Жнівень сёлета выдаўся сонечны, спякотны. Пакуль вяскоўцы завіхаліся на хлебных нівах, ды на ўласных агародах, цягалі ваду і ратавалі агуркі ды памідоры гарадскія выхадцы з вёсак спяшаліся да родных парогаў, ехалі на доўгачаканую сустрэчу з землякамі, якую другі год арганізоўвае і праводзіць Максімавіцкі сельскі Дом культуры. Нездарма кажуць: добрая слава далёка чуваць.
Вось і пра мінулагоднюю сустрэчу землякоў многія дачуліся ад родзічаў і знаёмых, таму сёлета не прамінулі магчымасці прыняць у ёй удзел. Прыехалі цэлымі сем’ямі, прывезлі на радзіму продкаў дзяцей і ўнукаў. Многія па розных прычынах не былі ў родных мясцінах па шмат гадоў і з задавальненнем знаёміліся з інфраструктурай вёскі, з інтарэсам цікавіліся справамі.
Максімавічы сустрэлі гарадскіх радушна. Ад водару спелых траў, пярэстасці рамонкаў і валошак, ад шуму працуючай сушылкі на зернетаку, ад свежага, настоенага на водары спелага жыта і зёлак, паветра кружылася галава, сэрца шалёна калацілася ад радасці і шчасця, прыемных сустрэч і канешне ж, успамінаў, якія накатваліся шырокай марской хваляй і паглыналі, бярэдзілі душу. Машыны ўсё пад’язджалі, з іх выходзілі па-святочнаму апранутыя людзі, яны віталіся і абдымаліся, незнарок змахваючы з вачэй няпрошаную слязу. Потым усе, як па камандзе, накіраваліся да вясковага мемарыяла Славы. Адшукаўшы мілыя сэрцу прозвішчы родных, суседзяў, моўчкі стаялі некалькі хвілін і гладзілі далонню выбітыя на камені літары, ускладалі на пастамент прывезеныя здалёк кветкі.
Глядзельная зала Дома культуры была забіта да адказу. Вядучыя Любоў Макарэвіч і Леакадзія Елупахіна (у дзявоцтве Пінчук) зрабілі ўсё для таго, каб кожны госць адчуваў сябе як дома. Яны цёпла і сардэчна расказвалі аб земляках, дзяліліся нейкімі прыемнымі ўспамінамі, бярэдзілі душы прысутных пранікнёнымі паэтычнымі радкамі. Леакадзія Міхайлаўна шмат працуе над канцэпцыяй сустрэчы, з’яўляецца арганізуючым звяном паміж намі і выхадцамі з нашага рэгіёна. Кіраўніцтва гаспадаркі начале са старшынёй праўлення калгаса “Радзіма” Васілём Васільевічам Белым і яго намеснікам Валянцінай Яўгенаўнай Валжанковай таксама не стаяць у баку, заўсёды дапамагаюць і з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі і арганізатарамі мерапрыемства.
Адной з важных складаючых сустрэчы землякоў з’яўляецца канцэрт. Спецыяльную праграму падрыхтаваў і прывёз з Германіі Іван Мікалаевіч Патупчык. Упрыгожылі і ажывілі выступленне артыста Анастасія Макарэвіч і Анастасія Крыўцова, музыкальнае суправаджэнне ажыццявіў Сяргей Рыбікаў. Ужо становіцца добрай традыцыяй спяваць задушэўныя песні пад гармонік разам з Людмілай Кушнер. Як аказалася, дарэмна хваляваўся перад выступленнем і Мікалай Кушнер з Ліпніцы. Выкананыя ім пад гітару песні ўласнага сачынення кранулі гледачоў і тыя шчодра адарылі яго, як і ўсіх артыстаў, шчырымі апладысментамі.
Нашы госці з інтарэсам наведалі сярэднюю школу, музейную залу Дома культуры. Асабліва тыя, хто даўно развітаўся з вёскай, бралі ў рукі прадметы селькага побыту і ўспаміналі свае хаты, а з імі і вобразы блізкіх людзей. Некаторыя госці папоўнілі калекцыю музейных экспанатаў. Так, Зінаіда Сяргееўна Булойчык з Куціна перадала ў дар стары гадзіннік, а яе брат Леанід – фотаздымак. Пятро Георгіевіч Рабаў падарыў старадаўні самавар. Да месца будзе заўважыць, што яго бацька, калі працаваў настаўнікам у школе, прыклаў нямала сілы і старання, каб увекавечыць памяць землякоў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Нашы госці былі прыемна ўражаны тым, як мы па крупінках збіраем і за-хоўваем шматгранную культурную спадчыну нашых продкаў. Бібліятэкар Кацярына Віктараўна Сакава запісала шэраг легендаў, казак, песень і абрадаў улас-цівых нашай мясцовасці. Некаторыя з іх з’яўляюцца часткай рэпертуару аматарскага аб’яднання “Спадчына”, якое з задавальненнем наведваюць жыхары аграгарадка.
Працавітымі, добразычлівымі і на-дзейнымі, ветлівымі і таварыскімі, сумленнымі і тактоўнымі працаўнікамі, сябрамі і суседзямі былі і застаюцца людзі, якіх узгадавала шчодрая максімавіцкая зямля. Іх жыццёвыя пазіцыі заслугоўваюць павагі, служаць прыкладам сённяшнім і будучым пакаленням.
Сяргей ШЧЭПКА,
дырэктар Максімавіцкага СДК.
Вот это да! Молодцы! Провести такой праздник в деревне! Вот бы так работали все клубы Кличевщины. Ведь работать с народом и для народа–это главное в работе культработников. Удивило и то что в клубе есть музей. Спасибо организаторам!