Более ста лет назад в деревне Лесная Славгородского района освятили храм-памятник святых апостолов Петра и Павла
Радзіма наша – Беларусь, і колькі не шукай, не знойдзеш ты на ўсёй зямлі мілей, чым гэты край. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова проста пападарожнічаць па родным краі.
Сёння я запрашаю вас адправіцца ў вёску Лясная, што ў Слаўгарадскім раёне.
У летапісе Беларусі гэта гістарычнае месца звязана з імем імператара Пятра І і бітвай са шведамі, якая стала пралогам знакамітай палтаўскай бітвы.
Бітва адбылася 28 верасня 1708 года недалёка ад беларускай вёскі Лясная. Рускае войска было пад камандаваннем цара Пятра I і фельдмаршала Аляксандра Меншыкава. Шведскай арміяй камандаваў генерал Адам Людвіг Левенгаўпт. Перад пачаткам бітвы армія генерала Левенгаўпта налічвала 5 500 ваяроў інфантэрыі, тое што потым сталі называць пяхотай, і 3 000 кавалерыі. Моц рускага войска складала 4 830 ваяроў інфантэрыі (10 батальёнаў) і 6 795 ваяроў кавалерыі.
Генерал Адам Людвіг Левенгаўпт камандаваў адной з самых выдатных шведскіх вайсковых частак, якая ў той час кватэравала пад Рыгай. Улетку 1708 года войска Левенгаўпта рушыла з Рыгі, каб злучыцца з галоўнай арміяй Кар- ла XII.
Армія Карла XII таксама чакала ад Левенгаўпта зброю, харчаванне і вайсковую амуніцыю, плануючы пасля дапамогі працягнуць паход на Маскву. Але падрыхтоўка Левенгаўпта зацягнулася і Карл XII вырашыў адправіцца тым часам з паходам на Украіну. 15 верасня 1708 года рушыла ў паход галоўная армія шведаў. Армія Левенгаўпта знаходзілася пры гэтым усяго каля сотні кіламетраў ад Карлавага войска.
Расійскія военачальнікі вырашылі скарыстацца гэтым становішчам, і Пётр I аддаў загад ісці ў наступленне на армію Левенгаўпта, і не дазволіць шведскай арміі злучыцца з галоўнай часткай войскаў Карла XII. Неабходна было спяшацца, каб не дапусціць пераправы корпуса генерала Левенгаўпта на другі бераг ракі Сож. Такі паварот дзеянняў не заспеў Левенгаўпта знянацку; генерал спыніў сваё войска і загадаў рыхтавацца да бітвы. Нечакана ў дзень бітвы ў другой палове дня пачаўся моцны снегапад, што было вельмі неспрыяльна для непадрыхтаванага да такіх умоў шведскага войска. Шведы былі дэзарыентаваны, Левенгаўпт аддаў загад адступаць, паліць і знішчаць зброю, харчаванне і ваенную амуніцыю, што прызначаліся для арміі Карла.
Левенгаўпт аддаў загад свайму корпусу імкліва і непрыкметна ноччу ўцякаць праз лес да Прапойску (назва горада Слаўгарад да 1945 года). Калі на досвітку наступнага дня высветлілася, што войска Левенгаўпта знікла з месца распалажэння, Пётр I кінуў наўздагон атрад драгунаў, якіх узначальваў генерал-лейтэнант Пфлуг. Драгунамі Пфлуга было знішчана каля пяцісот шведаў і захоплена частка зброі і амуніцыі, якую Левенгаўпт не паспеў утапіць у рацэ Сож. Да галоўнага стану Карла дабралася ўсяго 6 503 салдаты корпуса Левенгаўпта, армія шведскага караля засталася без правіянту і без страчанай у бітве пры Лясной зброі. Не атрымаў шведскі кароль зброю і багатыя запасы правіянту ад гетмана Мазепы, бо даведаўшыся пра нечаканую здраду Мазепы і яго войска, Пётр загадаў спаліць стан гетмана ў Батурыне.
У бітве пры Лясной загінула больш за 6 500 шведаў, каля 3 000 былі паранены. Страты рускай арміі склалі 1111 чалавек забітымі і 2 856 – параненымі. Знішчэнне корпуса Адама Левенгаўпта значна паслабіла пазіцыі Карла ХII і ўзняло дух рускай арміі, бо гэта была перамога над самым моцным корпусам шведаў, які доўгі час (9 гадоў) лічыўся непераможным.
Бітва пры Лясной мела вялікае палітычнае значэнне, бо стала канцом перавагі Швецыі на поўдні Еўропы. Праз некалькі гадоў Пётр напісаў: «Сия у нас победа может первая назваться, понеже над регулярным войском никогда такой не бывало, к тому же ещё гораздо меньшим числом будучи пред неприятелем, и поистине оная виною всех благополучных последований России, понеже тут первая проба солдатская была, и людей конечно ободрила, и мать Полтавской баталии как ободрением людей, так и временем, ибо по девятимесячном времени оное младенца щастие принесла, егда совершенного ради кто желает исчислять от 28 сентября 1708 до 27 июня 1709 года».
ПОМНІК У ГОНАР 200-ГОДДЗЯ ПЕРАМОГІ
На пярэдадні 200-годдзя перамогі над арміяй шведаў у вёсцы Лясная ў 1908 годзе быў устаноўлены помнік: на вялізны валун прызямліўся арол, які моцна прыціскае магутнымі лапамі шведскі сцяг з абламаным дрэўкам, позірк яго звернуты на ўсход, у бок Расіі. Калі ўважліва ўглядаешся ў помнік, то здаецца, што праз хвіліну другую птах узмахне крыламі і ўзнімецца высока ў нябесную сінь. Але ўжо больш за стагоддзе сваім зоркім вокам ён так жа пільна аглядае наваколле і моўчкі нагадвае на-шчадкам аб спакоі і міру на шматпакутнай зямлі. Дарэчы, нават у немцаў у час Вялікай Айчыннай вайны не паднялася рука знесці ці неяк яшчэ апаганіць помнік воінскай доблесці і славы.
ХРАМ-ПОМНІК
У храме-помніку нас сустрэў і напаіў гарачым чаем з мёдам протаіерэй Георгій . Ад яго мы даведаліся, што перамогу каля вёскі Лясной удзельнікі бою разам з Пятром I святкавалі тры дні. Загінуўшых у баі салдат і афіцэраў пахавалі ў брацкай магіле на вясковых могілках. На месцы бою пабудавалі невялікую драўляную царкву. У сярэдзіне XVIII стагоддзя «царскі храм» быў незаконна захоплены уніятамі. Жадаючы знішчыць памяць аб бітве, памешчык Валкавіцкі разабраў царкву і перанёс яе ў сяло Галавенчыцы недалека ад Чавус. У абарону храма выступіў архіепіскап Магілеўскі і Беларускі свяціцель Георгій Каніскі. Хоць і не адразу, храм вярнулі праваслаўным. Аднак ён яшчэ доўга заставаўся ў Галавенчыцах, і толькі ў 1905 годзе вярнуўся на сваё першапачатковае месца. А да таго часу на полі бітвы не існавала ніякага помніка. Гэта акалічнасць турбавала мясцовых гісторыкаў і краязнаўцаў.
У канцы XIX стагоддзя беларускі вучоны і педагог Е. Р. Раманаў (1855-1922) выступіў з ініцыятывай стварэння мемарыяла ў в. Лясной. Ідэя знайшла падтрымку імператара Аляксандра III. Ураду Расіі было даручана ўзвесці мемарыяльны комплекс. Яго галоўным элементам павінен быў стаць храм -помнік. У конкурсе перамог праект прафесара архітэктуры з Санкт-Пецярбурга А. І. Гагена (1856-1914). Па задуме аўтара, храм-помнік спалучае рысы крэпасці і царквы, а сваім вонкавым абліччам нагадвае Спасаўскую вежу Маскоўскага Крамля.
Урачыстая закладка храма-помніка адбылася ў дзень 200-гадовага юбілею бітвы 28 верасня (па новым стылі 11 кастрычніка) 1908 года. Тады ж на могілках устаноўлены гранітны абеліск на адной з брацкіх магіл рускіх воінаў. Месца, дзе да зыходу бітвы размясцілася стаўка рускіх войскаў, было адзначана памятным знакам. Арол, як сімвал Расіі, топча шведскі сцяг са зламаным дрэўкам (скульптар А. Л. Обер). Сродкі на будаўніцтва гэтага помніка збіраліся ў воінскіх падраздзяленнях расійскай арміі, якія назвалі сябе «ўдзячнымі нашчадкамі птушанят Пятровых».
Увагу і дапамогу ў стварэнні мемарыяльнай царквы ў в. Лясной аказаў апошні расійскі імператар святы Мікалай II. Царская сям’я пералічыла асабістыя грошы для будаўніцтва і ўпрыгожвання храма.
Усе работы вяла Бабруйская ваенна-інжынерная дыстанцыя Віленскай ваеннай акругі, якой камандавалі палкоўнікі Лідэрс (да 1911 г.) і Клімашэўскі. Кантроль над ходам будаўніцтва ажыццяўляў мясцовы інжынер Бакіцька.
Восенню 1912 года пабудова была скончана. Чын асвячэння, роўна як і закладку царквы, ажыццявіў вядомы царкоўны і грамадскі дзеяч Расійскай Імперыі, член Дзяржаўнай Думы, епіскап Гомельскі Мітрафан Краснапольскі (забіты ў 1919 го-дзе, праслаўлены як святы пакутнік).
У 1912 годзе ў будынку збудаваны арыгінальны іканастас (захаваўся), сцены пакрытыя роспісамі (не захаваліся), звонку на фасадзе устаноўлены 2 мазаічныя абразы (Казанскі і апостала Пятра), выкананыя ў Санкт-Пецярбургу ў майстэрні В. Фралова (захаваліся).
У тым жа годзе жыхар хутара Узгорск Далгамохскай воласці Афанасій Маісеенка ахвяраваў новаму храму сярэбраны з пазалотай царкоўны посуд. Матэрыяльную і фінансавую дапамогу мемарыялу аказаў памешчык Пётр Трускоўскі, уладальнік маентка «Іванішчавічы».
У 1930-я гады мінулага веку храм быў зачынены для набажэнстваў і апаганены. Другі раз ён пацярпеў у 1943 годзе. Ажыццяўляючы блакаду партызанскай зоны злучэння «Трынаццаць», фашысты выкарыстоўвалі храм як назіральную кропку снайпераў. Пасля вайны ў крыж храма ўдарыла маланка і ўвесь купал згарэў. У сярэдзіне 1950-х гадоў пачаўся рамонт будынка. З 1958 года ён выкарыстоўваўся як музей. І толькі ў 1991 годзе вернікі атрымалі магчымасць адкрыць храм-помнік для набажэнстваў.
У храме-помніку цяпер рэгулярна праходзяць набажэнствы, тут людзі вянчаюцца і хрысцяць дзетак. Богаслужэнні наведваюць не толькі мясцовыя жыхары, але і шматлікія паломнікі, якія прыязджаюць з іншых рэгіенаў Беларусі і з-за мяжы. Таксама да парафіі належыць капліца пакутнікаў Макавеяў пры помніку прыроды «Блакітная крыніца». У час закладкі храма-помніка ў 1908 годзе, свяшчэннамучанік Мітрафан Краснапольскі прароча сказаў, што «стане гэты храм жывы сувяззю мінулага з будучыняй, пакаленняў былых і зноў будучых». Мы спадзяёмся і верым, што так яно і будзе, па міласці Божай, ва ўсе часы.
Вы яшчэ не былі ў гэтым куточку нашай Бацькаўшчыны? Тады плануйце паломніцтва. Не пашкадуеце.
Падрыхтавала Аліна Суднік.