МЫ ХЛОПЦЫ БРАВЫЯ
Вось ужо больш як 50 гадоў УА “Клічаўскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж” – кузніца кадраў сярэдняга звяна для аграрна-прамысловага комплексу Магілёўшчыны і Беларусі.
Сёння на дзённым аддзяленні тут займаецца больш за 430 навучэнцаў, асноўная іх колькасць – юнакі, будучыя абаронцы Айчыны. Яны на сам рэч маюць тут усе ўмовы як для заняткаў фізічнай культурай, так і для прафесійных заняткаў спортам. Для навучэнцаў у інтэрнатах і вучэбным корпусе каледжа ёсць залы для агульнай фізічнай падрыхтоўкі, трэнажорныя залы для атлетычнай гімнастыкі і рукапашнага бою. Для тых, хто займаецца спортам на ўзроўні вышэй аматарскага, ёсць асобная невялічкая зала для гіравога спорту са штангамі, гірамі, перакладзінамі, трэнажорам.
Быць здаровым сёння — модна, за-класці пад час вучобы падмурак уласнага здароўя на ўсё жыццё – задача мінімум для мясцовых студэнтаў. Стаць самым дужым, моцным на курсе, адным з лепшых спартсменаў у каледжы – задача максімум для многіх з іх. Нядаўна ў каледжы праходзіў Тыдзень здароўя ў рамках міжведамаснай прафілактычнай акцыі «Разам супраць наркотыкаў». Амаль кожны вечар тут ладзіліся самыя розныя спартыўныя спаборніцтвы, вітаў дух саперніцтва, кіпелі пачуцці, а дасягненні і промахі палка абмяркоўваліся і ў пакоях інтэрнатаў, і на перапынках паміж лекцыямі.
Першыя чэмпіёны каледжа – па дартсе былі вызначаны 11 лютага. Так, 1-е месца ў асабістым заліку заваяваў Цімафей Маісеенкаў (гр. 2м-13), які набраў 39 ачкоў з 50 магчымых.
У камандным заліку ў гэтым відзе спорту перамогу атрымала група 2м-13, члены якой набралі 71 ачко са 100 магчымых. Другое і трэцяе месца занялі адпаведна групы 3м-14 і 4ум-15.
Як заўсёды важка і ярка заявілі аб сабе цяжкаатлеты з секцыі гіравога спорту – выхаванцы трэнера С. Г. Сясьмея. Тут на памост выйшлі ўдзельнікі чатырох вагавых катэгорый. Барацьба была ўпартай, беcкампраміснай. Але ў спорце перамагае той, хто дасягнуў лепшага рэзультату. Так, у вагавай катэгорыі ўдзельнікаў да 60 кілаграмаў (гіра 16 кілаграмаў) пераможцам стаў Максім Дзербан, група 4м-15, які падняў гіру 105 разоў. Самым дужым у катэгорыі ўдзельнікаў звыш 60 кілаграмаў стаў Мікалай Філіпенка (гр. 4м-15), яго вынік – 143 пад’ёмы 16-кілаграмовай гіры.
У вагавай катэгорыі спартсменаў звыш 70 кілаграмаў лепшы вынік у Міхаіла Юрчанкі (гр. 3м-14) – 101 пад’ём 24-кілаграмовай гіры. Чэмпіёнам каледжа ў вагавай катэгорыі звыш 80 кілаграмаў стаў Раман Купрэеў (гр. 3м-14), які выканаў 104 пад’ёмы такой жа 24-кілаграмовай гіры.
У камандным заліку “вікторыю” заваявалі гіравікі групы 3м-14. На другім месцы цяжкаатлеты групы 4м-15 , на трэцім –групы 2 рп-13.
Відовішчным атрымалася спартыўнае свята “Маладзецкія забавы”, у якім удзельнічалі групы першакурснікаў кале-джа. Забавы сапраўды выдаліся на славу! Хлопцы спаборнічалі ў розных эстафетах і конкурсах, адчулі сябе на час сапраўднымі салдатамі: за ўстаноўлены тэрмін рабілі зборку, разборку аўтамата Калашнікава, запраўлялі яго магазін патронамі, апраналі ваенную форму і елі армейскую кашу, удзельнічалі ў ваенізаванай эстафеце, творча прадстаўлялі візітную картачку каманды, былі футбалістамі ў конкурсе незвычайнага фотбола “Крабы” і г.д. Захапляльным атрымаўся і конкурс капітаў камандаў. Перамогу ў ім заваяваў Андрэй Дзянісаў, капітан групы 4м-15.
Лаўры ж перамогі “Маладзецкіх забаў” дасталіся камандзе групы 4э-15. На другім месцы першакурснікі групы 4м-15, на трэ-цім – 4рп-15.
Заключным спаборніцтвам Тыдня здароўя стала першынство каледжа па кулявой стральбе з пнеўмавінтоўкі, у якім удзельнічала 13 навучальных груп каледжа. Самым трапным стралком каледжа стаў Андрэй Ачыновіч (гр.4э-15), які набраў 37 ачкоў з 50 магчымых. Першае агульнакаманднае месца заваявала група 3рп-14. Другі вынік у стралкоў з групы 3тн-14, трэці – групы 2ум-13.
Наталля НАВУМОВІЧ,
намеснік дырэктара
па выхаваўчай рабоце
УА “Клічаўскі дзяржаўны
аграрна-тэхнічны каледж”.