СІМФОНІЯ ЖНІВА
гучыць над збожжавымі палеткамі, яна ўвабрала ў сябе дзясяткі гукаў: шэпт спелых каласоў, непаўторныя спевы птушак, рокат рухавікоў камбайнаў і шматтонных “МАЗаў”, што снуюць па полі, уздымаючы клубы пылу, клёкат буслоў і іх фіерычныя палёты над хлебнай нівай і нават імклівы бег зайца, які выскачыў з жыта і ўцёк прэч.
Сімфонія жніва — яна заўсёды асаблівая, непаўторная. У кожнага хлебароба, які выводзіць магутную тэхніку на збожжавыя нівы, свая партытура, выконвае ён яе самааддана і віртуозна, прапускаючы праз душу і сэрца. Менавіта такія думкі апанавалі, калі стаяла на ўскрайку поля і назірала, як павольна плыў насустрач чырвоны палявы карабель. І яшчэ падумалася, што гэту сімфонію выконваюць і непасрэдныя ўдзельнікі ўборачнай, і тыя, хто закладваў падмурак будучага ўраджаю – вывозіў на палеткі ўгнаенні, гадаваў жывёлу, хто араў і сеяў. Гэта вельмі складаны і працаёмкі працэс – вырошчваць хлеб, дзе задзейнічана цэлая армія працаўнікоў самага рознага профілю. І заслуга кожнага ёсць у тым, наколькі важкі атрымаецца каравай.
Жніво – гэта вельмі кароткі перыяд, які доўжыцца ўсяго 2-3 тыдні. Аднак, і за гэты сціслы тэрмін адбываецца столькі па-дзей, што іх хапае на цэлую працоўную біяграфію кожнага, хто выводзіць тэхніку на палеткі са збажыною. Сапраўдную цану хлеба ведае толькі той, хто яго вырасціў. Кожны раз галоўнымі героямі на залатых палетках хлебнай нівы становяцца вясковыя рупліўцы – шчырыя, працавітыя, адказныя. Хаця ніякімі героямі яны сябе не лічаць. “Мы проста працуем, сумленна выконваем сваю справу”, – такія адказы чую кожны раз, калі гутару з механізатарамі на жніве. Такой думкі прытрымліваецца і маладзёжны экіпаж УКСП “Саўгас “Ольса” Не першы сезон працуе на камбайне Уладзімір Ігаравіч Скараходаў, а за памочніка ў яго Ігар Сяргеевіч Таранцоў (фота 1). З раніцы і да вечара гектар за гектарам жнуць хлопцы збажыну.
Уладзімір Скараходаў пасля атрымання дыплома аб вышэйшай адукацыі ўжо год працуе ў саўгасе загадчыкам майстэрні. А гэта значыць, што спраўнасць тэхнікі і прычапных агрэгатаў, падрыхтоўка яе да жніва – яго клопат. Маладзёжны экіпаж вельмі спадзяецца і сёлета намалаціць звыш тысячы тон зерня. А пакуль на іх рахунку 540,4 тоны. Дарэчы, на палетках УКСП “Саўгас “Ольса” зерневыя і зернебабовыя культуры паспелі на 938 гектарах. Убраны яны з 628 гектараў, што складае 67 працэнтаў да плана. Намалочана 2 329 тон, або па 37,1 центнера з гектара.
На другім краі поля працаваў адзін з самых вопытных камбайнераў раёна – Вячаслаў Аркадзьевіч Цэлікаў (фота 2). Сёлета за памочніка ў яго
Рустам Махмадавудавіч Гулаў. Экіпаж намалаціў 434 тоны зерня новага ўраджаю.
Аліна СУДНІК.
Фота аўтара.