Выдатны, незабыўны дзень. Насмяяліся, нагаварыліся, наглядзеліся на цуды прыроды… З ранку да вечара на нагах. Крок за крокам, след у след… Маршрут — Клічаў-востраў Верамееўка.
Калі згадзілася адправіцца ў гэтае падарожжа, не ведала, што мяне чакае. Я ж не мясцовая. Чамусьці не падумала даведацца загадзя пра той востраў, куды мяне з сабой пазвалі. І добра, што так атрымалася. Кожны крок – у навіну. Невядомы, захапляльны шлях.
Прагноз надвор’я на гэты дзень быў, мякка кажучы, несуцяшальным: дождж, снег, шалёны вецер. Раніцай па ўсім было відаць, што ён спраўдзіцца. Бярозы за маім вакном так і хісталіся з боку ў бок… Але ўжо дамовіліся – не адступаць жа. Цёплы ваўняны світар, гумавыя боты, шапка – і парадак.
Да Усакіна ехалі ўшасцёх: усё – неабыякавыя, дапытлівыя людзі: наш зямляк, у мінулым супрацоўнік КДБ Вячаслаў Баршчэўскі, па ініцыятыве якога і адбылося наша падарожжа, супрацоўніца Цэнтра дзіцячай творчасці, член пошукавай групы “Ольса” Лідзія Ачыновіч, настаўнік гісторыі СШ № 2 г. Клічава Юрый Храпко, і мы, журналісты “раёнкі”. Цікавая кампанія! У вёсцы да нас далучыўся яшчэ адзін наш спадарожнік – знаўца мясцовасці і цудоўны апавядальнік Алег Зайцаў. Дзень абяцаў быць поўным раптоўных адкрыццяў, новых уражанняў.
Некалькі кіламетраў ехалі на машыне. Калі дарога зусім сапсавалася, прыйшлося ісці пешкі. Спачатку – па лясной сцежцы, потым – наўпрасткі, праз бор, а напрыканцы шляху – з купіны на купіну, па балоце. Каля двух часоў хадзьбы. Адзін за адным, невялікім ланцужком… Столькі соснаў, як на Клічаўшчане, я не бачыла нідзе. Такія стройныя, высокія… А чарнічніку – бачна-нябачна. І паўсюль пралескі. Яшчэ на шляху – векавыя дубы, шматствольная ліпа, вялічэзная алешына. Дзе нідзе абадраная ка-ра – ласіны след. Ім тут, відаць, добра зімавалася. Ніколі да гэтуль не бывала ў такіх дрымучых, першародных лясах. На ўсё глядзела вачыма першаадкрывальніка.
Пра балота і казаць няма чаго. Тут я наогул – поўны нуль. Але па дрыгве прайшла ўдала, нават паспявала фатаграфаваць наваколле. Некаторыя ж з нашай группы начэрпалі вады поўныя боты. Такая справа: адзін неасцярожны крок – і загруз па калена.
Нарэшце, выбраліся на востраў. Тут зараз ціха і мірна. Прырода паволі сцірае прыкметы вайны. Нават не верыцца, што на гэтым закінутым сярод лясных балот кавалачку зямлі базіраваўся калісьці спецатрад “Слаўны”. Пакуль ішлі да мемарыяла, падзівіліся на зямлянкі, калодзеж – дакладней на тое, што ад іх засталося. Як жа яны тут жылі? Як перапраўлялі праз балота раненых, правізію, бое-прыпасы? Адказ адзін: так і жылі, так і змагаліся.
Прыйшлі на могілкі, і выбліснула сонца. Сапраўды! У гэты момант так радасна стала на душы – не апісаць. Хто яго ведае? Можа, на сам рэч павіталі нас гэтым святлом байцы, якія ляжаць тут сярод сосен і пралесак. Будзем верыць, яны ведаюць, што мы іх памятаем.
Прыбралі крыху навокал, па-правілі драўляную агароджу… Памянулі герояў згодна з хрысціянскімі традыцыямі і накіраваліся ў зваротны шлях. Доўга ішлі моўчкі. Потым зноў разгаварыліся, павесялелі. А што сумаваць? Справу зрабілі…
Ганна БЯЗРУЧАНКА.
Фота аўтара.