З сівой даўніны ўборка збажжа з палёў была і застаецца адной з важнейшых падзей для хлебаробаў. Ад

ураджаю залежыць жыццё кожнай сям’і, эканамічны стан гаспадаркі на працягу ўсяго года. Асноўныя збожжавая культуры на палях – жыта, трыцікале, пшаніца, ячмень, авёс, а сёлета некаторыя гаспадаркі вырошчваюць і грэчку, проса, сою. Збожжа – гэта хлеб. Думаю, нездарма людзі, пытаючыся даўней адно ў аднаго пра жыццё, цікавіліся, як урадзіла жыта. Бо ёсць хлеб – будзе і жыццё.
Спёка ўперамежку з дажджамі некалькі збаўляе тэмпы ўборкі, але хлебаробы, у тым ліку ААТ “Нясята – АГРА”, стараюцца выкарыстаць кожную спрыяльную хвіліну, каб сабраць усё да апошняга зярнятка. За Дулебняй малоцяць трыцікале. Камбайны снуюць па полі, пакідаючы пасля сябе раўнюткія саламяныя дарожкі. Прэс-падборшчыкі следам скручваюць іх у рулоны. Тут жа дзяжураць магутныя МАЗы, чакаюць, калі напоўняцца бункеры, прымаюць на борт і вязуць найкаштоўнейшы груз на збожжасушыльны комплекс.
Каб пагутарыць з хлебаробамі і зрабіць фотаздымак, прыйшлося чакаць з паўгадзіны пакуль падвязуць абед.
Прыемна бачыць знаёмыя твары людзей, занятых на ўборцы ўраджаю. Усе яны прайшлі выпрабаванне часам, маюць не толькі высокія прафесійныя навыкі, а і неабходнае майстэрства. Хуценька

разбіраюць міскі з наварыстай капустай і, прымасціўшыся за машынамі ў цяньку, абедаюць. За мілую душу пайшлі катлеты з рысам і кавалачкамі памідораў, кампот. Пры гэтым мужчыны не прамінаюць магчымасці адпусціць жарт ці па-добраму падтруніць над кімсьці з паплечнікаў па працы. Асабліва расседжвацца няма часу, хвілін за 20 справіліся з ежай – і зноў па машынах. Усе выдатна разумеюць, што кожная хвіліна на вагу золата, таму не дапускаюць пустога прастою тэхнікі.
Сёлета на палетках ААТ “Нясята-АГРА” паспела збожжа на 973 гектарах. Абмалочана яно ўжо на 411 гектарах, што складае 42%. На збожжасушыльны комплекс дастаўлена 1751 тона зерня. Ураджай-насць – 42, 6 ц/га. Найлепш урадзіла азімае трыцікале, па 44,4 ц/га яго намалацілі.
Лідзіруюць на жніве экіпажы Уладзіміра Станіслававіча Балтушкі і Аляксандра Уладзіміравіча Труса, іх намалот – 559 тон, Паўла Уладзіміравіча Осіпава і Івана Уладзіміравіча Канойкі (518 тон), Мікалая Мікалаевіча Дубініна і Ільі Міхайлавіча Шабуневіча (391 тона), Віталя Уладзіміравіча Добрута і Рамана Аляксандравіча Труса, якія намалацілі крыху больш за 283 тоны.
На адвозцы зерня ад камбайнаў лепшых вынікаў дасягнулі вадзіцелі МАЗаў: Уладзімір Мікалаевіч Рыбак, які перавёз 600 тон 500 кілаграмаў збожжа, Васіль Васільевіч Нямыцька (600 тон), Яўген Васільевіч Нямыцька ( 530 тон 750 кілаграмаў збожжа). На трактары Міхаіл Казіміравіч Шабуневіч перавёз 18 тон зерня.
На збожжасушыльным комплексе працуюць дзве збожжасушылкі. На сушылцы КЗСК-30 Юрый Анатольевіч Гулеў і Уладзімір Аркадзьевіч Калеснік пера-працавалі 1284 тоны сыравіны, а на сушылцы М-12 Сяргей Леанідавіч Каранкевіч і Аляксандр Аляксандравіч Гарбуз – 283 тоны.
Яшчэ раз азірнулася на поле. Камбайны ледзь відаць на гарызонце, і толькі белакрылыя буслы, якіх тут вялікае мноства і якія сталі сваеасаблівым сімвалам Беларусі, па-гаспадарску шпацыруюць па пожні. Яны ўзняліся ў неба, каб пераляцець бліжэй да камбайнаў, якіх зусім не баяцца. І згадаліся словы паэта: «А буслы белы гонар маюць… У гняздо не кладзіце хлеба. Птушкі гэтыя не паміраюць, іх сабе забірае неба».
Аліна Суднік.