МІХАІЛ МЕЛЬНІЧОНАК: “Я РОДАМ З СССР”
Быць патрыётам… Напышлівыя словы або проста вялікая ласка чалавека да зямлі, што ўзгадавала? У вайну, зразумела, гэта азначае абараняць сваю Радзіму, адстойваць яе цэласнасць і суверэнітэт, абараняць свой народ, сям’ю. А ў мірны час? Мо шанаваць сваю гісторыю і культуру, родную прыроду, паважаць людзей?
Такія разважанні выклікаў высакародны ўчынак жыхара аграгарадка Коўбча Міхаіла Міхайлавіча МЕЛЬНІЧОНКА, які працуе загадчыкам гаспадаркі ў Каўбчанскай СШ. Нядаўна Міхаіл Міхайлавіч бязвыплатна перадаў мясцовай уладзе сваю знаходку – мемарыяльную пліту з надпісам, якая з’яўляецца своеасаблівым помнікам подзвігу нашых землякоў-партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны. Істотна: гэта мемарыяльная пліта мае не толькі гістарычнае значэнне. Яна і матэрыяльна каштоўная, у ёй 176 кілаграмаў бронзы.
Аб усім з першых вуснаў.
– Міхаіл Міхайлавіч, а якая перадгісторыя Вашага Учынку з вялікай літары.
– Родам я з Цераболі – колішняга рабочага пасёлка лесарубаў, які ўжо знік з карты раёна. Наша сям’я пераехала адтуль у Коўбчу, калі мне ішоў толькі 5-ы год. Таму штосьці памятаю аб пасёлку сам, штосьці ведаю з расказаў бацькоў, родных. Мы ж пасля яшчэ доўгі час у родных церабольскіх мясцінах часта бывалі, нарыхтоўвалі сена, збіралі дары лесу. Вось і пазалеташняй восенню я якраз там грыбы збіраў па пасадках маладога лесу. Выпадкова зачапіўся за край нейкага металічнага прадмету, які тарчаў з зямлі з-пад ігліцы. Калі крыху капануў, то ўбачыў, што гэта нейкая пліта з надпісам. Пасля знаёмыя дапамаглі мне дастаць яе і перавезці да дому ў Коўчу. Падумаў і вырашыў здаць сваю знаходку мясцовай уладзе, патэлефанаваў у Каўбчанскі сельвыканкам, затым ужо ў раённы Савет дэпутатаў.
– Надпіс на пліце – увекавечанне подзвігу партызан, ролі Магілёўскага падпольнага абкама Камуністычнай партыі Беларусі ў арганізацыі партызанскага руху на Клічаўшчыне і Магілёўшчыне. У Вас ёсць версіі аб тым, адкуль гэта пліта?
– У пасёлку Цераболь быў клуб, побач з ім стаяў помнік у форме паралелепіпеда, крыху завужанага зверху. Пасля помнік быў перанесены і ўстаноўлены ў Коўбчы, стаіць і цяпер на брацкай магіле, каля сельскага Дома культуры. Лічу, што мая знаходка – мемарыяльная пліта – была менавіта з таго помніка. Чамусьці тады яе не забралі. Якраз на тым месцы ў Цераболі, дзе стаялі клуб і помнік, цяпер расце малады лес. Праз гады пакінутая цяжкая металічная пліта апусцілася ў тоўшчу зямлі. Калі садзілі лес, даглядалі пасадкі, відаць, трактарамі і зачапілі пліту, паднялі крыху наверх.
– Некалькі правакацыйнае пытанне. Дык усё ж чаму Вы не распарадзіліся знаходкай інакш? Як ні як, а амаль 200 кілаграмаў бронзы каштуюць нямала. Думаю, не кожны б зрабіў такі высакародны ўчынак, як Вы.
– Адказ мой просты: я родам з СССР, больш чалавек той эпохі, тых поглядаў і выхавання.
Цяпер знаходка Міхаіла Міхайлавіча Мельнічонка перададзена ў раённы краязнаўчы музей. Па словах яго дырэктара Наталлі Уладзіміраўны ХРАМЯНКОВАЙ, мемарыяльная пліта ў гонар Магілёўскага падпольнага абкама партыі, які дыслацыраваўся і дзейнічаў на тэрыторыі Клічаўскай партызанскай зоны, зойме годнае месца ў аповедзе аб партызанскім руху на нашай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Кіраўніцтва раёна, мясцовая ўлада, жыхары Клічаўшчыны выказваюць шчырую ўдзячнасць Міхаілу Міхайлавічу МЕЛЬНІЧОНКУ за высакародны ўчынак грамадзяніна і патрыёта.
* * *
Аб чым шуміць Церабольскі лес
Як і для многіх клічаўлян, само паняцце Цераболь выклікае ў мяне асаб-лівыя пачуцці. Бо ў Вялікую Айчынную вайну церабольскі лес быў цэнтрам партызанскага руху на Клічаўшчыне, тут расла і кавалася партызанская слава. Свой уклад у барацьбу з ворагам унеслі і нямала маіх землякоў з бёрдаўскай зямлі. Напрыклад, настаўнік геаграфіі і гісторыі Бёрдаўскай васьмігодкі Сцяпан Мікітавіч Патупчык, чалавек надзвычай паважаны многімі пакаленнямі карэнных жыхароў. Аб ім і іншых тутэйшых ветэранах вайны я расказвала ў сваіх матэрыялах на старонках раённай газеты.
Блізкая мне асабіста гэта тэма і таму, што вайна пакінула свой чорны след і ў лёсе маёй сям’і. Палітруком роты 278-га партызанскага спецатрада быў мой дзядуля, Фядот Савельевіч Якімавец. Узнагароджаны Ордэнам Чырвонай Зоркі. З вайны ён вярнуўся інвалідам 1-й групы, з’яўляўся персанальным пенсіянерам абласнога значэння. Разам з ім у атрадзе ваявала і яго старэйшая дачка, мая цётка, Галіна Фядотаўна Якімавец (Тарэлка).
Да гэтага часу пякуць успаміны майго таты, аб тым, як яны, партызанскія сем’і, перажывалі фашысцкія блакады. Як беглі, уцякалі жанчыны і дзеці па балоце, як даганялі іх, “ціўкалі” над вухам нямецкія кулі, як малыя падалі, глытаючы балотную твань, як гналіся за імі ашчэраныя нямецкія аўчаркі…
Каб удакладніць факты аб увекавечанні памяці загінуўшых народных мсціўцаў у Цераболі, я і правяла гэта журналісцкае расследаванне.
Алег Міхайлавіч Зайцаў, краявед, жыхар вёскі Усакіна:
– У пасёлак Цераболь наша сям’я пераехала ў 1969 годзе, калі мне было амаль 14 гадоў. Дакладна ведаю, магу і зараз пака-
заць месца, дзе стаяў насупраць вясковага клуба помнік у форме паралелепіпеда, крыху звужанага ўверсе, вышынёй каля 3 метраў. На ім і была вялікая пліта з надпісам, тэкст якой не памятаю. З дзяцінства з гутарак мясцовых жыхароў ведаю, што ў вайну ў Цераболі размяшчаўся падпольны абкам партыі. Так што знойдзеная мемарыяльная пліта верагодней за ўсё з гэтага помніка.
Быў у Цераболі і другі помнік – журботная фігура салдата, адлітая з бронзы. Ён быў устаноўлены ў самім пасёлку на партызанскіх могілках, на якіх было каля 40 магіл загінуўшых у баях партызан.
Памятаю яшчэ, што мо ў паўкіламетры ад пасёлка Цераболь на правым беразе па цячэнні ракі Цераболька былі аформлены пад музей дзве партызанскія зямлянкі, якія паказвалі быт партызан. Сюды наведваліся і мы, тагачасныя школьнікі.
Вытрымкі з артыкула І. Вашэцькова “На месцы партызанскай славы” (Клічаўская раённая газета “Зара” за 6 жніўня 1958 года):
«….У нядзелю, 3 жніўня, адбылося ўрачыстае адкрыццё новага скульптурнага помніка загінуўшым партызанам у Цераболі, на “паляне лесніка”, як яе раней называлі… Ажыў, загаманіў бяскрайні лес сотнямі бадзёрых галасоў… На адкрыццё помніка прыехалі ў Цераболь і былыя праслаўленыя каман-дзіры і камісары партызанскіх атрадаў, былыя партыйныя і камсамольскія работнікі падполля… Сярод іх тт. Ізох, Салдаценка (Сідарэнка), Герой Савецкага Саюза Лівенцаў, Лемяшонак, Лапцёнак і многія іншыя. Некаторыя з іх у пасляваенныя гады былі тут упершыню. Яны здзіўляліся тым зменам, якія адбыліся ў Цераболі. На былой “паляне лесніка” вырас рабочы пасёлак лесарубаў Клічаўскага лесаўчастка… У цэнтры пасёлка партызанскія могілкі. Яны любоўна ўпарадкаваны… Пад пакрывалам – помнік…
…Пад гукі гімна Беларускай рэспублікі з помніка здымаюць пакрывала. Погляд усіх прысутных звернуты на помнік, у якім разец скульптара перадаў смутак воіна па загінуўшых. Трымаючы ў руках аўтамат і каску, ён схіліўся на адно калена і быццам дае клятву, што будзе пільна ахоўваць Радзіму, за якую аддалі сваё жыццё слаўныя партызаны…»
Ніна Сцяпанаўна Кляўко, былая загадчыца аддзела прапаганды і агітацыі Клічаўскага райкама КПБ:
– Восенню 1984 года астанкі партызан, пахаваных на могілках у Цераболі,
як і астанкі больш за 400 загінуўшых герояў-партызан, якія былі пахаваны ў розных месцах усакінскага лесу, перанесены на Усакінскі мемарыяльны комплекс. Урачыста адкрыты ён ў 1985 годзе. Перанесены на мемарыял і помнік з партызанскіх могілак Цераболі. Цяпер салдат з бронзы стаіць, схіліўшы голаў, над брацкімі магіламі Усакінскага мемарыяльнага комплексу.
Ніна Ізох.