Трактарыст Доўгаўскага лясніцтва Віктар Сямёнавіч Клепча рады працаваць на карысць вёскі

На трактары Віктар Сямёнавіч працуе ўжо 30 гадоў. Любоў да тэхнікі яму прывіў бацька, справу якога ён і працягвае. Адслужыўшы ў  войску, ён уладкаваўся па спецыяльнасці ў мясцовы саўгас, дзе і рабіў працяглы час. У лясніцтве  працуе 9 гадоў. Да яго як да дасведчанага адмыслоўцы, умельца ўсе ставяцца з вялікай павагай. Заслужыць давер у начальства і аўтарытэт у калег атрымалася дзякуючы адказнаму стаўленню да справы, дысцыплінаванасці, дзелавітасці.
Віктар Сямёнавіч чалавек грунтоўны: да якасці яго працы не прычэпішся. Ён наогул больш за ўсё цэніць у людзях стараннасць і добрасумленнасць у справе, не любіць «халяўшчыкаў». У прафесійныя абавязкі Віктара Сямёнавіча ўваходзяць тралёўка лесу, падрыхтоўка глебы пад пасадку раслін. Акрамя таго, ён заняты ў дзяжурствах па ахове лесу ад пажараў. Дарэчы, яму ўжо не раз давялося ўдзельнічаць у тушэнні агню.
Вольны час прысвячае сям’і, дому. У іх з жонкай Наталляй Аркадзьеўнай, якая працуе начальнікам аддзялення паштовай  сувязі, – вялікая гаспадарка. Упраўляцца на асабістым падворку і прысядзібным участку ім дапамагае дачка Валянціна – васьмікласніца. Не адмаўляе бацькам ў дапамозе і сын Сяргей, калі прыязджае з Магілёва на вакацыі. Ён вучыцца ў каледжы на электраманцёра.
У апошні час герой публікацыі сур’езна заклапаціўся сваім здароўем. Для таго, каб быць у добрай форме, ён займаецца фізкультурай. У юнацтве Віктар Сямёнавіч ганяў у футбол, таму да спорту неабыякавы. Зараз, калі ёсць магчымасць, глядзіць любімую гульню па тэлевізары. Але ён як і ўсе свядомыя выскоўцы, не прывык адпачываць: калі ляжаць на баку, дык прыйдзецца, зразумела, неўзабаве дужа горка. Трэба шмат сіл аддаць, каб гаспадарка не прыйшла ў заняпад і на працы ўсе ладзілася.

Ганна Бязручанка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий