Кожны год 30 чэрвеня ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца дзяржаўнае свята — Дзень эканаміста. Ён зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 35 ад 2 лютага 2000 года.
Эканамісты патрэбныя самым розным арганізацыям – ад невялікіх фірмаў да найбуйнейшых банкаў. Нам тут не хопіць ніякага месца, каб пералічыць усе спецыялізацыі ў галіне фінансаў і крэдыту, камерцыі, бухгалтарскага ўліку і аўдыту, якія заключае ў сабе кваліфікацыя «эканаміст».
Неаспрэчна, прадстаўнік гэтай прафесіі з’яўляецца адным з самых важных спецыялістаў на любой вытворчасці. Ні адно прад-прыемства ці гаспадарка не могуць весці сваю дзейнасць, немаючы бізнес-плана і эканамічных разлікаў. Менавіта гэты супрацоўнік задае вектар руху сумесным намаганням усіх працаўнікоў. Пра асабістыя і прафесійныя якасці прадстаўнікоў гэтай даволі распаўсюджанай прафесіі найбольш дакладна выказаўся Джон Кейнс: «Для вывучэння эканамічнай тэорыі не патрабуецца якога-небудзь асаблівага дару. Аднак прафесійны эканаміст павінен валодаць рэдкай камбінацыяй здольнасцей. Ён павінен быць матэматыкам, гісторыкам, філосафам, дзяржаўным дзеячам – у некаторай ступені».
У ДЛГУ “Клічаўскі лясгас” працуе цэлы планава-эканамічны аддзел, які апошнія тры гады ўзначальвае Святлана Уладзіміраўна Кавалёнак. У свой час яна паспяхова скончыла Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію і пачынала сваю працоўную біяграфію на пасадзе бухгалтара ў СВК “Калгас “Нясята”. У лясгасе з 2005 года. Уменне аналізаваць вялікі аб’ём інфармацыі, добрая памяць, высокая канцэнтрацыя ўвагі, цярпенне, камунікабельнасць, арганізатарскія здольнасці — акурат тыя якасці, якія дазволілі кіраўніцтву прадпрыемства назначыць Святлану Уладзіміраўну начальнікам планава-эканамічнага аддзела.
– Задача нашага аддзела — правільная расстаноўка прыярытэтаў і мэты, каб атрымаць максімальны прыбытак з найменшымі стратамі, – за-значае Святлана Уладзіміраўна
— Акрамя мяне ў аддзеле яшчэ тры чалавекі: Вольга Аляксандраўна Сізікава, вядучы эканаміст па заработнай плаце, Кацярына Нефанцьеўна Ачыновіч, эканаміст па бюджэце, Наталля Пятроўна Бусел, эканаміст па цэнах. Мы складаем бізнес-план прадпрыемства, ажыццяўляем эканамічны аналіз гаспадарчай дзейнасці, распрацоўваем мерапрыемствы па забеспячэнні рэжыму эканоміі, павышэнні эфектыўнасці работ, па выяўленні рэзерваў, папярэджанні страт і непрадукцыйных выдаткаў, больш рацыянальным выкарыстанні ўсіх відаў рэсурсаў. Выконваем разлікі па матэрыяльных, працоўных і фінансавых выдатках. Словам, трымаем руку на пульсе часу і стабільнай працы прадпрыемства.
На здымку: (злева направа): К. Н. Ачыновіч, Н. П. Бусел, С. У. Кавалёнак.
Своеасаблівы юбілей адзначае сёлета эканаміст Галіна Аляксандраўна Тарасевіч (Драко).
Роўна 45 гадоў гэта сціплая жанчына працуе ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Усё яе жыццё звязана з эканомікай. Адразу пасля школы паступіла ў адзін з самых прэстыжных інстытутаў краіны – Мінскі інстытут народнай гаспадаркі. А пакуль вучылася завочна, то працавала настаўніцай у пачатковай школе вёсак Патока і Турчылоў. На нейкі момант нават падумала, што напэўна педагогіка яе прызванне. Але жыццё ўсё расставіла па сваіх месцах. Паколькі па натуры яна чалавек абавязковы і дапытлівы, то і ў прафесіі не адстае ад веянняў часу і дасканала разбіраецца ва ўсіх аспектах і нюансах.
Мала валодаць пэўным багажом ведаў, трэба ўмець іх перадаць іншым. У яе ёсць такі талент. А паколькі Галіна Аляксандраўна належыць да высокакласных прафесіяналаў, то яе веды, жыццёвы і прафесійны вопыт і сёння вельмі запатрабаваныя. Яна шчодра дзеліцца вопытам, навучае моладзь азам эканамічнай справы, у якой ёсць свая спецыфіка.
Мы сустрэліся з ёй у раённай бібліятэцы. Вось ужо 45 гадоў яна нязменны падпісчык раённай газеты і чытач бібліятэкі. Нягледзячы на дрэнны зрок, па-ранейшаму з задавальненнем чытае гістарычныя і дэтэктыўныя раманы, аповесці і расказы і не ўяўляе жыцця без чытання. З ранняга дзяцінства прывучыла да чытання ўнука Уладзіслава. Сёння малады чалавек перайшоў на 6-ы курс Мінскага медінстытута, радуе бабулю добрай вучобай і цёплымі адносінамі.
Аліна Суднік.