ВОСЬ І АДГУЛЯЛІ КАЛЯДУ
Кожны народ моцны перш за ўсё сваёй культурай. З цягам часу ўсё мяняецца: эканамічны курс і палітычны лад у дзяржавах, побыт і густы людзей, нават надвор’е. Застаюцца толькі музыка, літаратура … і, вядома ж, традыцыі. Гэта тое, на чым грунтуецца наша супольнасць. Мы перастанем існаваць як нацыя, калі не будзем шанаваць сваю духоўную спадчыну.
У мінулым годзе ў Клічаве адрадзілі ўнікальны абрад «Цягнуць Каляду на дуба», якім нашы продкі-язычнікі, а потым і хрысціяне, ставілі кропку ў зімовых святах. Забыўся ён у савецкі час, калі такія рытуальныя дзействы былі пад забаронай. Аднаўлялі старажытны звычай па матэрыялах этнаграфічных экспедыцый, па запісах успамінаў людзей. Як і любы культавы абрад, ён мае сімвалічнае значэнне: па па- вер’ях, калі пасадзіць Каляду на дуб, год будзе ўраджайным, шчаслівым.
Сёлета клічаўляне зноў гульнулі з размахам. Удзельнікаў абраду сабралі ў файе раённага Дома культуры, якое ператварылі на час у беларускую хатку. Тут і печка, і стол з самаварам … Гасцей сустракалі баба з дзедам: «Заходзьце, заходзьце, даражэнькія … Для кожнага з вас знойдзецца ў нас цёплае мястэчка і добрае слоўца». На вуліцы мароз лютуе, снег сыпле, а ў ветлівых гаспадароў – цёпла і весела. Ды, зразумела, смачна. Якое ж свята без пачастункаў?
Замітусілася баба каля печкі: здаецца, куцця зварылася. Падсілкуемся – будзем рыхтавацца да абраду. Елі ўсе з адной вялікай пасудзіны. Чэрпалі лыжкамі па чарзе. Пастаралася гаспадыня, дагадзіла гасцям: каша – аб’ядзенне. Тым часам гралі ў хаце музыкі, спявалі святочныя песні.
Паспытаўшы бабінага варыва, пачалі прыбіраць ляльку-Каляду, завязваць стужачкі на барану – сімвал дабрабыту. Што ні вузельчык, то замова на год. Лічыцца, усе жаданні павінны абавязкова здзейсніца. Каму – чырвоная стужка, каму – жоўтая… Вунь іх колькі: вісяць каляровыя на баране.
Калі ляльку апранулі, пайшлі з ёй па зале. Спявалі, вадзілі карагоды… Забыліся на час.
«Пара, сябры, пара! Трэба ўжо развітвацца з Калядой», – зазбіраліся баба з дзедам. Вывалілі ўсёй развясёлай кампаніяй на вуліцу, пасадзілі старую гаспадыню на санкі, куды паклалі таксама барану і ляльку, ды рушылі з песнямі і жартамі ў гарадскі парк. Па дарозе снегу – мабыць, як у былыя часы. Усё па-сапраўднаму. На чале гурта ішлі хлопцы-малайцы з факеламі і румяныя ад сцюжы дзяўчаты ў квяцістых хустках. За імі – мо, яшчэ з паўсотні чалавек. Раптам спыніліся… Пачакалі, калі пад дрэва падцягнецца ўвесь строй… Прычапіўшы ляльку да бараны, пасадзілі яе высока на сук. «На дуба, Калядкі, на дуба», – гучала навокал. Зноў загадвалі жаданні. На гэты раз прасілі дапамогі ў дрэва: абдымалі яго, вадзілі вакол карагод…
Паабяцаўшы прыйсці да Каляды ў наступным годзе, вярнуліся ў РДК. Доўга яшчэ гулялі: спявалі, танчылі… Добрае атрымалася свята!
Пайшла Каляда за парог. Хай сядзіць на дрэве і сочыць, каб усё ў нас было мірна і ладна.
Ганна БЯЗРУЧАНКА.
Фота аўтара.