Артыстам спадабаўся Клічаў
Прафсаюзны праект «Мы – разам» сёлета праводзіцца пад дэвізам «З вялікай любоўю да малой радзімы» і крочыць па Беларусі. Знакамітыя артысты і маладыя выканаўцы ўжо выступілі з канцэртамі ў Наваполацку, Стаўбцах, Чавусах, Бабруйску, Глуску, а 15 верасня завітаюць да нас у Клічаў. Музычная культурна-забаўляльная вераснёўская субота абяцае падарыць нам шмат прыемных сустрэч і ўражанняў, сюрпрызаў і дзіцячых забаў.
Так што, шаноўныя землякі, запрашайце гасцей і назначайце на гэты дзень сустрэчы на галоўнай плошчы горада. І вы першымі даведаецеся пра нашых славутых землякоў, пазнаёміцеся з працоўнымі дынастыямі, лепшымі спартсменамі года, з творчай інтэлігенцыяй і таленавітымі дзецьмі. Сёлета гэты праект мае цікавую сацыяльна значымую адметнасць, але пра гэта мы раскажам пазней. А зоркі беларускай эстрады і аматарскія творчыя калектывы, фіналісты конкурсу «Новыя імёны Беларусі» з нецярпеннем чакаюць сустрэчы з нашымі гасціннымі і ўдзячнымі гледачамі.
Сяргей ГРАШЫЛАЎ, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў.