СТАРТЫ АМАТАРАЎ “МАЛОЙ РАКЕТКІ”
У раёне прайшоў традыцыйны навагодні турнір ДЮСШ па настольным тэнісе. Сёлета ў ім удзельнічалі толькі вучні СШ №1 і СШ №2 горада Клічава.
Пераможцам турніру (сярод 8 юных тэнісістаў) стаў Максім Петрушкевіч. На другім і трэцім месцах адпаведна Канстанцін Чыжонак і Дзяніс Мацюшонак. Усе трое – вучні СШ №1.
Сярод тэнісістак, а іх спаборнічала 6 чалавек, перамогу заваявала Аліна Радзюкевіч. На другой прыступцы п’едэстала гонару Дзіяна Каралёк. На трэцім месцы – Вікторыя Праглядава. Усе трое – навучэнкі СШ №1. Адзначу, што сваю перамогу з лікам 2: 1 Вікторыя атрымала ва ўпартай барацьбе са сваёй пастаяннай саперніцай Лізаветай Васіленка з СШ № 2.
Пераможцы і прызёры турніру ўзнагароджаны дыпломамі ДЮСШ.
Усе ўдзельнікі турніру заахвочаны падарункамі салодкасцей ад спонсараў – раённага спажывецкага таварыства (старшыня праўлення В. І. Ворахаў), РКЦ №23 у горадзе Клічаў філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” Магілёўскага абласнога ўпраўлення (начальнік С.М. Старавойтаў), ЦБУ № 711 філіяла № 700 ААТ “АБ “Беларусбанк” Магілёўскага абласнога ўпраўлення (дырэктар Г. С. Счыслёнак).
* * *
Напрыканцы студзеня ў Мінску адбудзецца турнір мацнейшых тэнісістаў Беларусі (2004, 2005 гадоў нараджэння). Каля тэніснага стала за перамогу будуць спаборнічаць па 16 лепшых тэнісістаў і тэнісістак нашай краіны.
Удзел у гэтым турніры прымуць і клічаўскія тэнісісты Канстанцін Чыжонак (2004 г.н.) і Дзіяна Каралёк. Дзіяна 2007 года нараджэння, а спаборнічаць будзе ў групе ўдзельнікаў 2005 года. Пажадаем ім поспеху!
Юрый ЧЫЖОНАК,
трэнер ДЮСШ.