Добра вядомы многім у раёне вакальны ансамбль ветэранаў “Крыніца”, якому ў наступным годзе споўніцца 10 гадоў, прэтэндуе на званне народнага.
Зараз самадзейныя артысткі ўзмоцнена рэпетыруюць і, адначасова, каб не расчараваць прыхільнікаў сваёй творчасці, выступаюць з канцэртамі перад вяскоўцамі і жыхарамі нашага горада. Нядаўна давялося ўпэўніцца, што за апошні час калектыў значна “вырас” у творчым плане. У “Крыніцы” свой, адметны рэпертуар, які ўвесь час папаўняецца беларускімі народнымі песнямі, прыпеўкамі, а таксама — свае канцэртныя праграмы і стыль выканання песень. Напрыклад, у іх рэпертуары з’явіліся песні, якія выконваюцца акапэльна, без акампанемента. Радуе і той факт, што ўсе ўдзельніцы ансамбля па-ранейшаму застаюцца маладымі душой і сэрцам. Яны нібы тыя чараўніцы на сваіх канцэртах “пазбаўляюць” ад штодзённых клопатаў, дораць добры настрой, радасць сустрэчы з песнямі, якія спявалі яшчэ іх маці і бабулі.
Адна з галоўных мэт дзейнасці гэтага калектыву – адраджэнне ўжо забытых песень. У іх выкананні гэтыя шэдэўры вакальнай творчасці нашых продкаў атрымліваюць шанц на новае, сучаснае жыццё. Канцэртны графік вакалістак цяпер даволі напружаны: акрамя частых рэпетыцый запланаваны цэлы шэраг канцэртаў.
У апошні працоўны дзень мінулага тыдня “Крыніца” мелася выступіць у пасёлку Ганчанскае. У другой палове дня мы адправіліся ў дарогу. На ўваходзе ў адміністрацыйны будынак былога сельскага Савета “сустракае” каляровая афіша-аб’ява аб маючым адбыцца канцэрце. Пакуль артысткі пераапранаюцца ў касцюмы, знаёмлюся з тутэйшымі гаспадынямі — Наталляй Васільеўнай Руссу, дырэктарам СДК, Нінай Рыгораўнай Сазанавец, мастацкім кіраўніком гэтай установы, а таксама з жыхаркай пасёлка Нінай Пятроўнай Сазанавец, якая чатыры дзясяткі гадоў адпрацавала бухгалтарам на торфапрадпрыемстве. У актавай зале сабраліся на справаздачна-выбарчы сход ветэраны-актывісты мясцовай ветэранскай “пярвічкі”, якую ўзначальвае Вячаслаў Міхайлавіч Маркаў. На павестцы дня – справаздача старшыні, а таксама выбары актыву пярвічнай арганізацыі. У час сходу ветэраны зноў выбралі сваім лідарам Вячаслава Міхайлавіча. Гэта яскравае пацвярджэнне, што на працягу многіх гадоў ён не страціў давер сваіх аднавяскоўцаў. Таксама выбралі і памочнікаў — сакратара і рэвізора.
Жыхары пасёлка задавалі розныя пытанні, уносілі свае прапановы наконт вырашэння надзённых праблем, а калі загучаў акардэон і на сцэне з’явіліся артысткі, у невялікай зале адразу пасвятлела ад усмешак. Іх песні і сапраўды “скарб вялікі”, па словах вядучай канцэртнай праграмы Галіны Пятроўны Коўрык, бо родныя, знаёмыя з дзяцінства. Яна, дарэчы, у складзе “Крыніцы” з першых дзён стварэння і можна сказаць мастацкі кіраўнік гэтага творчага ветэранскага калектыву, бо дапамагае падбіраць песні, складаць праграмы і г.д. Зою Іванаўну Самец у “Крыніцы” жартуючы называюць прадзюсерам. Сакратару раённай ветэранскай арганізацыі не замінаць арганізатарскіх здольнасцей. Спявалі артысткі на ганчанскай сцэне пра хлеб ды соль, жыта ў полі і васількі, бярозку і крыніцу ў лузе, пра любоў да роднай зямлі і каханне – вечныя каштоўнасці нашага жыцця. Жыхары пасёлка хаця і прыезжыя з розных вёсак раёна і куточкаў нашай краіны, але добрыя і вельмі ўдзячныя людзі: шчыра, ад душы апладзіравалі і пелі разам з артысткамі знаёмыя песні.
І пасля канцэрта нікому не хацелася развітвацца. Вера Кушнер, кіраўнік ансамбля, акампаніятар і ўдзельніца вакальнага калектыву, хаця і стамілася, але не магла адмовіць сваім землякам. Працяг канцэрта – танцы ў файе пад вясёлую мелодыю. На развітанне артысткі паабяцалі, што абавязкова прыедуць у Ганчанскае ў бліжэйшы час. Каб прывезці свята сустрэчы з песняй, бо менавіта з ёй “жывуць вечна”.
Алена ГАНЧАРОВА.
Фота аўтара.