ВЯЛІКІ ДАР НАШЧАДКАМ
…Ён быў надзвычай сціплым чалавекам. Нават сарамлівым. Умеў і любіў выслухаць суразмоўцу, не перапыняў яго нават тады, калі той зусім не меў рацыі; зрабіць жа заўвагу ці то не жадаў, ці то таксама саромеўся… Сам жа Іван Паўлавіч гаварыў спакойна, стрымана, разважліва, нібы ўзважваючы кожнае слова, кожную сваю думку. I гэта было зразумела: ён ведаў сапраўдную цану слова… Таму ўсе, хто толькі крыху ведаў Мележа, зрэдку сустракаўся з ім ці проста слухаў яго выступленні перад аўдыторыяй, бязмерна даражылі яго, Мележавым словам.
Ён нарадзіўся 8 лютага1921 года ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў у Хойніцкім райкаме камсамола. У 1939 г. паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры і з першага курса быў прызваны ў Савецкую Армію. Летам 1940 г. удзельнічаў у вызваленні Паўночнай Букавіны. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на фронце – на Збручы, пад Уманню, Нікалаевым, Сінелькавам, Растовам-на-Доне, Лазавой. У чэрвені 1942 г. пад Растовам цяжка паранены і пасля лячэння ў Тбіліскім шпіталі ад-праўлены ў тыл.
Жыў ён у Бугуруслане, потым выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Малдаўскім педагагічным інстытуце, а з 1943 г. – у Беларускім дзяржаўным універсітэце, які знаходзіўся тады на станцыі Сходня ў Падмаскоўі, дзе вучыўся спачатку завочна на філалагічным факультэце, а затым перайшоў на стацыянар (скончыў у 1945 г. ужо ў Мінску). Пасля вучыўся ў аспірантуры, выкладаў беларускую літаратуру ва ўніверсітэце, працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», у апараце ЦК КПБ. З 1966 г. – сакратар, а ў 1971-1974 гг. – намеснік старшыні праўлення СП БССР. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, быў старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, сябрам Сусветнага Савета Міру.
Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі. Народны пісьменнік БССР.
У 1939 годзе ён дэбютаваў вершамі. Першае выступленне ў друку як празаіка адносіцца да 1943 года (газета «Бугурусланская правда»). Першае апавяданне на беларускай мове – «Сустрэча ў шпіталі» (1944). Адно з ранніх апавяданняў – «У завіруху» – высока ацаніў Кузьма Чорны. У 1946 годзе яно дало назву зборніку. Выдаў зборнікі аповесцей і апавяданняў «Гарачы жнівень», «Заўсёды наперадзе», «Блізкае і далёкае», «У гарах дажджы», «Што ён за чалавек».
Іван Мележ – аўтар цыкла раманаў «Палеская хроніка»: «Людзі на балоце», «Подых навальніцы» і «Завеі, снежань».
Раман «Людзі на балоце» ён пачаў як твор лірычны і называў яго «лірычным раманам», а наступныя раманы трылогіі ствараў ужо як трагедыйныя раманы-даследаванні. У іх выявілася грамадзянская смеласць і ідэйна-мастацкая маштабнасць у асэнсаванні складаных абставін калектывізацыі на Палессі, жыцця Беларусі 1920 – 30-х гг., праўдзівасць і шчырасць аўтара ў спалучэнні з яго высокай прафесійнай культурай, глыбокім і тонкім псіхалагізмам, разуменнем душы беларускага селяніна. Непаўторная мастацкая канцэпцыя тагачаснага жыцця народа, вялікі ідэйны змест данесены праз дасканалую мастацкую форму і адметныя вобразы. «Палеская хроніка» – глыбокае філасофска-мастацкае асэнсаванне жыцця беларускага народа на вельмі важным гістарычным этапе, яна стала нацыянальнай эпапеяй.
Напісаў шмат п’ес. Па раманах «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» на Беларускім тэлебачанні ў 1966 годзе створаны спектакль. Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы ў гэтым жа годзе пастаўлены спекталь «Людзі на балоце», Гомельскім абласным тэатрам – «Подых навальніцы», «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань»).
Мележ – лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962 г.) за раман «Людзі на балоце», Ленінскай прэміі (1972) за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за кнігу крытычных нарысаў, артыкулаў «Жыццёвыя клопаты» (пасмяротна).
Іван Мележ, бадай, адна з найбольш яскравых фігур у беларускай літаратуры. Яго таленавітасць, глыбокая эру-дзіраванасць, патрыятызм з‘явіліся той асновай, на якой грунтуюцца творчыя здабыткі пісьменніка.
Мы запрашаем усіх чытачоў наведацца ў раённую бібліятэку, каб бліжэй пазнаёміцца з творамі Івана Мележа. Зараз тут працуе кніжная выстава “Вялікі дар нашчадкам”, прысвечаная 95–годдзю знакамітага пісьменніка Беларусі, у якой кожны зможа знайсці для сябе шмат цікавага і пазнавальнага.
Вольга ЛЕСКАВЕЦ,
бібліятэкар чытальнай
залы цэнтральнай бібліятэкі.