ПРАФЕСІЯ АГРАНОМ
Гэта адна з самых запатрабаваных прафесій у аграпрамысловым комплексе. Ёсць у ёй і арэол рамантызму. У адной асобе аграном – гэта чалавек, з’яднаны з полем і прыродай, вучоны-селекцыянер, арганізатар сельскагаспадарчай вытворчасці.
Андрэй Макарэвіч зусім нядаўна пасля атрымання дыплома аб вышэйшай адукацыі прыехаў на працу ў ААТ “Нясята –АГРА” і робіць першыя крокі ў прафесіі. Аднак кіраўнік гаспадаркі Віктар Мікалаевіч Халайдоў высока цэніць маладога спецыяліста за самастойнасць, дзелавыя якасці і навуковы падыход да працы на зямлі. Гады вучобы ў акадэміі, вытворчая практыка і, нарэшце, самастойная праца даюць маладому чалавеку магчымасць рэалізавацца.
– Ці знайшлі пацвярджэнне рамантычныя ілюзіі Вашай прафесіі?
– Мая праца не з лёгкіх. Але рамантыка застаецца са мной, тым больш, што пад час вучобы ў акадэміі я сустрэў сваю другую палавінку. Зараз Саша на канікулах і прыехала да мяне ў вёску. Вядома, словамі цяжка перадаць прыгажосць краявідаў, асобы водар бяскрайніх жытнёвых і кукурузных палёў, захаду сонца альбо світанку, якія прыходзіцца назіраць амаль штодня.
– Які ў Вас графік работы, ці хапае часу, каб пабыць дома?
– Зараз уборачная кампанія, час вельмі напружаны, светлавы дзень мы на палях. Сам я з Бярэзінскага раёна, дадому, зразумела, хочацца, але праца цяпер на першым месцы. Акрамя таго, я яшчэ праходжу тэрміновую службу ў рэзерве, ужо два разы быў на ваенных зборах.
Гэты вельмі прыгожы малады мужчына сціпла прамаўчаў пра многае: пра тое, што ён з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па армрэслінгу і што яму не хапае часу, каб заняцца ў поўнай меры спортам, які ён вельмі любіць. Пра тое, што вельмі перажывае, як спраўляецца з хатнімі клопатамі маці, вясковая настаўніца, паколькі яны з братам выбралі прафесіі аграрыяў. Пра свае службовыя хваляванні, бо толькі пракладвае свой шлях у прафесію.
Шмат пра што цікавае мы паспелі пагаварыць з вельмі граматным, разважлівым і прыемным маладым чалавекам, які мае вялікае жаданне працаваць на зямлі і быць карысным грамадству.
Аліна Суднік.
Фота аўтара.