Темы

Ганна Міхайлаўна Лапаціна з вёскі Віркаў сустракае сваю 80 вясну

Ганна Міхайлаўна Лапаціна з вёскі Віркаў сустракае сваю 80 вясну

Так лічылі старажытныя людзі. З таго часу мала што змянілася ў жыццёвых каштоўнасцях. І сёння шчаслівыя тыя, хто любіць жыццё, захаваў пачуццё гумару, дорыць блізкім цеплыню і клопат. Мудрасць прыходзіць з гадамі. Яны бягуць, а чалавек становіцца не старэй, а лепш. А самая чароўная сіла на зямлі – гэта любоў да людзей.
Ганна Міхайлаўна Лапаціна з вёскі Віркаў сустракае ўжо сваю 80 вясну. Па-знаёміўшыся з ёй, чарговы раз упэўнілася, што ўзрост не абавязкова вызначаецца колькасцю гадоў. Напэўна, гэта больш стан душы, стан самаадчування і здароўя.
– Зіма доўгая, каб не нудзіцца, чым-небудзь займаюся, – распавядае жанчына. – Даўней зімой у Піліпаўку на вячоркі хадзілі. Трэба ж было і напрасці, і наткаці, вышыўкай, карункамі рэчы аздобіць. Моладзь збіралася ў каго-небудзь у прасторнай хаце, і кожны займаўся сваёй справай. А ў весну да Вялікадня ўжо кросны ткалі.
А за гэту зіму я пар сем цёплых панчох на прутках звязала. Зручна, замест ануч у боты. Сабе, ды і ўсёй сямейцы.
Слухаю яе разважанні, сэрца шчыміць, бо нібы з дзяцінства чую родны голас. Некалі і мая бабуля казала гэтак жа важка-ласкава “сямейка”. Ганна Міхайлаўна так называе сваіх нашчадкаў: дачку з зяцем, унукаў, маленькіх праўнукаў. Яе сядзіба на самым ускрайку Віркава, да лесу прытулілася, яна адна тут жыве, а яны – у горадзе. Але ўсе думкі маці, яе клопаты, малітвы да Усявышняга – толькі аб іх.
– А яшчэ чым захапляецеся?
– Ёсць час – на швейнай машынцы шыю. Вось дзяўчатам сваім паркалёвыя сарафаны на лета новыя прыгатавала (дэманструе свае вырабы). Асабліва ўнучка любіць у такіх хадзіць, загараць.
Разглядаю. Сапраўды, выдатна атрымалася, прыгожа. У такім узросце і так усё акуратна зроблена, роўненька швы застрочаны, выведзены!
– Дык я ж з маладосці шыла, не толькі сабе, а і аднавяскоўцам, – тлумачыць жанчына. – І вышываць на машынцы добра ўмею.
Яшчэ вось дываночкі на падлогу парабіла. Спачатку кручком фрагменты вяжу, затым нашываю на тканіну. Так надзейна, больш праслужаць.
– А гэтыя яркія саматканыя посцілкі на ложках, вышыўка, чые?
– Посцілка “у дымкі” яшчэ маёй маці, вельмі берагу яе. Гэту выткала я, мая – “у маточкі”. Вышыванне таксама маё. І дачцэ сваёй, як замуж яе выдавала, таксама пасцельную бялізну вышывала.
Раскажу вам, як даўней дзяўчаты да вяселля рыхтаваліся. Замуж за свайго Аляксея (па пашпарту – Аляксандр) я ішла ў 1960 годзе. Пасаг добры трэба было мець: не толькі ўсю пасцель, але і ручнікі тканыя, вышываныя на абразы, абрусы такія ж на стол, навалачкі вышываныя, гафтаваныя фіранкі і іншае. Вяселле маё было зімой. Малады са сваімі дружкамі на кані па мяне ехалі. Дугі ўпрыгожаныя рознакаляровымі папяровымі лентамі, кветкамі, бразготкі звіняць, гармонік на ўсю ваколіцу спявае. А як увайшла ў хату да свякрухі – першай справай прама на стравы вясельнага стала накінула абрус сваёй работы, павесіла ручнік на асадку (сямейныя фота ў адной рамцы) – значыць, уступіла ў новую сям’ю, прынялі мяне. Вось такі звычай быў.
Нашу гутарку перапыняе тэлефонны званок.
– Пачакайце, крышачку, – падхапілася Міхайлаўна. – Трэба адказаць, бо дзеці тэлефануюць. У нас так дамоўлена, у пэўны час двойчы на дзень размаўляем, бо хвалююцца за мяне, здароўе ж ужо не тое…
Яна гутарыць, а я думаю аб тым, што шчаслівая тая маці, аб якой у старасці клапоцяцца, паважаюць, калі яна такая ж любая і вельмі запатрабаваная. У жыцці, пагадзіцеся, часта бывае і наадварот.
Нібы падслухаўшы мае думкі, жанчына пачынае гаварыць аб сваёй сямейцы.
– Дзякуй Богу за дзяцей. І тэлефануюць, і ўсе разам прыязджаюць, усю работу робяць. Зяць мой, што сын. Добры чалавек і гаспадарлівы. Во пашырыў дом, з ранейшага калідора з розных сучасных матэрыялаў зрабіў кухню, сам і шпалеры паклеіў, і пафарбаваў усё. За што не возьмецца – зробіць, з дрэвам працуе, з жалезам.
Разгарнуцца ў Ганны Міхайлаўны сапраўды ёсць дзе. Зямлі ладны надзел, толькі бульбы мяхоў пад 20 садзяць, а яшчэ збожжавыя ды ўсю гародніну. Каб зямлю апрацоўваць, ёсць і свой мота-блок, і трактар з прычэпам. Ёсць і ўласны млын. А мужчынскія дужыя рукі – зяцевы ды ўнукавы. За імі і яны, жанчыны, – гаспадыні!
“Наша парода, “амерыканцава”! – жартуе Ганна Міхайлаўна і молада смяецца. А я, праўда, тут не дужа яе разумею. Аказваецца, за гэтым не толькі цікавая гісторыя, а цэлы лёс сям’і. Аб тым і паведала мне гаспадыня.

Віркаўскія “амерыканцы”

Амерыканцы – гэта вясковая мянушка і зусім не крыўдная, а мо і наадварот. Можна сказаць, як прызнанне гаспадарлівасці, дзелавой хваткі. Пачалося ўсё яшчэ напрыканцы 19-га стагоддзя. Тады, гэтак як і зараз, нямала людзей з Віркава, ды з іншых мясцін Беларусі шукалі лепшай долі, заробкаў за мяжой. Родны дзядька Ганны Міхайлаўны, бацькаў брат, паехаў у Амерыку. Быў ён чалавек самастойны, гарэлкі не піў, не курыў, майстар – на ўсе рукі, больш – адмысловы каваль. Таму знайшоў сваё месца пад сонцам і ў далёкай краіне. Гадоў 7 ён там пражыў, дом свой пачаў ставіць. Пасля паехаў на Радзіму, каб забраць сваю жонку з сынам, ды застала рэвалюцыя. Так і не вярнуўся ён больш у Амерыку. Жыў з сям’ёй у Віркаве. Ад грошай, што прывёз з сабой з-за мяжы, мала што засталося, час быў такі, калі былі “ворагі народа” і чорныя “варанкі” па начах… А затым была Вялікая Айчынная вайна…
– У вайну я малая была, – распавядае Ганна Міхайлаўна. – Але штосьці памятаецца выразна. Напрыклад, дзень, калі немцы, а больш паліцаі, лютавалі. Хату нашу таксама тады палілі. Крытая ж яна была саломай, таму хутка занялася і згарэла. Гэта ж на нас нехта быў данёс, быццам мы з партызанскай сям’ёй сувязь маем. На сам рэч, маці пускала да нас з яе толькі адну жанчыну прасці. Памятаю, зганялі ў той дзень людзей, і нас таксама, на месца, побач з тым, дзе стары магазін стаяў. Людзей білі, стралялі наўкол. Маці ўсё просіць мяне: “Анютка, уцякай, бяжы адсюль, дзіцятка”. Толькі ж куды малое ад маці? Нам тады пашчасціла выжыць… А драбіна ад фашысцкіх выстралаў, якая і зараз сядзіць у маім целе, важкі напамін аб тым дні. Каб і хацеў, не забудзеш, як і горыч цяжкіх страт, якія пякуць і пякуць… Вайна выкасіла палову нашай вялікай сям’і, у якой было пяцёра дзяцей. Тут, у Віркаве, забілі майго бацьку. На фронце загінулі два мае старэйшыя браты. Адзін з іх – Пётр Міхайлавіч Дрэнь загінуў і пахаваны ў г. Асавец ў Польшчы, другі – Іван Міхайлавіч Дрэнь дайшоў з баямі да Берліна, загінуў, як герой. Вельмі хачу даведацца, дзе ён пахаваны… Застаецца толькі маліцца за спачын іх душы.
Напрыканцы 1945 года прыйшоў у нашу сям’ю мой дзядзька, Мікалай Рыгоравіч Дрэнь, бо быў ужо адзінокі. Яго сын загінуў на фронце, жонка памерла. Узгадаваў ён нас, трое меншых дзяцей свайго брата. За рэшткі тых грошай, што зарабіў ён некалі ў Амерыцы, купілі яны тады з маёй маці карову… Дзядзьку, які любым татам для мяне стаў, узгадваю ўсё жыццё толькі добрым словам…
Бацькоўскі дар
Халодная сёлета вясна. Амаль сярэдзіна мая, а то дождж са снегам, то марозіць па начах. Усё ж радасць вясны, апранутай у пяшчотную аксамітавую зеляніну, нельга заглушыць. Жыццё аднаўляецца! Зноў будзе цяпло і ласкавае сонейка, прыедуць дзеці, радасна зазвіняць іх галасамі дом і падворак. Наперадзе безліч спраў, якія яны адолеюць гуртам. Радуецца душа маці, бабулі, прабабулі, што дзеці даражаць спадчынай свайго роду. Хоць жывуць у горадзе, а зямлі не цураюцца. У жыцці разлічваюць на сябе. Маюць прафесіі, адукацыю, а любая ўнучка – нават дзве вышэйшыя.
У бабулі Ганны быў зусім іншы лёс. Некалі з мужам і сваёй маці яны трымалі вялізную гаспадарку, у кожным кутку моцнага падвор’я заўсёды мычала, рохкала, кудахтала, гагатала.
За добрасумленную працу ў жывёлагадоўлі колішняга калгаса імя Карла Маркса Ганна Міхайлаўна Лапаціна мае стос ганаровых грамат і падзяк, якія беражліва захоўвае і ганарыцца імі. А галоўны жыццёвы набытак – яе сямейка.
– Зірніце ў акно. Лес жа амаль на маім падворку, ужо ў маладой лістоце. Дасць Бог будзе шчодрым ён і сёлета на дары, а па чарніцы нават і я яшчэ хаджу. Яшчэ люблю кветкі, насадзім іх цэлы палісаднік. Няхай цвітуць густа, шапкамі. Люблю прыгажосць!

Ніна Ізох.
Фота аўтара і з сямейнага альбома Лапаціных.

Последние новости

ВНС-2024

Мнение делегата ВНС

23 апреля 2024
У раёне

У раёне

23 апреля 2024
НОВОСТЬ ДНЯ

Субботник на Кличевщине: поддержание порядка – задача общая

23 апреля 2024
Кличевщина

Результаты достойные, но работать есть над чем

23 апреля 2024
Профсоюзы

ДОСКА ПОЧЁТА по состоянию на 22 апреля

23 апреля 2024
Партии

Ряды коммунистов пополняются

23 апреля 2024
Безопасность

Будни спасателей

22 апреля 2024
К сведению граждан

Об оповещении военнообязанных

22 апреля 2024
Земляки

История страны – неотъемлемая часть её гражданина

22 апреля 2024
Лясная гаспадарка

Уратаваць маладыя сосны ад дзікай жывёлы

21 апреля 2024

Рекомендуем

80-ЛЕТИЕ ОСВОБОЖДЕНИЯ БЕЛАРУСИ

«Разам з мастацтвам» – открытый диалог

12 апреля 2024
100-летие Кличевского района

Сто лет – сто деревьев

16 апреля 2024
Безопасность

За безопасность вместе

16 апреля 2024
80-ЛЕТИЕ ОСВОБОЖДЕНИЯ БЕЛАРУСИ

Дань уважения мужеству

10 апреля 2024
Беларусь помнит

Нельзя забыть. Нельзя понять. Нельзя оправдать

11 апреля 2024
Призыв-2024

Будущие солдаты получили повестки

16 апреля 2024
Охрана природы

Беречь природу – задача каждого!

16 апреля 2024
В трудовых коллективах

На любимой работе труд только в радость!

19 апреля 2024