“Рана ўставаць не хочацца, калі трэба ісці на ўрокі ў школу, а вось у суботу – зусім іншая справа!” – так сцвярджаюць нясяцкія школьнікі нездарма.
Бо шосты школьны дзень – гэта цэлы свет! Тут і агульна-школьныя акцыі, аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя секцыі, факультатывы, працоўныя дэсанты, пазакласныя мерапрыемствы, экскурсіі і безліч усяго іншага. Субота – гэта дзень цікавых сустрэч, карысных заняткаў, дадатковая магчымасць для паспяховага развіцця асобы.
Вось і нядаўна вучняў пачатковых і пятага класаў сабрала ў школе спартыўнае свята “У гасцях у казкі”. Кожная з дзвюх камандаў падрыхтавала і прадставіла свае прывітанне, дэвіз і эмблему. А затым былі спартыўныя эстафеты з мноствам гумарыстычных конкурсаў, гульняў, у час якіх члены кожнай каманды даказвалі, што менавіта яны – самыя спрытныя, знаходлівыя, кемлівыя, дружныя. Выпрабаванняў было нямала: са спартыўнымі абручамі дзеці перапраўляліся праз “балота”, падцягваліся на жываце на лаўцы, пралазілі пад бар’ерам, спаборнічалі на трапнасць кідання тэніснага мяча, у вялізных гумавых “ботах-скараходах” пераадольвалі на час адлегласць, прыгалі напераганкі ў мяшках, з завязанымі вачамі збіралі параскіданыя шышкі і г.д.
Свята атрымалася проста выдатным, яркім і захапляльным. Аб ім з вуснаў некаторых ўдзель-нікаў.
Чатырохкласнікі Ксенія Осіпава, Мікалай Ганчар, Караліна Коўрык, трэцякласнік Мікіта Грынюк:
– Свята было вясёлым. Да нас у госці завіталі і казачныя героі – Баба Яга, Разбойнікі, Царэўна Несмяяна і яе дачка царэўна Мілання. Яга і Разбойнікі спачатку нам перашкаджалі ва ўсім, а пасля і спаборнічалі з намі, гулялі, танцавалі і спявалі. Царэўна ж адразу ўсё плакала і яе было ніяк не спыніць. Але мы яе развесялілі, а затым разам і спортам займаліся, і ў віктарыне па казках удзельнічалі.
А яшчэ да нас у госці прыходзілі некаторыя нашы мамы з меншымі братамі і сёстрамі. Яны за нас хварэлі ў час спаборніцтваў, падтрымлівалі.
Хочам сказаць вялікае дзякуй настаўнікам за такое цудоўнае свята ў шосты школьны дзень!
Ніна ІЗОХ.