УСХОДНЕ-ПРУСКАЯ АПЕРАЦЫЯ

Уважліва вывучаючы старонкі ў кнізе “Памяць. Клічаўскі раён» звярнула ўвагу на тое, што вельмі многія нашы землякі загінулі ва Усходняй Прусіі. У тым ліку і мой дзед, Санько  Іван Андрэевіч, 1922 года нараджэння.  Дзед быў радавым  922-га стралковага палка і памёр ад ран у  лютым  1945  года.
Усходне-Пруская  аперацыя  ўвайшла  ў  гісторыю  Вялікай  Айчыннай  вайны,  як  адна з самых жорсткіх і кровапралітных.
Наступленне ва Усходняй Прусіі з 13 студзеня па 25 красавіка 1945 года ажыццяўлялася  сіламі  2-га  Беларускага фронту пад камандаваннем маршала     К. Ракасоўскага,  3-га Беларускага  (генерал  І. Д. Чарняхоўскі, затым маршал А. М. Васілеўскі), а таксама часткамі 1-га Прыбалтыйскага фронту (генерал  І. X. Баграмян). З нямецкага боку – групы армій «Поўнач» (генерал Рэндуліч).
Настуленне войскаў Савецкай Арміі вялося па двух напрамках: праз Гумбіннен на Кёнігсберг і з раёна Нарэва ў бок Балтыйскага мора. У адрозненне ад Вісла-Одэрскай аперацыі наступленне Чырвонай Арміі ва Усходняй Прусіі ішло  вельмі  марудна. Баі  за «калыску прускага  мілітарызму»  адрозніваліся  вялікім  супрацьстаяннем.  Салдаты,  як з аднаго, так і з другога боку, біліся не  на  жыццё,  а  на  смерць. Тут  немцы стварылі  вельмі  магутную  абарону:  7  абарончых  рубяжоў  і  6 умацаваных раёнаў.  Акрамя таго, густы туман,  характэрны для гэтых месцаў у дадзены час года, не  дазваляў паспяхова прымяніць авіяцыю і артылерыю.
26  студзеня  войскі 2-га Беларускага фронту, выйшаўшы на поўнач Эльбінга да  Балтыйскага  ўзбярэжжа,  адрэзалі  значную  частку групы армій «Поўнач» ад асноўных нямецкіх сіл  на захадзе. Адбіўшы настойлівыя спробы  немцаў  аднавіць  прыбярэжны калідор, Чырвоная Армія прыступіла да раздзялення і ліквідацыі адрэзаных нямецкіх войскаў. Гэтая задача ўскладалася на 3-і Беларускі  і 1-ы Прыбалтыйскі  франты.  Да пачатку лютага Усходне-Пруская групоўка немцаў была рассечана на тры часткі. Найбольш буйная знаходзілася ў раёне Хейльсберга (на поўдзень ад Кёнігсберга). Другая апынулася  заціснутай  у  самім  Кёнігсбергу, а трэцяя абаранялася на Земландскім паўвостраве (крыху заходней Кёнігсберга).
10 лютага  на  поўдзень ад Кёнігсберга пачалася ліквідацыя 19-і хейльсбергскіх дывізій. Баі ў гэтым насычаным абарончымі збудаваннямі раёне прынялі жорсткі і зацяжны  характар.  Сістэма фартыфікацый Усходняй  Прусіі  мела  неверагодную  шчыльнасць  бетонных  збудаванняў – да 10-12 дотаў на квадратны кіламетр. У зімова-вясновай  Хейльсбергскай  бітве  практычна  адсутнічаў  манеўр. Немцы, якім не было куды адступаць, біліся да  канца.  Мясцовае насельніцтва  актыўна  падтрымлівала  вайскоўцаў. Апалчэнцы складалі чацвёртую частку ад агульнага складу  войска, што  абараняла дадзены рэгіён. Франтальныя кровапралітныя баі доўжыліся паўтара  месяца. У іх загінуў камандуючы 3-м Беларускім фронтам  генерал Чарняхоўскі. Нарэшце, 29 сакавіка рэшткі нямецкіх войскаў у Хейльсбергскім катле  не вы-трымалі націску і капітулявалі. У ходзе гэтых баёў немцы страцілі 220 тыс. забітымі  і 60 тыс. здаліся  ў  палон.  Пасля разгрому Хейльсбергскай групоўкі часткі Чырвонай Арміі пачалі сцягвацца  да  Кёнігсберга, штурм  якога пачаўся 6 красавіка, а 9 красавіка яго абаронцы выкінулі белы сцяг. Праз 4 дні пасля ўзяцця Кёнігсберга савецкія войскі прыступілі да ліквідацыі 65-тысячнай нямецкай групоўкі на Земландскім паўвостраве. Да 25 красавіка яны авалодалі  паўвостравам  і марскім портам Пілай. Рэшткі германскіх частак (22 тыс. чал.) адступілі на касу Фрышэ-Нерунг і здаліся там пасля капітуляцыі Германіі.
Бітва за Усходнюю Прусію стала самай  крывавай  за  ўвесь  1945  год.  Страты Чырвонай  Арміі  ў гэтай  аперацыі  перавысілі  580 тыс. чал. (з іх 127 тыс. забітымі). Страты немцаў толькі ў Хейльсбергскім катле, Кёнігсбергу і на Земландскім паўвостраве склалі каля 500 тыс. чал. (з іх прыкладна 300 тыс. забітымі).  Вельмі вялікія страты  панесла Чырвоная Армія  не  толькі  ў  жывой  сіле,  а  і ў тэхніцы:  знішчана  3525  танкаў і САУ,   1450  самалётаў. І гэта самыя буйныя страты ў аперацыях 1945 года.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны па рашэнні Патсдамскай канферэнцыі (1945) паўночная частка Усходняй Прусіі з Кёнігсбергам увайшла ў склад СССР (паўднёвая частка адышла Польшчы).
Сёння  многія  імкнуцца  перапісаць  гісторыю  Другой  сусветнай  вайны,   а  часам  і  ўвогуле  выкрэсліваюць  з  памяці   Дзень  Перамогі,  прыніжаюць  ролю  савецкіх  войскаў  у  вызваленні  Еўропы  і  свету  ад  фашызму  і  нацызму.  У  Прыбалтыцы  і  Польшчы  глумяцца  над  помнікамі  савецкім  салдатам.  Зусім  нядаўна  дэманціраваны  помнік  генералу  Чарняхоўскаму,  які  загінуў  у  38  гадоў  за  вызваленне  той  часткі  Усходняй  Прусіі,  якая  адышла  Польшчы.
Да  канца  дзён  сваіх  мы  абавязаны  тым,  хто  адваяваў  нашу  зямлю.  За  жыццё  кожнага  з  нас  было загублена  шмат  чалавечых  душ. Таму  ведаць  гісторыю  вайны  і  памятаць  аб  героях  Вялікай Айчыннай —  наш  святы  абавязак.

Аліна  СУДНІК.
Фота:  Усходне-Пруская  аперацыя;  Падрыхтоўка  аперацыі  па  бамбардзіроўцы  Кёнігсберга  ў  135-м  гвардзейскім  бамбардзіровачным  авіяпалку.  1945  г.;

Добавить комментарий