АКЦЫЯ “ЗРОБІМ!”, або РАЗАМ УВАСОБІМ МАРУ АБ ЧЫСТАЙ ПРЫРОДЗЕ БЕЛАРУСІ
9 красавіка 2016 года ў 112 краінах прайшла сусветная кампанія “Зробім! – Глабальная ўборка 2016”, удзельнікі якой імкнуцца зрабіць нашу планету вольнай ад смецця і падтрымліваць на ёй чысціню.
Гэту добрую справу падтрымала і Беларусь акцыяй па валанцёрскай уборцы смецця “Зробім!”. Арганізатары запрашалі ўсіх жадаючых разам увасобіць мару аб чыстай прыродзе Беларусі. Ідэя акцыі засноўвалася на арганізацыі мноства лакальных уборак розных кропак па ўсёй рэспубліцы: у сваім горадзе або сваёй вёсцы.
Як раз у гэты дзень у нашым раёне праходзіў і суботнік, які быў накіраваны на добраўпарадкаванне, навядзенне парадку ў Клічаве і сельскіх населеных пунктах. Незалежна ад яго, удзел у акцыі “Зробім” прынялі карэнныя жыхары, дачнікі – мясцовыя ўраджэнцы вёскі Канстантоў, а таксама фермерская гаспадарка “Канстанта Арт” (кіраўнік В. П. Арцем’еў) разам з ініцыятыўнай групай моладзі, апошнія і выступілі ініцыятарамі ўдзелу ў акцыі. Уклад у ахову навакольнага асяроддзя гэтай групы валанцёраў атрымаўся важкім. Усе разам яны добраўпарадкавалі сажалку на ўездзе ў Канстантоў і тэрыторыю наўкол вадаёма. Аб’ём работы выканалі ладны. З бензапіламі і сякерамі мужчыны ўбіралі кустоўе. А граблямі прыйшлося выграбаць дзясяткі кілаграмаў смецця, што шчодра пакідаюць на беразе сажалкі рыбакі: пакеты, пэт-бутэлькі, паперу, шклянкі і г.д.
Цяпер кожны, хто едзе ў Канстантоў або сюды на рыбалку, можа палюбавацца прыемным відам ля сажалкі.
Як запэўніў Віктар Пятровіч Арцем’еў, навя- дзенне парадку ў населеным пункце будзе мець працяг.
Добры прыклад. Вось бы і нам, жыхарам вёсак, суседзям па прыватнаму сектару горада, шматпавярховак, узяць за правіла самім наводзіць парадак там, дзе жывём. А яшчэ і самім кантраляваць яго падтрыманне. Тое ж, што зроблена ўласнымі рукамі, дорага цэніцца. Ці не так?
Ніна Ізох.