ТУРНІРЫ “МАЛОЙ РАКЕТКІ”
Напрыканцы лютага ў Магілёве адбылося першынство вобласці па настольным тэнісе сярод юнакоў і дзяўчат 2001 – 2003 гадоў нара-джэння, 2004 г.н. і маладзей. Спаборніцтвы былі даволі шматлікімі, у іх прымала ўдзел каля 70 спартсменаў гэтага ўзросту.
Удалымі выдаліся старты для юных клічаўлян. Так, Дзіяна Каралёк (2007 г.н.) – чэмпіёнка вобласці 2015 года, усе сустрэчы (яны праходзілі па алімпійскай сістэме – на выбыццё, з розыгрышам усіх месцаў) правяла з пераможным аднолькавым лікам 3:0. У фінале ж саступіла галоўнай саперніцы – магіляўчанцы Марыі Старычонак (2004 г.н.). У вы-ніку заваявала “серабро” першынства.
Добрую гульню прадэманстравала і Вікторыя Праглядава (2005г.н.). Па выніках усіх гульняў яна заняла 6-е месца сярод 20-ці ўдзельніц.
Фартуна зноў была на баку Канстанціна Чыжонка (2004 г.н.). У яго групе ўдзельнікаў выступалі 24 спартсмены. Гульні праходзілі па алімпійскай сістэме. Усе партыі гэтага першынства Канстанцін правёў з пераможным лікам. У выніку зноў стаў чэмпіёнам вобласці, ужо 7-кратным!
У кроку ад перамогі спыніўся Максім Петрушкевіч (2001г.н.). У сваёй падгрупе ён заняў 2-е месца, выйшаў у фінал. Яго вынік – 4-е месца з 12-ці ўдзельнікаў.
У Мікіты Лапы – выніковае 7-е месца з 12-ці ўдзельнікаў.
* * *
26-28 лютага ў Мінску адбыўся трэці заключны тур каманднага першынства Рэспублікі Беларусь па настольным тэнісе. У складзе зборнай каманды Магілёўскай вобласці ў ім выступалі і клічаўляне Дзіяна Каралёк і Канстанцін Чыжонак.
У гэтых спаборніцтвах Дзіяна выканала ІІ дарослы спартыўны разрад па настольным тэнісе, і гэта ў 9 гадоў! Спаборнічае ж дзяўчынка ў групе ўдзельнікаў 2005 года нара-джэння, старэйшымі за яе на два гады. У гэтым першынстве гульні ішлі па кругавой сістэме. У Дзіяны было 19 саперніц, а выйграла яна 8 сустрэч.
Зараз Дзіяна Каралёк з’яўляецца кандыдатам да ўдзелу ў асабістым чэмпіянаце Беларусі па настольным тэнісе, які адбудзецца ў красавіку.
Канстанцін Чыжонак пад час каманднага першынства Беларусі выступіў нядрэнна, але ніжэй сваіх здольнасцей.
Ніна Ізох.