Хлеб на снеданне і на абед заўсёды кожны гаспадар выбірае самастойна. Цяпер не толькі выбар залацістых боханаў даволі шырокі, а і вытворцы выстройваюцца ў чаргу перад пакупнікамі, наперабой прапануючы самы шырокі асартымент хлебабулачных вырабаў.
Калі мы з апетытам смакуем акраец хлеба, то нават не задумваемся, колькі сіл, працы, энергі, руплівасці чалавека ўкладваецца ў кароценькае слова «хлеб». У кожным бохане сканцэнтравана праца вучоных, якія выводзяць новыя гатункі зерня, інжынераў – стваральнікаў дасканалай тэхнікі, хлебаробаў, перапрацоўшчыкаў зерня, пекараў.
Напэўна, ніхто не стане аспрэчваць той факт, што клічаўскія хлебапёкі пастаўляюць у гандлёвую сетку самыя смачныя батоны і багеты, рагалікі і вітушкі.
Вытворчы цэх Клічаўскага раённага спажывецкага таварыства мае даўнюю і звыклую ўсім назву «хлебазавод», крыху радзей ва ўжытку – «пякарня».
Тут кожны дзень выпякаюць 16-17 гатункаў хлебабулачных вырабаў. У вялізных чанах пульхкае закваска, у расстойных шафах падыходзіць, набіраецца моцы яго вялікасць ХЛЕБ. Другая змена на пякарні пачынаецца а 16 гадзіне. Брыгада з 5 чалавек пера- апранаецца ў лёгкія белыя халаты ці касцюмы і прыступае да працы. Спачатку муку накіроўваюць у прасейвальную машыну, тут яна ачышчаецца ад старонніх прымясей і абагачаецца кіслародам, за працэсам назірае брыгадзір і пекар у адной асобе Алена Барысаўна ХАНДЗЕЦКАЯ. Яна хуценька перамяшчаецца ў невялікай прасторы, раскрывае мяхі з мукой, штосьці папраўляе, а праз нейкі момант адчыняе вялікі чан, вызваляе цестамясільны вал ад рэшткаў цеста і перакочвае чан на спецыяльны пад’ёмнік фармовачнай машыны.
Назіраць за працай цеставода Аляксандра Фёдаравіча РУСЕЦКАГА асабліва прыемна. Ён, канешне ж, дакладна ведае, што да замесу цеста варта падыходзіць толькі з самымі станоўчымі эмоцыямі. Бо цеста – «жывы» арганізм. Таму з пазітыўным настроем «чаруе» над чанам, падлівае ваду. Дарэчы, вада ў гэты дзень адключылася па ўсім горадзе, але для хлебапёкаў гэта не стала перашкодай, бо на такі выпадак маецца запасны рэзервуар чыстай пітной вады.
Аляксандр Фёдаравіч спачатку развёў дрожджы, а затым звыклымі рухамі лоўка засыпаў і змяшаў іншыя інгрэдыенты: соль, цукар, масла, муку. Потым падкоціць чан пад міксер-цестамес, які завершыць пачатую чалавекам справу.
На лесвічку фармовачнай машыны спрытна ўзбіраецца фармоўшчык Алена Міхайлаўна КРЫВАНОС і спецыяльнай лапаткай ачышчае рэшткі цеста з расстойнага чана. Наступная аперацыя нагадвае гульню у баскетбол: фармоў-шчыца ўважліва сочыць за паўфабрыкатам, які выкочваецца з машыны, ацэньвае яго, некаторыя адбірае і, не гледзячы, закідае кавалкі назад у фармовачную машыну, а ў гэты ж час на другім канцы лініі пекар Паліна СІНКЕВІЧ толькі паспявае раскідваць іх па формах, каб потым выставіць на стэлажы і адправіць у расстойную шафу.
Завяршае працэс пекар Любоў Аляксандраўна ІЗОХ. Яна сочыць за хлебам у печы.
А чароўны водар, што ідзе ад печы, запаўняе цэх , а потым вырываецца за межы пякарні і дае магчымасць прахожым адчуць непаўторны пах свежаспечанага хлеба.
Аліна СУДНІК.
Фота аўтара.