерапрыемстваў рыхтуе РЦСАН. У прыватнасці, з 13 да 21 кастрычніка тут будзе дзейнічаць выстаўка-продаж вырабаў ручной работы наведвальнікаў аддзяленняў дзённага прабыцця для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту. Моладзь рыхтуе і канцэрт для сваіх маці.

Ушануюць маці-працаўніц і ў прадпрыемствах, арганізацыях і ўстановах раёна. Галоўнае, усе мерапрыемствы тыдня будуць накіраваны на павышэнне ролі сям’і, маральных каштоўнасцей у ёй, аўтарытэту абодвух бацькоў. 

І ў міжсезонне быць з вітамінамі 

Аддзел нарыхтовак раённага спажывецкага таварыства ў гэтыя восеньскія дні вядзе закладку свежай гародніны і садавіны на міжсезонне, каб і ў халады яны былі на прылаўках нашых магазінаў.

Як паведаміў намеснік старшыні райста Васіль РАБЦЭВІЧ, на захоўванне ўжо пакладзена каля 20 тон цыбулі. Заключаны дагаворы з фермерамі на пастаўку аж да лютага яблыкаў позніх, лёжкіх сартоў, з тымі, ў каго ёсць і сады, і сховішчы для захоўвання ўраджаю. Ёсць дамоўленасць аб пастаўцы яблыкаў у нашу гандлёвую сетку і з суседняга кіраўскага «Рассвета».

У гэтыя дні райста актыўна купляе ў насельніцтва раёна харчовую бульбу, якой неабходна закласці каля 100 тон. На чарзе – морква і сталовыя буракі. Калі ў вас ёсць лішкі такой прадукцыі добрай якасці – калі ласка, яе ў вас закупяць. Крыху пазней, як надыйдуць тэрміны ўборкі, на міжсезонне будзе закладзена і капуста.

Сёлета ўраджай на гародніну добры, таму і аб’ёмы закладкі яе на міжсезонне на Магілёўшчыне павялічаны.

У лясгасе садзяць лес

Лесаўзнаўленне – адзін з галоўных клопатаў Клічаўскага лясгаса. Сёлета лясы Клічаўшчыны пацярпелі ад  ветравалаў.  

Ёсць такія ўчасткі і ў Доўгаўскім, і ў Усакінскім лясніцтвах. На частцы з  тых, што распрацаваны, а драўніна адсюль вывезена, ў гэтыя восеньскія дні будзе пасаджаны малады лес – сасна, бяроза, у цэлым 20 га.

Зараз жа  ва ўсіх лясніцтвах на  новых дзялянках  ідзе падрыхтоўка глебы пад пасадку будучай вясной 140 га маладога лесу. 

Працуюць лесаводы і над дапаўненнем лясных культур. Так, у кастрычніку 41 га маладых пасадак дапоўнены ў Каўбчанскім, Патоцкім, Клічаўскім, Ганчанскім, Запольскім лясніцтвах. Работы працягваюцца, яны будуць выкананы ў лясным фондзе паўсямесна.

Тэкст: Ніна ІЗОХ