БРЫЛЬЯНТАВАЕ ВЯСЕЛЛЕ
Пасля 60 гадоў сумеснага жыцця пара, што ўзяла шлюб, адзначае дыяментавы юбілей. Такі юбілей ставіцца да разраду вельмі рэдкіх падзей, паколькі адзінкавыя пары дажываюць разам у любові ды згодзе да ўзросту 80 гадоў і больш.
Паколькі алмаз з’яўляецца самым трывалым і дарагім з усіх каштоўных камянёў у свеце, то і вяселле гэта назвалі брыльянтавым. А сямейныя адносіны, якія прайшлі такі доўгі шлях, безумоўна можна назваць найбольш дарагім і істотным дасягненнем.
Жыхары аграгарадка Арэхаўка Ганна Кірылаўна і Фама Іванавіч ЖУКОЎСКІЯ пажаніліся ў студзені 1956 года, а сёлета яны адзначылі чарговы, надзвычай важны юбілей сумеснага жыцця. Юбілей, які яскрава сведчыць нам пра тое, што адносіны мужа і жонкі надзейна загартаваліся, на іх жыццёвым шляху набылі алмазную трываласць, а пачуцці па-ранейшаму зіхацяць усімі промнямі брыльянтавага свячэння.
– Студзень той быў такім жа прыгожым і марозным, сумёты панамятала пад самыя стрэхі, на машыне не пад’ехаць да вёскі, таму запрэглі коней і з Чаравача паехалі ў Нясяту, каб у сельсавеце распісацца, – успамінае Фама Іванавіч.
– Мы па суседству жылі, – падтрымлівае гутарку Ганна Кірылаўна. — Мама была супраць, каб я ішла за яго замуж, а мне сэрца падказвала, што ён добры, надзейны, таму і згадзілася. І ніколькі не пашкадавала. Пражылі мы з ім душа ў душу. Ён старэйшы за мяне на 8 гадоў, а значыць і мудрэйшы. Мы з ім ніколі не сварыліся. Так, спрэчкі былі, але яны больш датычыліся нейкіх гаспадарчых спраў. Мне прыемна, што яго паважаюць людзі, што ён умее паводзіць сябе ў кампаніі, што прыгожа спявае, паказвае добры прыклад нашым дзецям і ўнукам.
Увесь час пакуль гаворыць Ганна Кірылаўна, гаспадар з прыязнай усмешкай на твары назірае за ёй, сочыць, нібы чытае па губах. А потым і прызнаецца, што стаў не дачуваць, пагоршыўся зрок, таму жонка цяпер акрамя ўсяго іншага яшчэ “вочы і вушы” гаспадара…
Аб гісторыі гэтай вясковай сям’і нагадваюць чорна-белыя і каляровыя фотаздымкі, сабраныя ў альбомы. Сцены хаты ўпрыгожваюць карціны, вышытыя не толькі Ганнай Кірылаўнай. Пачэснае месца тут займае падарунак, вышыты Валянцінай Іванаўнай Паўлоўскай.
— Мне 89 споўнілася, здаецца, такі працяглы прамежак часу, а праляцеў, як імгненне, — разважае Фама Іванавіч. — Не верыцца і ў тое, што нашай сям’і ўжо шэсцьдзясят гадоў. Напэўна, так Бог вырашыў, каб мы разам былі. Я запрыкмеціў яе, калі быў у водпуску ў час службы ў арміі. Ёй было гадоў 12. Спытаў, чыя гэта дачка, а потым выказаў надзею, што калі вярнуся з арміі (а служыць яму давялося амаль дзесяць гадоў), то і будзе нявестай. Мы пажаніліся наперакор яе маці, якая хацела для сваёй дачкі больш адукаванага і прыгожага мужа. Але, як паказала жыццё, мы не памыліліся: сталі сапраўды палавінкамі аднаго цэлага. Пытаецеся, што галоўнае ў сям’і? На маю думку, галоўнае ў сям’і не толькі каханне, але яшчэ і павага, даверлівыя адносіны, здаровы лад жыцця.
Пра ўсё юбіляры ўзгадваюць з цеплынёй і ўлас-цівай ім разважлівасцю, грунтоўнасцю. Адчуваецца, што яны сапраўды шчаслівыя людзі, і не толькі таму, што дажылі разам да гэтай адметнай даты, а і таму, што ёсць жаданне жыць і радавацца новаму дню, цёпламу сонейку.
Свой вопыт сямейнага жыцця Фама Іванавіч і Ганна Кірылаўна перадаюць ужо наступным прадаўжальнікам роду: дочкам-двайнятам Таццяне і Ірыне, зяцям Мікалаю і Уладзіміру, уну-кам – Ганне, Марыне, Уладзіміру ды праўнучцы Алісе. Усе яны вельмі жаданыя госці ў прасторнай і хлебасольнай хаце юбіляраў. Да іх прыезду Ганна Кірылаўна заўсёды рыхтуецца, акрамя нарыхтаваных за сезон разнасолаў, салатаў ды варэнняў, выстаўляе на стол мудрагелістыя салаты, мноства іншай смакаты, да прыгатавання якой яна вялікая майстрыха.
Кажуць, шлюбы заключаюцца на нябёсах. У гэтым вобразным выразе куды больш сэнсу, чым здаецца на першы погляд. Не дарма падчас вянчання Святая Царква ўзносіць малітву, каб Гасподзь выканаў любое прашэнне жаніха і нявесты, якое адносіцца да іх выратавання. Таму папросім і мы, каб дараваў ім здароўя добрага і доўгага веку разам.
Аліна СУДНІК.
Фота аўтара.